Жыццёвае крэда: рух наперад

Важное Люди и судьбы

Інтэлект, прафесіяналізм, інтэлігентнасць, глыбіня мыслення некаторых асоб уяўляюцца сапраўдным космасам, здаюцца настолькі высокімі, што нават думкі не ўзнікае наблізіцца да іх. Але пасля, калі ўсё ж адважваешся, аказваецца: пры сваёй выключнасці яны вельмі даступныя, без налёту снабізму ці высакамернасці.
Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў сваім поглядам на некаторыя з’явы жыцця падзеліцца менавіта такі чалавек, урач з самай актуальнай на сёння спецыялізацыяй – імунолаг райбальніцы Таццяна Генадзьеўна ТУРПАКОВА.

– Таццяна Генадзьеўна, як лічыце, што робіць людзей такімі, якія яны ёсць?
– Кожны з нас родам з дзяцінства. Вытокі станоўчых чалавечых якасцей і недахопаў патрэбна шукаць у тым часе, калі дрэвы былі вялікімі. Але лёс і будучыню скідваць толькі на выхаванне і прыклад бацькоў я б не раіла нікому. Чалавек – сам каваль свайго лёсу. Інакш, чаму адны становяца маргіналамі, хоць іх жыццёвы старт досыць спрыяльны, а іншыя, выхадцы з сем’яў са складаным мікракліматам, дасягаюць неверагодных вышынь?

– Менавіта Ваша дзяцінства чым адметнае?
– На мяне ўплывалі адразу некалькі светапоглядаў. Па-першае, бабуля з боку маці – мая мілая Клаўдзія Іванаўна. Ад гэтай унікальнай жанчыны я ўзяла многае – уменне супрацьстаяць цяжкасцям і апантанае жаданне заставацца сабой пры любых абставінах. Па-другое, бацькі. Маці падарыла мне прафесію. Менавіта яна, урач-эпідэміёлаг, змагла так паглыбіць дачку-школьніцу ў свет мікрабіялогіі, вірусалогіі, што не давялося ніводнай гадзіны стаяць перад выбарам. Бацька – чалавек ваенны. Таму паняцце дысцыпліны для нас з сястрой ніколі не было проста словам, што характар закаліла моцна. Некаторым аспектам жыцця вучылася і зараз вучуся ад аўтарытэтных людзей.

– Вы выраслі ў Валожыне, затым некалькі разоў развітваліся з ім і зноў вярталіся. Гэта выпадкова, ці можна знайсці пэўныя заканамернасці?
– О, Валожын – мой лёс! Ён проста мяне не адпусціў. Бачыце Доктара Айбаліта ў бальнічным двары? Ён – мой талісман. Адразу пасля інстытута давялося паехаць у Магілёўскую вобласць. Пасля з радасцю вярнулася ў родны горад, дзе літаральна трапіла ў абдымкі Міхаіла Рыгоравіча Грыкі, якому абавязана многім. Набывала вопыт у якасці ўрача-мікрабіёлага і ведамаснага ўрача турыстычнага комплексу “Залатое кальцо Расіі” ў Суздалі, у складзе калектыву нашага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Затым у маё жыццё ўвайшла Японія. У далёкай усходняй краіне жыве і працуе дачка. Пасля прыезду ў Беларусь працавала ў рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. У 2016 годзе з-за неабходнасці даглядаць захварэўшага бацьку зноў вярнулася ў Валожын. Дарэчы, ні аб адным з перамяшчэнняў не шкадую. Вопыт за плячамі каласальны.

– Такія перыпетыі, відавочна, падарылі не толькі прафесійныя навыкі, а і мноства іншых набыткаў, абагацілі духоўна?
– А як жа! Адна Японія чаго каштуе. Мне ўжо споўнілася 48 гадоў, калі стала вывучаць мову. Тут дапамагла мая музычнасць. Я, між іншым, вучаніца самога Валерыя Фёдаравіча Хахлова – і вельмі ганаруся гэтым фактам. Аб валоданні японскай мовай маю сертыфікат. Развіццю ў дадзеным кірунку спрыяюць зносіны з зяцем-японцам і яго сваякамі.

– Ваша дачка не захацела прадоўжыць прафесійную дынастыю…
– Так, яна – выпускніца факультэта міжнародных адносін, а вось яе муж – хірург-кардыёлаг. Яго родныя – медыкі. Мы сябруем.

– Наколькі мне вядома, Вы ўсё жыццё былі гараджанкай. А апошнім часам – гаспадыня дома ў вёсцы.
– Як кажуць, сама ў шоку. Ніколі не была дзіцем прыроды. Але дачка вырашыла падарыць нам з мужам магчымасць дыхаць свежым паветрам. Вось і атрымліваем асалоду.

– Як бавіць вольны час прыгожая пара – муж-афіцэр у адстаўцы і жонка-медык?
– Мы абое не беларучкі, шмат працуем, каб жыць ва ўтульнасці і дабрабыце. Але і адпачываць умеем. Я асабіста ў вольную часіну люблю пачытаць. Акрамя спецыяльнай літаруры, зачытваюся класікай. Захапляюся С. Цвейгам, М. Лермантавым, А. Дзяменцьевым. Нераўнадушная да старога савецкага кіно.

– Ужо ўспаміналі свайго настаўніка па музыцы. Ігры на якім інструменце ён Вас вучыў? Ці музыцыруеце зараз?
– Іграю на фартэпіяне. Часцей за ўсё творы Гендэля, Чайкоўскага, Шапена… І я, і муж любім спяваць. Часта самі для сябе ўстройваем вечары раманса.

– Таццяна Генадзьеўна, якімі людзьмі сябе акружаеце?
– Разумнымі. Я не самы камунікабельны чалавек у свеце. Жыццё навучыла ставіцца да наваколля з пэўнай перасцярогай. Сяброў у мяне няшмат, але, адразу скажу, кожны – чыстае золата, асабліва дачка Юля. Дружба між намі сапраўдная, верная і на роўных. Вельмі цаню сваіх калег – урачоў, якія ў наш няпросты час паказалі сябе выключнымі прафесіяналамі, годнымі людзьмі, чые сэрцы напоўнены любоўю і спагадай.

– Маеце на ўвазе тых, хто зараз разам з Вамі змагаецца за жыцці хворых з каранавірусам?
– У тым ліку. Пандэмія стала нечаканым экзаменам на прафпрыдатнасць для нашай установы. У адрозненне ад многіх мы рыхтавацца пачалі загадзя і рабілі гэта сур’ёзна. Добра ўсведамлялі: дробязей быць не можа. Яшчэ калі ніхто і думкі не дапускаў, што Covid прыйдзе ў Валожын, мы ўжо закуплялі ўсё неабходнае, планавалі работу аддзяленняў. Асаблівую ўвагу надавалі і надаём бяспецы медработнікаў.

– Як лічыце, каб стаць сапраўдным прафесіяналам у нейкай сферы, у прыватнасці, у медыцыне, чаго патрэбна больш: таленту ці жадання?
– На жаль, рамеснікі ёсць ва ўсіх сферах. Але добрым спецыялістам стане толькі той, хто надзелены талентам. А гэта цэлы кангламерат якасцей. У медыцыне асноўная з іх – любоў да чалавека. Без гэтага вышынь у прафесіі не дасягнеш. Дазвольце мне назваць некалькі прозвішчаў тых, каго паважаю за адданасць прызванню. У першую чаргу – наш галоўны ўрач Павел Ганчар. Здавалася б, зусім малады чалавек, а які адораны кіраўнік! Сярод тых, кім ад усяго сэрца захапляюся, – Марына і Альфрэд Нехвядовічы, Уладзімір Лушчыцкі, Ілля і Алена Дэмбіцкія, Аляксей Маскальцаў, Аляксандр Бурак, Наталля Ажарэльева, Андрэй Якіменка, Аксана Апанасік, Раман Клімянок, Ірына Юхноўская, Ала Ількевіч, Вольга Бітэль, Дзмітрый Старыкевіч і многія іншыя.

– У асноўным, моладзь, іншае пакаленне… Цяжкасці з узаемапаразуменнем бываюць?
– Сам па сабе ўзрост ніяк не можа быць перашкодай для гарманічных зносін. Тым больш, калі маладзейшыя імкнуцца расці духоўна, інтэлектуальна, прафесійна, а старэйшыя не жадаюць “ехаць з кірмашу” і вучацца ад юных лепшым павевам сучаснасці.

– Дарэчы, што тычыцца ўзросту. Як адна з самых прыгожых жанчын Валожыншчыны ў маім асабістым рэйтынгу, падзяліцеся сакрэтамі маладосці і непаўторнага стылю.
– Сакрэтаў ніякіх няма. Не лянуюся трымаць на досыць высокім узроўні догляд за сабой. Мне блізкія погляды сваякоў з Японіі. Там ніколі не звяртаюць увагу на тое, як апрануты чалавек, якую носіць прычоску, а вось атлушчэнне не даруюць нікому. У чымсьці з імі згодна – да свайго цела трэба ставіцца з павагай (у ім жыве наша душа!), але без перабольшванняў.

– Элегантнасць патрабуе ахвяр?
– Патрабуе. Я, напрыклад, не магу жыць без абцасаў, за што мяне пастаянна крытыкуе дачка, просіць паберагчы ногі. Але, пагадзіцеся, жанчына ў прыгожым абутку – вельмі эстэтычная карцінка.

– Згодна. А ў спартыўным адзенні Вас можна ўбачыць?
– Можна. Нават у купальніку можна. Вось толькі распачне зноў сваю дзейнасць басейн – там і ўбачымся.

– Чаго баіцеся?
– Вайны. Аднойчы ў цэнтры Токіа пабачыла выступленні нацыяналістаў. Паверце, гэта было жудасна.

– Ваша парада тым, хто прачытае гэта інтэрв’ю.
– Даражыце тым, што маеце, але імкніцеся да лепшага. Верце ў любоў, толькі яна – выток подзвігаў і моцных учынкаў.

– Таццяна Генадзьеўна, вельмі ўдзячна Вам за нашу сустрэчу. Ад імя рэдакцыі газеты “Працоўная слава” і нашых паважаных чытачоў шчыра віншую Вас з прафесійным святам. Заставайцеся такім жа мудрым чалавекам, верным сваёй справе спецыялістам, выключна прывабнай жанчынай.
– Шчырае дзякуй!

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара