Ад шчырага сэрца для жыхароў сацыяльных устаноў

Важное Общество

Чарговы этап дабрачыннай дапамогі ў барацьбе супраць каронавіруса правялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-а склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Алег СЕМЯНЧУК і старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Людміла МУСЯНКОВА.

Сустрэча дабрачынцаў і падапечных адбылася на гэтым тыдні ў сераду. Алег Аляксеевіч і Людміла Сяргееўна напачатку завіталі ў Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Як вядома, ва ўстанове і калектыў, і выхаванцы не па чутках «пазнаёміліся» з каварным вірусам і цяпер вядуць актыўнае супраціўленне COVID-19, таму дапамога рэспіратарамі, маскамі, бахіламі, мылам і іншым рыштункам прыходзіцца вельмі дарэчы.

Адрасны гуманітарны дабрачынны груз удаецца здабыць і накіраваць па месцы запатрабавання дзякуючы нераўнадушным людзям, у тым ліку і з-за мяжы. Мінская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа вядзе актыўнае супрацоўніцтва з іншаземнымі падраздзяленнямі гэтай структуры, многія рэчы паступілі ў фонды адтуль. Але стае і айчынных спонсараў, сярод якіх такія прамысловыя гіганты, як, напрыклад, кампанія Danone Беларусь.

У рамках плённага супрацоўніцтва з дэпутацкім корпусам урада краіны дабрачынную дапамогу на тэрыторыі Міншчыны атрымалі ўжо 17 дамоў-інтэрнатаў рознага тыпу, гэты пералік пастаянна пашыраецца.

Пасля Івянца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу накіраваўся ў Вайганы, дзе месціцца прыватная сацыяльная ўстанова «Сямейны прычал». Дзякаваць Богу, што ў гэтым маляўнічым кутку на ўлонні прыроды пра каронавірус толькі чулі: тут наладжана і дзейнічае вельмі строгая санітарная дысцыпліна. Алег Аляксеевіч Семянчук перадаў дабрачынны груз дырэктару дома-інтэрната Алене Валянцінаўне Дубовік. Таксама парламентарый абмеркаваў аспекты дзейнасці ўстановы, пацікавіўся дасягненнямі і праблемамі калектыву.

Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара