Рыбацкая ўдача:

Важное Общество

двум нашым землякам, вялікім аматарам правесці вольны час з вудой у руцэ, пашанцавала гэтымі днямі злавіць трафейныя экземпляры. Такімі не грэх пахваліцца перад роднымі і сябрамі! Ды і ў калег па рамяству такі ўлоў здольны выклікаць «белую» зайздрасць!

Для сапраўднага рыбака адлегласць да багатай на фаўну акваторыі ніколі не стане перашкодай! Такога прынцыпу прытрымліваўся і жыхар Валожына Дзяніс ЯРАШЭВІЧ, калі адправіўся актыўна адпачыць з вудой на Прыпяць. Сонца толькі ўставала, калі зямляк адчуў дастаткова ўпэўнены ўдар у аснастку. Пачаў выцягваць – на супрацьлеглым канцы лескі здабыча таксама не драмала, заўпарцілася… Барацьба чалавека і рыбы скончылася ўрэшце на карысць нашага земляка. Трафеем стаў таўсталобік вагой больш як 20 кілаграмаў! Як кажуць, хто рана ўстае, таму і Бог дае.

Таўсталобік – рыба сямейства карпавых. Даўжыня цела дасягае 1 метра (часам нават больш), а вага ў сярэднім 20-35 кг. Праўда, час ад часу сустракаюцца асобіны, якія перавышаюць і 50 кг. Самымі спрыяльнымі ўмовамі для лоўлі таўсталобіка з’яўляюцца абсалютны штыль і высокая тэмпература вады. Калі вада цёплая і празрыстая — клёў гарантаваны. Пры дасягненні буйных памераў (больш за дзясятак кілаграмаў), таўсталобік не можа забяспечыць сабе харчаванне расліннай ежай і можа пераходзіць на кармленне дробнымі рыбамі.

 

 

Летась мы расказвалі нашым чытачам пра ўраджэнца Валожына Сяргея ЛІТВІНА, які стаў прызёрам аматарскага рыбалоўнага спаборніцтва, наладжанага Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. Сёлета Сяргей Анатольевіч яшчэ раз адзначыўся – на гэты раз, праўда, не сярод рыбаловаў-спартсменаў, а проста падчас актыўнай рыбалкі на Сакаўшчынскім вадасховішчы. Здабычай стаў 6-кілаграмовы шчупак, які таксама аказаў актыўнае супраціўленне пры вывуджванні. Нават павадок перацёр ікламі, балазе быў ужо на беразе, таму ўцячы назад у родную стыхію не здолеў.

Цікава, што гэты трафей Сяргей Літвін здабыў з дапамогай выйгранай у мінулым годзе катушкі. Бачна, шчаслівая яна!

 

 

Сяргей САДОЎСКІ

Фота аўтара і з асабістага архіва Д. Ярашэвіча.