Прозвішча як знак якасці…

Главное Люди и судьбы

16 чэрвеня, споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Пятра Леўкавіча СКРЫПКІ.

…Некалі гэта прозвішча гаварыла само за сябе, і не патрэбна было нікому “расшыфроўваць”, хто гэты чалавек і дзе ён працуе. Шмат гадоў Пётр Леўкавіч быў звязаны з Івянецкім заводам мастацкай керамікі, куды прыехаў працаваць пасля заканчэння Львоўскага інстытута дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва. Івянец стаў яго другой радзімай. Тут ён пражыў большую частку свайго жыцця, рэалізаваўся як высакакласны спецыяліст і тут, на беларускай зямлі, знайшоў вечны спачын. Праўда, і сёння ў старажытным гарпасёлку, я б сказала – сталіцы беларускага ганчарства, гэта прозвішча на слыху. Справу бацькі працягвае малодшы сын Уладзімір. Увогуле, уся сям’я Скрыпкі-малодшага – людзі творчыя, цесна звязаныя з ганчарнай справай і керамікай, і жонка Вераніка, і дочкі Даша і Насця.

Але пачнём па парадку. Нарадзіўся Пётр Леўкавіч Скрыпка ў Кіеве ў простай рабочай сям’і, ніякім чынам не звязанай з мастацтвам. А, між тым, у хлопчыка рана прачнулася прага да мастацтва. Сёння, на жаль, у Пятра Леўкавіча ўжо не спытаеш, чаму ён з такім музычным прозвішчам не паспрабаваў стаць скрыпачом ці хаця б музыкам… А магчыма, мной кіруюць ярка выражаныя стэрэатыпы. Дакладна вядома іншае: малы Пятро збіраў капейку да капейкі, якія бацькі давалі на булачку ў школьнай сталовай, і на іх набыў свае першыя пэндзлікі і фарбы. А потым з поўным рыштункам запісаўся ў мастацкі гурток. Пасля школы была армія – тры гады службы ў марской авіяцыі ў Керчы. Там, дарэчы, яго мастацкія здольнасці былі запатрабаваныя і значна аблегчылі тэрміновую службу: даводзілася пісаць лозунгі і плакаты, афармляць кабінеты. А ў вольны час на гадзінніках сваім саслужыўцам маляваў караблікі і зарабляў з кожнага па 50 капеек. Знайшоў час, каб на кавалку прасціны намаляваць у падарунак матулі сапраўдную карціну. Чарговым крокам у прафесію стаў інстытут, дзе атрымаў спецыяльнасць, звязаную з ткацтвам.

У Івянец малады спецыяліст трапіў таму, што адным з напрамкаў мясцовай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі было ткацтва. Па-мастацку аздобленыя вышыўкай посцілкі, ручнікі, абрусы карысталіся бадай не меншай папулярнасцю ў пакупнікоў, чым знакамітая івянецкая кераміка. Ішоў 1968 год. Менавіта ён стаў кропкай адліку ў працоўнай біяграфіі П. Л. Скрыпкі на заводзе керамікі. Міналі гады, пераўтварэнні закраналі вытворчасць. Калі былі ліквідаваны ткацтва і вышыўка, а фабрыка рэарганізавана ў завод мастацкай керамікі, Пётр Леўкавіч стаў займацца ганчарнай справай. Праз дзесяць гадоў ён быў прызначаны галоўным мастаком, пры ім была створана творчая група. Аўтарам многіх вырабаў, што ў розныя гады былі візітнай карткай прадпрыемства, быў сам Скрыпка. Амаль уся прадукцыя спачатку нараджалася ў яго галаве. Вазы, тавары побытавага прызначэння, чайныя і кафейныя сервізы, якія выйшлі з-пад яго рук, потым станавіліся на паток і разыходзіліся далёка за межы Івянца і нават Беларусі. А які на заводзе быў музей! Пра яго цяперашні лёс наўрад ці хто ведае. Як гэта не дзіўна сёння гучыць, але Пётр Леўкавіч ніколі не быў за мяжой. А вось яго вырабы можна ўбачыць у розных краінах свету – Японіі, Германіі, Францыі, ЗША, Іспаніі і іншых, куды яны раз’ехаліся ў выглядзе сувеніраў. Цяпер упрыгожваюць інтэр’еры самых розных дамоў і праз дзесяцігоддзі захоўваюць цяпло рук мастака.

Па працы была і пашана. У 1974 годзе П. Л. Скрыпка быў узнагароджаны Дыпломам III ступені Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі БССР. У 1976 годзе яму ўручаны ордэн “Знак Пашаны”, а яшчэ праз год – бронзавы медаль за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР. Гэта, так сказаць, самыя важкія ўзнагароды, а грамат рознага кшталту ўвогуле не пералічыць. Заводу мастак аддаў 33 гады жыцця. За гэты час змяніліся сем кіраўнікоў, а галоўны мастак заставаўся нязменным. Потым прыйшлі іншыя часы, прыйшлі інвестары, змяніліся не толькі патрабаванні да прадукцыі, змянілася форма ўласнасці і з’явіліся канкурэнты. На заслужаны адпачынак Пятра Леўкавіча праводзілі з пашанай, прыгожа: гаварылі шмат падзячных слоў, уручылі кветкі, так што крыўдаваць яму не было на што. А роўна праз год увогуле развіталіся з усімі пенсіянерамі, нягледзячы на іх заслугі. Заставалася толькі радавацца, што зрабіў развітальны крок сам і своечасова…

З 2001 па 2006 год П. Л. Скрыпка працаваў выкладчыкам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў, потым яшчэ некалькі гадоў вёў гурток у сярэдняй школе. Да апошніх дзён ён не парываў сувязі з мастацтвам, вучыў маляваць мясцовых дзетак, маляваў сам. У хатніх умовах ён узяў у рукі пэндзаль і пачаў “нараджаць” мясцовыя пейзажы, партрэты, маляваў іконы. Тады толькі пачаў аднаўляцца Белы касцёл, для якога мастак напісаў пяць абразоў, сярод якіх і вобраз Архангела Міхаіла. Работы Скрыпкі ёсць і ў Пяршайскім, Каменскім касцёлах. Ніколі не было праблем, што падарыць знаёмым і сябрам на юбілей ці да якой іншай падзеі. Заўсёды ў такіх выпадках ствараўся чарговы твор. І памяць пра мастака засталася навечна ў многіх дамах івянчан.

Успамінаючы гэтага інтэлігентнага нешматслоўнага чалавека, нельга не сказаць пра яго сям’ю. У Івянец малады спецыяліст прыехаў не адзін, а з маладой жонкай. Яны былі знаёмыя даўно. Галіна Лаўрэнцьеўна была родам з Чарнігаўшчыны, а будучы муж усё дзяцінства праводзіў у той вёсцы, бо там жылі яго бабуля з дзядулем. Маладая прыехала і толькі агледзелася, бо яшчэ год давучвалася ў інстытуце. Па дыпломе яна была настаўніцай украінскай мовы і літаратуры, а ў Івянцы ўсё жыццё працавала ў бібліятэцы. Гэта сям’я заўсёды была навідавоку: прыгожыя, статныя, абодва займалі не апошнія пасады. А якой актывісткай была Галіна Лаўрэнцьеўна, ніводнае мерапрыемства не абыходзілася без яе! Актыўнасць у гэтай жанчыны біла цераз край, яна любіла знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, але і шмат дзеля гэтага рабіла. Мы, раённыя журналісты, не ўяўлялі, як можна з’ездзіць у камандзіроўку ў Івянец і не зайсціся ў бібліятэку, роўна, як і на кераміку. Многія суседзі памятаюць, як Скрыпкі спявалі ўкраінскія народныя песні, седзячы ўдваіх на лавачцы пасля напружанага працоўнага дня і работы на падворку!

У сям’і нарадзіліся два сыны: старэйшы Саша – у 1970 годзе, а Вова – у 1976-м. Аляксандр з сям’ёй ужо шмат гадоў жыве ў ЗША, куды пераехаў па Грын-карце, а Валодзя – у Івянцы. І хаця старэйшы сын атрымаў адукацыю, далёкую ад мастацтва: ён працаваў у Беларусі зубным тэхнікам, але мастацкім талентам не быў абдзелены. Некалькі гадоў дасылаў у нашу раёнку з Пружанаў, дзе працаваў, свае трапныя карыкатуры. А ў малодшага бацькавы гены прачнуліся рана. У школьныя гады Уладзімір вучыўся ў Мінску ў школе-інтэрнаце для адораных дзяцей, потым завочна скончыў інстытут культуры. Па дыпломе Уладзімір скульптар, толькі аддзяліць жыццё ад керамікі не атрымалася. Магчыма, ён яшчэ праявіць сябе як скульптар, аднак з керамікай даўно і трывала на “ты”. Пачынаў у творчай групе на заводзе пад кіраўніцтвам бацькі. Апошнія гады вядзе студыю ў мясцовым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Выхаванцы У. Скрыпкі, сярод якіх і яго малодшая дачка Насця, абавязкова займаюць прызавыя месцы на любых творчых конкурсах у вобласці і нават рэспубліцы. Старэйшая дачка Даша зараз вучыцца ў Віцебскім мастацкім каледжы.

…У 1997 годзе не стала вернай спадарожніцы Галіны Лаўрэнцьеўны. Жыццё мастака афарбавалася чорнымі фарбамі. Не хацелася ісці дадому, дзе ніхто не чакаў. Але яму пашчасціла сустрэць на сваім шляху цудоўную жанчыну і адданага чалавека – Ганну Бандарэвіч, якая ў 1999 годзе прыйшла працаваць на завод керамікі. Разам, у міры і згодзе, два немаладыя ўжо чалавекі пражылі 11 гадоў. Як гаворыць Ганна Мікалаеўна, гэта былі лепшыя гады яе жыцця. І калі пасля цяжкай хваробы 3 студзеня 2011 года Пятра Леўкавіча не стала, у жанчыны засталіся блізкія людзі. Сям’я сына, яго дочкі. Яны лічаць бабулю Аню сваім родным чалавекам, ніколі не мінаюць яе дом у цэнтры Івянца. Пётр Леўкавіч да гэтага дня жыве не толькі ў яе душы, але і ў доме. Па ўсіх пакоях развешаны яго карціны, стаяць керамічныя вырабы. І ёй вельмі прыемна, калі людзі ўспамінаюць П. Л. Скрыпку добрым словам…

Наталля ШТЭЙНЕР