НЕ ЗАБЫЦЦА ДАЎНІНЫ, УШЫТАЙ У ЛЕТАПІС ВАЙНЫ…

Культура

Жыхары Урублеўшчыны ўбачылі фашыстаў 25 чэрвеня. Нямецкая конніца і харчовы абоз лавінай хлынулі з боку Валожына. На некалькі дзён яны тут затрымаліся – відаць, папаўнялі свае запасы за кошт калгаса, які ў саракавым годзе быў утвораны на сядзібе арандатара Ліхачэўскага.

У панскім складзе віселі асвежаваныя тушы свіней, кароў. Чужынцы ж паводзілі сябе нахабна. Пасвілі коней на вясковых пасевах і сенажацях. Гумны і хлявы ператварылі ў стойлы, салдат раскватаравалі па хатах. У мясцовай школе ўтварылі часовы паліцэйскі ўчастак. На выгане ля сажалкі і агульнай студні ўстанавілі паходную кухню. Сюды зганялі жанчын чысціць бульбу, мыць посуд і бялізну. Абавязвалі насіць зялёную цыбулю, малако, яйкі.

Немцы любілі купацца. Вада ў сажалцы чыстая, крынічная. Пад вечар цёплымі днямі абавязкова “прымалі ванну”. Нейкі тоўсты, касматы салдат расхаджваў перад жанчынамі ў шортах. Адна кабета цішком сказала сяброўцы:

– Глянь, які калматы – што тая карова.

Учуў жа, фашыст пракляты! Як закрычыць:

– Цо, я крова? Я тобе покажа крову!

Выхапіў пісталет і навёў на здранцвелую ад жаху жанчыну. Тая загаласіла:

– Пане, не пра вас я, гэта мы пра сваіх кароў гаварылі…

Толькі тады той апусціў пісталет і адчапіўся. А жыццё магло скончыцца так недарэчна!..

Некаторыя абознікі добра ведалі польскую мову. Пажылы пастаялец у хаце Васіля Гуда расказваў пра сябе, паказваў фота сям’і і плакаў. Казаў, што не хацеў ваяваць, што пакінуў дома траіх малых дзяцей. Чалавек быў добры, частаваў цукеркамі і шакаладам. Употайкі прадказваў, што немцы Маскву хоць і ўбачаць, але не возьмуць.

За той час, пакуль гітлераўцы былі ў вёсцы, паміж імі і жыхарамі склаліся пэўныя стасункі. Сталыя асцерагаліся трапляцца на вочы фашыстам, бо выдатна разумелі, чым дыхаюць гэтыя людзі і што яны сабой уяўляюць. А вось дзятва… Употайкі насілі яйкі за цукеркі і шакаладкі, а хлапчукі – за цыгарэты. Гітлераўцы вучылі падлеткаў курыць і рагаталі, калі тыя захлыналіся дымам.

Усю вёску ўзрушыў лёс семярых чырвонаармейцаў, якія нейкім чынам прабраліся сюды з-пад Валожына і схаваліся ў кустах каля Урублеўшчыны. Жанчыны далі ім вопратку, трое падаліся ў жыта да лесу. Пра чатырох ведала ўся вёска, і знайшоўся такі мясцовы багацей, які далажыў пра іх немцам. Умомант кусты акружылі і вывелі няшчасных з паднятымі рукамі. Пасадзілі ў машыну з канваірамі і павезлі ва ўрочышча Станева. Тарэса Богдан успамінае, што яны, дзеці, трохі беглі за машынай, палонныя толькі памахалі ім рукамі. Хутка машына вярнулася…

Недавер і страх яшчэ больш авалодаў людзьмі. Сталыя сем’і рыхтавалі ў лесе схованкі, некаторыя падумвалі пра партызаншчыну. Праз нейкі час чужынцы зняліся ад нас, падаліся на Мінск, які быў акупіраваны 28 чэрвеня…

Наталля КАПУСТА.

 

 



Добавить комментарий