Вернасць прафесіянальнаму доўгу

Главное Закон и порядок

У чэрвені спаўняецца 85 гадоў з дня ўтварэння спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў органаў унутраных спраў.

У Валожынскім РАУС віншаванні з нагоды прафесіянальнага свята прымалі супрацоўнікі ізалятара часовага ўтрымання. Невялікі калектыў у складзе дзевяці чалавек выконвае шырокі спектр абавязкаў па ахове, наглядзе, канваіраванні правапарушальнікаў, злачынцаў, а таксама асоб, у адносінах да якіх ажыццяўляюцца следчыя дзеянні. Кіруе падраздзяленнем маёр міліцыі Аляксандр Ігнацьевіч Стасяловіч. У органах ён нясе службу з 1995 года, а ўзначальваць ізалятар часовага ўтрымання пачаў у сакавіку 2018 года. Прызнаецца, што вялікую падтрымку аказаў тады і аказвае зараз яго папярэднік Дзмітрый Казіміравіч Іваноўскі, які больш за 25 гадоў займаў гэту пасаду. Не развітваецца з маладымі калегамі і Іван Рыгоравіч Гіль – былы міліцыянер-канваір, чалавек з вялікім прафесіянальным вопытам.

Дзякуючы захаванню традыцый, сумленным адносінам да службовых абавязкаў і кіраванню прынцыпамі гуманізму, супрацоўнікі ІЧУ дабіваюцца высокіх паказчыкаў у рабоце, не раз былі адзначаны падзякамі і ўзнагародамі начальства. Так, шмат заслуг мае міліцыянер-вадзіцель Віктар Брылеўскі, міліцыянер-дзяжурны Павел Супрон і іншыя.

Графік хлопцаў даволі напружаны, службу нясуць пазменна. Кантынгент, які даводзіцца курыраваць, складны – п’янчугі, скандалісты, дэбашыры, людзі з неўраўнаважанай псіхікай. Іншы раз трэба сачыць, каб яны рукі на сябе не наклалі… Здараецца, што ў 6 камерах утрымліваецца больш за 20 чалавек. Кожнаму з іх гарантуецца трохразовае харчаванне, прадметы гігіены, пасцельная бялізна, раз у тыдзень – душ. За пяць месяцаў бягучага года ў ізалятары пабывалі 125 грамадзян, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы, і 118 – за адміністрацыйныя правапарушэнні. Адзін з самых адказных момантаў у рабоце канваіра – дастаўка арыштанта ў залу судовых пасяджэнняў і на месца следчых дзеянняў. Тут патрабуецца асаблівая пільнасць, бо не сакрэт, што падканвойныя часам і збегчы могуць.

Але надзвычайных фактаў супрацоўнікі валожынскага ізалятара не дапускаюць. Яны ведаюць сваю справу і службу нясуць спраўна.

Алена ЗБІРЭНКА