Служыць – радзімай даражыць

Главное Общество

Падчас урачыстасці, прысвечанай прыняццю ваеннай прысягі, на пляцы воінскай часці 30695, што ў Валожыне, вернасць Радзіме пацвердзілі сто навабранцаў.

Новае пакаленне людзей у пагонах па традыцыі вітаў камандзір брыгады палкоўнік Андрэй Віктаравіч Калач. Пасля чаго была дадзена каманда для самой працэдуры прынясення прысягі. З пачуццём уласнай годнасці прагаворвалі навабранцы тэкст, які з гэтага дня стане галоўным арыенцірам у службе. “Служу Рэспубліцы Беларусь!” – такія словы можна было пачуць і ад чатырох дзяўчат, ураджэнак Валожыншчыны.

Сярод ганаровых гасцей былі начальнік галоўнага ўпраўлення – намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Павел Віктаравіч Ціханаў, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, ветэран часці, кавалер ордэна “За службу Радзіме 3-й ступені”, член раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік Уладзімір Уладзіміравіч Сёмін. Салдатам у гэты дзень жадалі поспеху ў службе, афіцэрам – цярпення ў рабоце з моладдзю. Не аднойчы падкрэслівалася: брыгада, у якой ім давялося служыць, ва ўсе часы з гонарам выконвала абавязак па забеспячэнні надзейнай абароны краіны. Таму новаму пакаленню вайскоўцаў неабходна апраўдаць высокі давер і старанна захоўваць традыцыі, што фарміраваліся на працягу дзесяцігоддзяў.

Слова ў адказ трымаў радавы Уладзімір Лінкевіч. Юнак ад імя таварышаў паабяцаў ставіцца да грамадзянскага абавязку адказна, не дастаўляць лішніх хваляванняў камандзірам і бацькам, цаніць дружбу і клопат пра іх з боку дзяржавы.

Як заўсёды, Божае благаславенне атрымалі прысутныя ад благачыннага Валожынскай акругі, настаяцеля царквы святых Канстанціна і Алены Дзмітрыя Агіевіча.

У сувязі з тым, што сённяшняя эпідэміялагічная сітуацыя не дазваляе праводзіць масавыя мерапрыемствы з вялікай колькасцю ўдзельнікаў, на ўрачыстасць не запрасілі родных герояў дня. Аднак іх матулі, таты, сваякі і сябры душой і сэрцам падзялілі радасць святочнага дня з юнакамі і дзяўчатамі. Родныя ганарацца сваімі абаронцамі, што папоўнілі дружныя рады армейцаў. Гэты гонар адчуваем і ўсе мы, хто марыць пра тое, каб на нашай зямлі заўсёды панавалі мір і згода.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ