Ад чыстай душы

Важное Общество

Тэрыторыя ДУ “Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” з кожным годам набывае больш прывабны сучасны выгляд: новае “месцажыхарства” ўпадабалі як зялёныя дрэўцы, так і кветкі. А ўсё таму, што падораны ад чыстай душы нераўнадушнымі да чужой бяды людзьмі – гаспадарамі сялянска-фермарскай гаспадаркі “Дудчанка”, што ў Дубоўцах, і кветкавай гаспадаркі “Экафлора” ў Міхалове.

Супрацоўніцтва медыка-сацыяльнай установы з уласнікамі доўжыцца каля пяці гадоў. Ад Вячаслава Дудчанкі саджанцы паступаюць перыядычна: гэта туі, ёлкі, кустарнікі, цыбуліны крокусаў і цюльпанаў. А вось Алег Цвірко прыгожыя бегоніі, петуніі, анюціны вочкі прывозіць напрыканцы мая. Сёлета “зялёны” і “рознакаляровы” багаж быў таксама дастаўлены ў тэрмін і зараз не толькі радуе вока, але і душу. За што і медперсанал, і пастаяльцы вельмі ўдзячны сваім дабрачынцам.

У цяперашняй няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі дом-інтэрнат стаў закрытай установай, яго супрацоўнікі працуюць вахтавым метадам – на рабоце знаходзяцца па два тыдні неадлучна. Напярэдадні Дня медыцынскага работніка кіраўніцтва дасылае словы віншавання з прафесійным святам і шчыра дзякуе за адданасць прафесіі фельдчару Кацярыне Вячаславаўне Дудчанка, старшай медыцынскай сястры Тамары Аляксандраўне Храпко, сярэдняму і малодшаму медыцынскаму персаналу. Словы ўдзячнасці за дапамогу ў пытаннях прафілактыкі накіроўвае і калектыву РЦГіЭ на чале з галоўным санітарным урачом Паўлам Мікалаевічам Сарокам. Моцнага Вам здароўя, людзі ў белых халатах, вытрымкі і цярпення, людской удзячнасці і дабрыні ў Вашай высакароднай прафесіі!

Наш кар.