Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на парадзе Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве

Главное

Прэзідэнт Беларусі сёння разам з сынамі прысутнічае ў Маскве на ваенным парадзе, прысвечаным 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У ліку высокіх замежных гасцей, якія таксама прыбылі на парад, прэзідэнты Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, прадстаўнікі вышэйшых органаў улады некаторых іншых дзяржаў, паслы краін — саюзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі. Былі запрошаны таксама кіраўнікі некаторых міжнародных арганізацый, у тым ліку старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч і генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась.

Акрамя расійскіх ваенных у парадзе прымаюць удзел прадстаўнікі 13 дзяржаў, у тым ліку па брусчатцы Краснай плошчы прамаршыруе група сцяганосцаў зводнай роты Ганаровай варты Міністэрства абароны Беларусі.

У Расіі парад з нагоды 75-годдзя Перамогі ў гэтым годзе быў перанесены з 9 мая з-за пандэміі каранавіруса. Прэзідэнт РФ выбраў дату 24 чэрвеня, таму што менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе адбыўся гістарычны парад Пераможцаў. Па аналогіі цяперашняя ўрачыстасць была названа парадам Перамогі.

Яу паведамлялася, у Беларусі ваенны парад у азнаменаванне 75-й гадавіны Вялікай Перамогі правялі 9 мая. У ім удзельнічала каля 3 тыс. ваеннаслужачых і звыш 150 адзінак тэхнікі, у небе над Мінскам праляцелі 36 самалётаў і верталётаў. «Гэта свята для нас свяшчэннае. Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай бязлітаснай вайны XX стагоддзя, непараўнальная ні з якімі цяжкасцямі сённяшняга дня», — заявіў на ваенным парадзе Прэзідэнт Беларусі.

Напярэдадні візіту ў Маскву кіраўнік беларускай дзяржавы прыняў удзел у серыі памятных мерапрыемстваў. 20 чэрвеня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адкрылі мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, які размешчаны ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна. На наступны дзень Прэзідэнт наведаў Светлагорскі раён, дзе адбылася цырымонія адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Ала» на месцы спаленай у гады вайны нацыстамі вёскі. У дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня, кіраўнік дзяржавы зрабіў паездку ў Брэст. Аляксандр Лукашэнка наведаў Брэсцкую крэпасць, дзе па традыцыі ў час пачатку вайны прайшло памятнае мерапрыемства.

Згодна з інфармацыяй БелТА

Фота БелТА