Сямейны рай у Малой Дайноўцы

Важное Общество

Прадстаўніца Валожыншчыны Валянціна Іосіфаўна ЯКУТОВІЧ вырасла ў сельскай мясцовасці. Затым на доўгія гады ўраджэнка Наркаўшчыны, што ля Багданава, стала гараджанкай – зарабіла кватэру ў райцэнтры. А пасля таго, як выйшла на заслужаны адпачынак, здзейсніла мару ўсяго жыцця – зноў перасялілася ў вёску.

Малая Дайноўка далёка не самы населены куток. Карэнных жыхароў нямнога, большасць – дачнікі. Месца вельмі спрыяе адпачынку ад гарадской мітусні – навокал лес, шумныя аўтадарогі – убаку. Менавіта з гэтай прычыны сям’я Валянціны Іосіфаўны і вырашыла набыць жыллё тут, на ўлонні прыроды. Купілі стары магазін, якога, дарэчы, з-за дзікіх кустоў і пустазелля і бачна не было – настолькі запушчаным выглядаў участак. Але ж працавітай жанчыне і яе родным неабходнасць распачаць вялікую работу не падалася перашкодай. Цяжка назваць нейкі від работы, да якой не былі б здольныя яе працавітыя рукі.

Так атрымалася, што адзінай дзяўчынцы з вялікай шматдзетнай сям’і вучыцца давялося няшмат. Пасля 7-га класа стала калгасніцай, затым працавала на будоўлі. Ці імкнулася да пэўнай прафесіі? А як жа! Спадзявалася атрымаць спецыяльнасць медыцынскай сястры і, апрануўшы бялюткі халат, аказваць дапамогу хворым, але з-за складанага матэрыяльнага становішча гэты план ажыццявіць не ўдалося. Праўда, у нейкім сэнсе жанчына змагла наблізіцца да спаўнення запаветнага жадання – 26 гадоў адпрацавала ў райбальніцы ў якасці сястры-гаспадыні. І яшчэ 15, ужо на пенсіі, шчыравала на хлебазаводзе.

Выгадавала двух сыноў. Рана аўдавела. Асноўнай каштоўнасцю лічыць сям’ю. Старэйшы сын Уладзімір жыве ў Санкт-Пецярбургу, а малодшы Віктар і нявестка Ірына – заўсёды побач. Дарэчы, менавіта Ірына (выпускніца спецыяльных курсаў па ландшафтным дызайне) – аўтар праекта па добраўпарадкаванні падворка ў Малой Дайноўцы. Абедзве жанчыны – і старэйшая, і малодшая – любяць і цэняць прыгажосць, упэўнены, што эстэтыка павінна прысутнічаць нават на звычайным агародзе. І сапраўды, іх грады – нібы шэдэўры. Яны не толькі дагледжаныя, але і неверагодна прывабныя.

Што ж казаць пра кветкі і дэкаратыўныя кусты. З ранняй вясны да позняй восені радуюць вока рададэндроны, фарцызія, бэз, піхта, ядловец, хоста, гладыёлусы, вяргіні, цюльпаны, анюціны вочкі, наготкі, аксаміткі. Вось зараз, напрыклад, асноўнае ўпрыгожанне – півоні. Іх на ўчастку Якутовічаў каля 25 відаў. Муж унучкі Настассі, якая жыве ў Японіі, – японец. Культура яго радзімы не магла не крануць ціхі куток, дзе шчыруюць беларускія сваякі. Пад кіраўніцтвам Ірыны тут паступова разрастаецца стылізаваны японскі сад, запоўнены хвойнымі раслінамі, дэкаратыўнымі яблынькамі, што так нагадваюць культавую расліну далёкаўсходняй краіны – сакуру.

Віктар з радасцю дапамагае рэалізоўваць любыя задумкі сваіх няўрымслівых жанчын і, разам з тым, адказвае за так званую шашлычную зону. Дружныя і працавітыя гаспадары вельмі любяць прымаць гасцей – шматлікіх сваякоў і сяброў. Выхаднымі днямі на прасторным учаску – людна. Ірына, як і свякроў, са шматдзетнай сям’і, таму кола родных – шырокае. Нядаўна на сямейным савеце вырашылі пасадзіць елку, якая ў зімовы час будзе сапраўдным увасабленнем каляднай казкі для дарослых і дзяцей.

Валянціна Іосіфаўна мае свае сакрэты па вырошчванні раслін і шчодра дзеліцца імі з кожным, хто, як і яна, любіць рукатворную прыгажосць. Яна не моцна давярае купленаму насенню, таму старанна і карпатліва збірае сваё. Вопытная гаспадыня раз-пораз звяртаецца да парад з розных часопісаў і спецыяльнай літаратуры – уласныя веды добра, але і чужыя браць на ўзбраенне не лішняе.

Гэту жанчыну можна назваць рознабаковай асобай. Акрамя досыць традыцыйных жаночых заняткаў – вязання, кулінарных клопатаў, яна захапляецца пытаннямі права і крыміналістыкі. Перадачы кшталту “Суд”, “Следства вядуць”, а таксама тэлесерыялы дэтэктыўнага кірунку для яе – асалода. Сын і нявестка – спецыялісты азначанай сферы – толькі дзівяцца, як спрытна іх любімая матуля за лічаныя хвіліны здагадваецца, хто зламыснік. Для душы ж у яе – раманы. “Ганна Карэніна” і “Джэн Эйр” – самыя любімыя.

Я пазнаёмілася з Валянцінай Іосіфаўнай у мінулым годзе падчас свята вёскі. Менавіта яе падворак стаў пляцоўкай для ўрачыстасці і сабраў у цёплую кампанію не менш за пяцьдзясят чалавек. Тады пачула яе голас. Разам з сяброўкамі яны выканалі песню “Деревенька моя”. У выніку мне захацелася задаць толькі адно пытанне: “Дарагая цёзка, ці ёсць штосьці такое, чаго б Вы не ўмелі рабіць?” Прыгожая жанчына, пра якую і не падумаеш, што яна ні хвіліны не сядзіць без занятку, пасля нязначнай паўзы адказала: “Не ўмею ленавацца, нават таму, чаго ніколі не рабіла, заўсёды гатова навучыцца”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара