ПАД ВОСТРЫМ КАБЛУКОМ ЖЫЦЦЯ

Культура

Лёс шмат што дае ў карыстанне, але нічога ва ўласнасць – гэту горкую мудрасць на сваім жыцці зведаў Васіль Іванавіч Загорскі. Герой маёй замалёўкі не быў балаўніком фартуны. Мабыць, у тую студзеньскую ноч, калі нарадзіўся, калючая завіруха шчыльна схавала за снегавой заслонай яго шчаслівую зорку.

З дзяцінства Васіля вабілі цягнікі. “Экспрэс імчыцца ў далі сіняй, аж іскры сыплюцца з-пад шпал”. І кіроўцам магутнай машыны хлопец бачыў сябе. У школе вучыўся старанна, таму і паехаў з роднай вёскі Дайнава Вялікая паступаць у Мінскае вучылішча чыгуначнікаў. Спадзяваўся стаць машыністам, але на гэту спецыяльнасць не прайшоў: падвёў не вельмі рэзкі зрок. Таму вучылішча Васіль скончыў з дыпломам электрыка па эксплуатацыі цеплавозаў. У якасці маладога спецыяліста папрацаваў толькі тры месяцы, а затым быў прызваны ў армію.

Маляўнічая рэспубліка Марый Эл сустрэла хлопца красой прытокаў Волгі і срэбнай гладдзю шматлікіх пацерак-азёр. Служыў ён у горадзе Ёшкар-Ала ў ракетных войсках. Тут і здарыўся той няшчасны выпадак, пасля якога Васіль зразумеў: часам мы не ў сілах змяніць абставіны, нават калі б і вельмі хацелі. Нехта нябачны бурыць планы, як картачны домік, і жыццё мяняецца вельмі крута. Як тут не стаць фаталістам?

Пра той страшны выбух Васіль Іва-навіч расказваць не хоча. Таму мне застаецца толькі ўяўляць, што адчуваў дваццацігадовы юнак, якому паведамілі, што нагі ў яго больш няма…

Часам лепшыя лекі ад бяды – забыцца пра яе, але аб леках гэтых мы забываем. Да таго ж як можна забыць тое, што кожны дзень аб сабе напамінае? Пакорліва прыняць боль і зноўку навучыцца жыць можа толькі чалавек з моцным унутраным стрыжнем і велізарнай сілай волі.

Мабыць, Эма і адчула гэты моцны характар Ва-сіля, дужае мужчынскае плячо, таму не па-баялася цяжкасцей і выйшла за яго замуж. Аднак і тут тонкае шкло шчасця лёгка разбілася…

– Я часта думаю: чаму ў мяне такі няскладны лёс? І не знаходжу адказу. Бяда ішла за бядой, як рыба за вадой. Бацькі не стала рана, родны брат-марак загінуў маладым… Відаць, няма ў жыцці сэнсу?! На зямлі мы толькі госці, – дзеліцца перажытым Васіль Іванавіч.

Няшчасці могуць падштурхнуць як на пераадоленне, так і на поўнае разбурэнне. Што не дало яму зламацца?

– Дзеля дзяцей жыву. Гадую іх адзін ужо дзевяты год. Першым часам было складана спраўляцца з бытавымі праблемамі. Вельмі дапамагала падтрымка маці Алімпіяды Іванаўны. За гэтыя гады, як стаў удаўцом, асвоіў усе сакрэты кулінарыі, магу згатаваць любую страву: катлеты, курыцу, пельмені, супы. Дочкі Лена і Ліля любяць спячы і пабалаваць мяне тартамі і пячэннем. Летам ягады і грыбы збіраюць, здаюць, грошы стараюцца зарабіць. Да таго ж Лена завочна вучыцца на юрфаку, працуе на пошце, а Ліля толькі скончыла школу.

У маленькім гарадку знайсці годную працу ча-лавеку з фізічнымі асаблівасцямі не так про-ста. Васіль Іванавіч працаваў інструментальшчыкам у мясцовым ліцэі, аператарам газавай кацельні, вартаўніком. Нават скончыў камп’ютарныя курсы з надзеяй працаўладкавацца і атрымліваць больш годную зарплату. Аднак шчаслівага шанцу не выпала. Раптам руку дапамогі В. І. Загорскаму працягнуў Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут мужчыне прапанавалі скончыць курсы майстра па рамонту абутку. Два месяцы ён быў “чаляднікам” у мінскага абутніка. Асвоіў хітрую навуку даваць абутку другое, трэцяе і наступныя жыцці і ўжо два гады працуе ў сацыяльнай майстэрні па вуліцы Горкага райцэнтра па рамонту “дамскіх шпілек і мужчынскіх падэшваў”. За дзень паспявае абнавіць 10-15 пар чаравікаў. Калі я размаўляла з Васілём Іванавічам, абутак яму неслі і неслі. Мабыць, акуратная работа майстара ў кліентаў у пашане.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий