Будоўля без выхадных

Важное Общество

Чарговую вытворчую нараду па пятніцах адказныя работнікі будаўнічых арганізацый, што заняты на ўзвядзенні Івянецкага цэнтра развіцця дзіцяці, правялі не ў часовым бытавым памяшканні, як было дагэтуль, а ў адным з пакояў на першым паверсе будынка. Усяго праз паўгода з моманту ўзвядзення аб’екта магчымасць абмеркаваць надзённыя пытанні ў нядаўна ўзведзеных сценах дала будоўля без выхадных у прамым сэнсе гэтых слоў. “Павандраваць-паблукаць” па лабірынтах новага памяшкання дазволілі і нам.

Аб тым, што зроблена па стане на 19 чэрвеня, расказаў малады прараб Максім ПУЦЬКО:

– Поўнасцю завершана пракладка вонкавых сетак і камунікацый – ідуць выпрабаванне і пусканаладачныя работы. Завершаны каркас будынка, на 90 працэнтаў уцеплены фасад, у бліжэйшы час прыступім да яго афарбоўкі. На большай частцы плошчы накрыты дах, што дае магчымасць праводзіць аддзелачныя работы на 3-м паверсе. Аконныя блокі ўстаноўлены на ўсіх трох паверсах.

Пачаты мантаж абсталявання ў басейне. Вядзецца закупка і пастаўка халадзільнікаў, пральных машын, музычнай апаратуры, посуду для прыгатавання ежы і харчавання.
Дэманціраваны вежавы кран. Праводзяцца вертыкальная планіроўка і добраўпарадкаванне тэрыторыі – ужо можна паглядзець на дзіцячыя пляцоўкі, засланыя сучасным рызінавым пакрыццём.

На будоўлі заняты 10 адзінак тэхнікі і працуе 92 работнікі. У бліжэйшы час на дапамогу прыбудуць члены двух будаўнічых студэнцкіх атрадаў – па 7 чалавек у кожным, якія створаны з ліку школьнікаў 10-11 класаў Івянецкай аддзінаццацігодкі. Іх задзейнічаюць на падсобных работах.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА