Усё, што робіш, рабіць якасна.

Безопасность и здоровье Важное

Менавіта такога арыенціру прытрымліваецца ўрач-кардыёлаг (загадчык) раённай паліклінікі Аляксандр БУРАК.

У гэту нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаць медыцынскія работнікі. Гэта добрая нагода, каб выказаць словы прызнання і ўдзячнасці тым, хто дапамагае чалавеку з’явіцца на свет, лечыць хваробы, дае надзею і вяртае да жыцця. Тым больш, што святочных дзён у людзей такой гуманнай і высакароднай прафесіі амаль не бывае. А сёлета і ўвогуле ў сувязі з няпростай эпідэмічнай сітуацыяй ва ўсім свеце вырашанана ўрачытасць не праводзіць, аднак лепшыя работнікі Валожынскай ЦРБ будуць адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. У прыватнасці, Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь атрымае загадчык раённай паліклінікі Аляксандр Аляксандравіч БУРАК. Па выніках работы за мінулы год ён прызнаны лепшым работнікам аховы здароўя Валожыншчыны і яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Пра штодзённыя будні, выбар прафесіі мы з ім і пагутарылі.

– Аляксандр Аляксандравіч, пачнём з Вашых непасрэдных абавязкаў: з чаго складаецца рабочы дзень загадчыка раённай паліклінікі?
– У маёй дзейнасці асноўнае – гэта арганізацыя і функцыянаванне самой паліклінікі, вырашэнне складаных экспертных пытанняў, дзе патрабуецца глыбокае веданне прадмета, кансультацыя ўрачоў і спецыялістаў па нарматыўнай дакументацыі, а таксама вырашэнне бягучых пытанняў па часовай непрацаздольнасці, вызначэнне паказанняў, супрацьпаказанняў, вынясенне заключэнняў па розных камісіях і інш.

– Вы, як урач, хто па спецыялізацыі?
– Інтэрнатуру праходзіў па спецыяльнасці хуткая медыцынская дапамога на Гродзенскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, далей адпрацаваў два гады ўрачом хуткай медыцынскай дапамогі ў спецыялізаванай брыгадзе ў Лідскай ЦРБ. Пасля перападрыхтоўкі на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці кардыялогія рабіў урачом-кардыёлагам у Лідзе ў раённай паліклініцы, далей – у 2-м кардыялагічным аддзяленні ў райбальніцы. З кастрычніка 2017 года – урач-кардыёлаг (загадчык) раённай паліклінікі Валожынскай райбальніцы.

– Што Вам бліжэй: лячэнне ці адміністрацыйная работа? Ці, усё-ткі, кар’ерны рост таксама мае значэнне?
– Для мяне важна пры адміністрацыйнай рабоце не забывацца клінічную. Вялікае значэнне мае індывідуальны падыход да кожнага пацыента, вырашэнне яго асабістай праблемы: гэта значыць, не атфутболіць чалавека – сказаць, “не, нельга”, а паспрабаваць знайсці рашэнне. Работу ўрачоў, якія мне падпарадкоўваюцца, накіроўваю на тое, што чалавеку неабходна тлумачыць, чаму менавіта так, а не інакш. Тады ўзнікае менш пытанняў, і ў далейшым аказанне дапамогі праходзіць хутчэй, бо людзі разумеюць, што і як неабходна рабіць.

– Якія актуальныя задачы для нашай раённай паліклінікі на сёння?
– Правядзенне рамонтаў стаматалагічнага, рэнтгеналагічнага аддзяленняў і аснашчэнне абсталяваннем. У прыватнасці, адміністрацыяй актыўна праводзіцца закупка лабараторнага абсталявання, сумесна з Міністэрствам аховы здароўя ўкамплектоўваюцца ўсім неабходным урачы агульнай практыкі, часткова штосьці набываем самі. Так, сёлета для гэтай катэгорыі спецыялістаў атрымалі пераносныя кардыёграфы ў камплекце з планшэтам, што дазволіць стварыць электронную базу дадзеных кардыяграмаў пацыентаў. Таксама ў паліклініцы ідзе рух на інфарматызацыю. Безумоўна, гэта няпроста: штосьці дубліруецца – трэба рабіць і ў электронным варыенце, і на паперы, але ў далейшым пры напрацоўцы стане значна лягчэй.

– Штодзённая работа, яна такая розная: гэта і зносіны з людзьмі, і кіраванне нарматыўнымі дакументамі, і той жа чалавечы фактар. Што яна Вам прыносіць? Не расчараваліся ў выбары прафесіі?
– Ніколькі. Многія часта пытаюцца: працаваў на хуткай – пасля пайшоў у кардыялогію, не шкадуеш? Ці вось зараз: пайшоў у адміністрацыйную работу і пакінуў лячэбную? Гэта ўсё вопыт. Так, на хуткай дапамозе навучыўся быць спакойным у экстраных выпадках, вытрымцы, правільным дзеянням у неадкладнай сітуацыі. У кардыялагічным аддзяленні займеў вопыт клінічнай работы. А зараз спасцігаю адміністрацыйную практыку.

– Як Вы лічыце, што самае асноўнае ў рабоце ўрача?
– Вучыцца і развівацца. Усё вельмі хутка мяняецца: як лячылі людзей дзесяць гадоў таму і як лечаць зараз – вялікая розніца. Калі ўрач перастае чытаць, перастае цікавіцца, ён хутка пачынае адставаць ад сучасных тэндэнцый у медыцыне. І гэта яму не на карысць.

– Што, на Ваш погляд, прыводзіць да поспеху? Як трэба працаваць, каб цябе заўважылі, вылучылі ад такога вялікага калектыву і ўзнагародзілі?
– Усё, што робіш, рабіць якасна. Тады і вынік абавязкова будзе.

– Вашы пажаданні тым, хто прыходзіць да Вас на прыём і ўвогуле звяртаецца за медыцынскай дапамогай?
– Як урач, хацеў бы, каб пацыенты прытрымліваліся тых рэкамендацый і назначэнняў, якія прадпісвае доктар. Маю на ўвазе курсы лячэння: некаторым, каб вылечыцца, дастаткова папрымаць лекі нейкі час, а камусьці іх трэба піць пастаянна і пажыццёва. Ад гэтага, паверце, залежыць працягласць жыцця, магчымасць зніжэння абвастрэння хваробы, агульнае самаадчуванне.
Гутарыла

Алена ЗАЛЕСКАЯ.
Фота Сяргея БОБРЫКА