Засцерагайце зямлю ад гора і пакут

Культура

А. У. і Г. Б. Калачыкі з вёскі Сівіца разам ужо 46 гадоў. Яны з адной мясцовасці, таму жылі непадалёк і да жаніцьбы. Іх лёсы, у многім падобныя, былі напоўнены і шчаслівымі, і сумнымі, змрочнымі падзеямі. Адной з такіх на іх жыццёвым шляху паўстала Вялікая Айчынная вайна.
Хоць Адэля Уладзіславаўна і Генадзь Браніслававіч не ваявалі, усе жахі вайны паспыталі спаўна. Яны – малалетнія вязні канцлагераў. Вайна адабрала ў іх дзяцінства і прымусіла жыць па дарослых жорсткіх правілах. Адэле Уладзіславаўне, калі пачалася Вялікая Айчынная, споўнілася чатыры. Аднак дзіцячая памяць захавала тыя падзеі дакладна і ў падрабязнасцях. Памятае, як раптоўна наляцелі немцы, як за некалькі хвілін прымусілі збірацца ў дарогу. Уратавалася толькі старэйшая сястра Уладзіслава, якая ў той час пасвіла кароў у лесе. Бацька, маці і пяцёра дзяцей – чатыры дзяўчынкі і маленькі двухгадовы хлопчык – у адзенні, якое ў той момант было на плячах, з невялічкім пакуначкам ежы паехалі ў Івянец на ўласным кані. Адтуль іх накіравалі ў Мінск, а канчатковым прыпынкам стала Германія. Працяглыя хваробы, голад, цяжкая праца цалкам падкасілі здароўе і дарослых, і дзяцей. На чужыне пахавалі малодшага браціка, ён загінуў, калі немцы кінулі ў натоўп дзяцей гранату. Крыху палягчэла, калі сям’ю размеркавалі да гаспадара.
У Германіі сям’я пражыла да канца вайны. Пасля вызвалення бацьку прапанавалі атабарыцца ў Польшчы. Толькі душа ірвалася дадому – тут жа засталася старэйшая дачка, лёс якой быў невядомы. Калі вярнуліся на радзіму, гору не было межаў – родную вёску немцы спалілі дашчэнту, жыхары рассяліліся па радні. Так на выпаленай пустэчы пачыналася мірнае пасляваеннае жыццё.
– Спачатку размясціліся ў хляве, за сцяной стаяла карова і іншая гаспадарка. Мы, дзеўкі, былі бацьку замест сыноў: дапамагалі і з пілой, і з сякерай, — успамінае жанчына.
Нярадасныя ўспаміны засталіся з тых далёкіх часоў і ў Генадзя Браніслававіча. У пачатку вайны іх сям’ю адправілі ў канцлагер пад Мінскам, дзе бацькі хадзілі на торфараспрацоўку. Ім пашчасціла: немцы не спалілі іх хату на хутары непадалёк Сівіцы, бо была новая, сырое дрэва не паддалося агню. Але вяртацца дадому пасля вызвалення яшчэ доўгі час баяліся, жылі ў сваякоў у Івянцы. Калі ж, нарэшце, прыехалі на хутар, перад вачамі паўстала жудасная карціна: паўсюдна раскіданы трупы, астанкі чалавечых цел. Мужчыны доўга звозілі іх да брацкай магілы і хавалі.
Сёння яны ўжо пенсіянеры, жывуць шчасліва і ў дастатку. Пабудавалі дом, трымаюць гаспадарку, сапраўднай падтрымкай на старасці гадоў з’яўляюцца дзеці і ўнукі. Жыць бы ды радавацца. Аднак кожны год напярэдадні свята Перамогі балюча шчыміць сэрца, зноў перад вачамі паўстаюць сумныя ўспаміны дзяцінства.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *