Тварыў для людзей

Важное Люди и судьбы

На гэтым фотаздымку – Пётр Канстанцінавіч СКАРЫНКА. Ён засяроджана стараецца злавіць цікавы сюжэт аб’ектывам фотакамеры, які, магчыма, падкажа майстру ідэю для новай скульптурнай кампазіцыі або карціны.

Пётр Канстанцінавіч – скульптар-самародак, які падараваў нашаму гораду і раёну шмат дэкаратыўна-манументальных кампазіцый. Старэйшыя жыхары Валожына добра памятаюць пасляваенную пару, калі на ўтульных вуліцах горада пачалі з’яўляцца скульптуры. Цікавыя па кампазіцыі, выкананыя на высокім мастацкім узроўні, выразныя і дакладныя – яны хутка сталі звыклымі і дарагімі кожнаму валожынцу.

Творчая спадчына Пятра Скарынкі шматгранная і разнастайная. Гэта помнікі-манументы ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтры былых калгасаў раёна: “17 верасня”, імя М. Горкага, імя Суворава, “Перамога”, імя Гастэлы, у калгасе “Ліпнішкі” (Гродзенская вобласць). Скарынка – аўтар скульптурных партрэтаў Герояў Савецкага Саюза Валынца і В. В. Шчарбіны. Апошні зараз знаходзіцца на тэрыторыі сярэдняй школы № 1 горада Валожына. Працавітымі рукамі майстра зроблены дэкаратыўныя скульптуры “Айбаліт” і “Хлопчык з дэльфінам” (Валожынская цэнтральная раённая бальніца і райаграпрамтэхніка), дэкаратыўныя фантаны, манумент у гонар 50-годдзя Кастрычніка (раён райаграпрамтэхнікі), указальны знак “Валожын” (каля сярэдняй школы № 2).

Сярод шматлікіх твораў самадзейнага скульптара – манумент у гонар першых савецкіх касманаўтаў Ю. А. Гагарына і Г. С. Цітова, які раней стаяў на плошчы горада. За гэту работу Пётр Канстанцінавіч атрымаў пісьмовую падзяку ад касманаўта Цітова.

Усе скульптуры і помнікі майстар вырабляў на сваім падворку разам з сынамі Вольтам і Юрыем. Сын Юрый у будучым стаў скульптарам. У горадзе Гомелі можна ўбачыць яго работы.
Нарадзіўся Пётр Канстанцінавіч Скарынка 12 ліпеня 1898 года ў вёсцы Беніца Маладзечанскага раёна. Адукацыю атрымаў у далёкім Арэнбурзе, куды выехалі яго бацькі ў гады Першай сусветнай вайны. Там ён вучыўся ў настаўніцкім інстытуце. На радзіму Скарынкі вярнуліся ў 1952 годзе. Спыніліся ў Валожыне. Спачатку здымалі пакой у Рымшаў, а пасля пабудавалі свой дом на вуліцы 17 верасня (дом № 34).

Пётр Канстанцінавіч Скарынка выкладаў фізіку і працоўнае навучанне ў сярэдняй школе № 2 горада Валожына. Быў вельмі ініцыятыўным настаўнікам. Для многіх старэйшых вучняў фізіка стала любімым прадметам. На ўроках Пётр Канстанцінавіч падмацоўваў тэорыю цікавымі доследамі, рознымі фізічнымі “фокусамі”. У кабінеце фізікі заўсёды прысутнічалі вучні. Ім было прыемна сустрэцца з любімым настаўнікам.

Пад непасрэдным кіраўніцтвам Пятра Канстанцінавіча на тэрыторыі школы была пабудавана спартыўная зала. Пазней тут доўгі час месцілася ДЮСШ.
На рэчцы Валожынцы Пётр Скарынка зрабіў запруду, змайстраваў турбінку і ўзвёў міні-электрастанцыю невялікай магутнасці. І яна стала даваць ток. Было ўрачыстае адкрыццё гэтай энергакрыніцы, на якім прысутнічалі бацькі і вучні.

Пятра Скарынку прырода адарыла вельмі шчодра. Ён займаўся музыкай, тэатральным мастацтвам, пісаў вершы, якія друкаваліся на старонках раённай газеты, у школе арганізаваў студыю выяўленчага мастацтва. Пётр Канстанцінавіч валодаў шматгранным талентам, заўсёды быў у творчым пошуку і шчыра дзяліўся сваімі знаходкамі з людзьмі.

Вось такі цудоўны і яркі чалавек жыў у нашым горадзе. Памёр Пётр Канстанцінавіч Скарынка 15 жніўня 1973 года. Пахаваны на валожынскіх могілках без тытулаў і званняў. Над яго апошнім прытулкам схіляецца вярба і стаіць помнік, які сваімі рукамі зрабіў сын Юрый.

Валожынскі краязнаўчы музей