21 чэрвеня – Дзень медыцынскага работніка

Безопасность и здоровье Главное

Паважаныя ўрачы і фельчары, медсёстры і прадстаўнікі малодшага медыцынскага персаналу, ветэраны сістэмы аховы здароўя Валожыншчыны і ўсе, хто прысвяціў жыццё высакароднай справе – клопату пра чалавека з першага дня яго жыцця!

Ад усёй душы віншуем вас з прафесійным святам – Днём медыцынскага работніка!

Лячыць людзей – гэта заклік душы, асаблівае служэнне на карысць грамадства. Такую адказную і важную прафесію шануюць ва ўсім свеце. Быць медыкам – сапраўднае прызванне і найцяжэйшая праца. Вы суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця, дапамагаеце пераадольваць хваробы, умацоўваць і падтрымліваць здароўе. Менавіта дзякуючы вам павышаецца якасць і працягласць жыцця кожнага з нас.

Шчыра дзякуем за ваш прафесіяналізм, за тое, што ў самыя цяжкія хвіліны, нягледзячы ні на якія цяжкасці, прыходзіце на дапамогу і ратуеце. Асабліва дзякуем за бязмежную самаахвярнасць у нястомнай барацьбе з пандэміяй каронавірусу.

Жадаем моцнага здароўя, аптымізму, шчасця, поспеху, невычэрпнай энергіі і сіл для далейшага развіцця і росквіту ў неабходнай для ўсяго грамадства дзейнасці.

Раённы выканаўчы камітэт,
Раённы Савет дэпутатаў

 

 

Паважаныя цяперашнія і былыя супрацоўнікі Валожынскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама калегі з медустаноў!

Прыміце віншаванне з нагоды прафесійнага свята. Дзякуючы нашай працы ў грамадстве падтрымліваецца здаровы дух, будуюцца перспектыўныя планы, а кожны чалавек ведае, дзе можа атрымаць дапамогу. Зараз у нас складаны перыяд. Раім не губляць пільнасці, верыць у лепшае.

Жадаем шчасця і любові, аптымізму, бадзёрасці і душэўнай раўнавагі. Няхай у дамах пануе згода, і гучыць дзіцячы смех.

Адміністрацыя і прафкам Валожынскага РЦГіЭ

 

 

Паважаных медыкаў Валожыншчыны ад усёй душы віншуем з прафесійным святам – Днём медыцынскіх работнікаў!

Кожны з вас прысвяціў сябе высакароднай справе – лячэнню людзей, якія пакутуюць ад розных хвароб. Вы дапамагаеце не толькі развітвацца з дыягназамі, але дорыце надзею і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Веды і ўменне, самаадданасць і чалавекалюбства робяць нашу прафесію адной з самых паважаемых у грамадстве. Сёння, калі ўвесь свет сутыкнуўся з пандэміяй, мы, незважаючы на пагрозы і цяжкасці, адзінай камандай уступілі ў барацьбу за жыццё і здароўе людзей. Нізкі вам паклон, медыкі Валожыншчыны!

Жадаем атрымліваць радасць ад любімай справы. Няхай множацца прафесіяналізм і вопыт, а шчырыя словы ўдзячнасці ад выратаваных людзей прыносяць задавальненне і гонар. Будзьце здаровымі, паспяховымі, запатрабаванымі.

З павагай – адміністрацыя і прафкам райбальніцы

 

 

З моманту, калі пры райбальніцы распачаў работу часовы інфекцыйны шпіталь для лячэння хворых з каронавіруснай інфекцыяй, на перадавой барацьбы за жыццё людзей знаходзяцца ўрач-інфекцыяніст аддзялення № 3 Уладзімір ЛУШЧЫЦКІ, загадчык адзялення рэанімацыі Дзмітрый СТАРЫКЕВІЧ, урач-інфекцыяніст прыёмнага аддзялення Аляксей МАСКАЛЬЦАЎ.

У прафесіі яны адпаведна 24, 13 і 10 гадоў. Дмітрый Аляксеевіч – ураджэнец Валожыншчыны, Уладзімір Вадзімавіч прыехаў з Пінска, Аляксей Сяргеевіч – з Пухавіч. За час работы зрадніліся з калектывам ЦРБ, выраслі прафесійна, стварылі сем’і. Гэта адметныя асобы, якіх паважаюць за ўрачэбную дзейнасць і выключныя чалавечыя якасці.

Нягледзячы на вопыт, медыкі прызнаюцца: да сітуацыі, што стварыў ва ўсім свеце cоvid, маральна гатовымі не былі – да апошняга спадзяваліся, што эпідэмія не закране Беларусь. Тым не менш, вялі напружаную падрыхтоўку да сустрэчы з нябачным ворагам. Працаваць у шпіталі няпроста. Толькі пераходы з чыстай зоны ў брудную займаюць безліч часу. Каб поўнасцю быць гатовым да выхаду са шлюза ў аддзяленне, патрэбна каля 30 хвілін. А надзяваць і здымаць з сябе ахоўную вопратку неабходна некалькі разоў у дзень. Яны прывыклі. На дробязі не звяртаюць увагі. Гатовыя ў любы час ратаваць пацыентаў і вельмі радуюцца, калі рыхтуюць іх да выпіскі.

Мужныя людзі шчыра ўдзячны валанцёрам за дапамогу ў набыцці ахоўных, гігіенічных сродкаў і ўсім грамадзянам, якія падтрымліваюць медыкаў выкананнем правілаў бяспекі – носяць маскі, захоўваюць дыстанцыю, своечасова мыюць рукі, пазбягаюць людных месцаў.

З нагоды прафесійнага свята Д. А. Старыкевіч адзначаны Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, У. В. Лушчыцкі і А. С. Маскальцаў- Ганаровымі граматамі Мінаблвыканкама.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара