Вучыўся, вучыў і зноў… вучыўся

Главное Люди и судьбы

Нядаўна, праязджаючы праз вёску Брылькі, звярнула ўвагу на дом № 64, на сцяне якога размешчана мемарыяльная дошка ў гонар вядомага беларускага вучонага – прафесара-матэматыка, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, аўтара мноства навуковых прац, падручнікаў, дапаможнікаў Якава Радыны. Менавіта тут нарадзіўся і вырас чалавек, які на працягу ўсяго жыцця сваімі дасягненнямі ўслаўляў родную Валожыншчыну. Яго няма разам з намі ўжо чатыры гады. А, між іншым, узрост Якава Валянцінавіча быў не вельмі пажылы – толькі-толькі споўнілася 70. У наступным годзе мог бы адзначаць 75-годдзе. Шкада, але родным, сябрам, вучням і калегам навукоўца давядзецца сустракаць юбілей без юбіляра…

На старонках раённай газеты не аднойчы друкаваліся звесткі пра жыццёвы шлях вучонага. У год малой радзімы хацелася б яшчэ раз нагадаць чытачам пра слаўнага сына нашай зямлі.

Сёння мы ўспомнім яго школьныя гады. Як вядома, Якаў спачатку вучыўся ў сваёй вёсцы, а пасля працягваў адукацыю ў сярэдняй школе № 1 г. Валожына, дзе зараз старанна захоўваюць памяць пра знакамітага выпускніка. Менавіта ў сценах гэтай навучальнай установы да яго прыляпілася мянушка “Геній”. А як інакш, калі ўжо ў восьмым класе рашаў задачы за першыя курсы інстытута! Ды і паводзіны яго ў многіх кірунках адрозніваліся ад паводзін іншых дзяцей. Вось яркі прыклад: у дзявятым класе савецкія дзеці павінны былі праходзіць навучанне ў вучэбна-вытворчых камбінатах. Хлопчыкам прапанавалі прафесію механізатара. Якаў жа заявіў: “Мне гэта не патрэбна”, і далучыўся да каманды дзяўчынак, што вучыліся на… бібліятэкараў. О не, з яго не насміхаліся. Па-першае, кожны літаральна схіляў галаву перад галоўным алімпіяднікам, па-другое, ён меў такое пачуццё ўласнага гонару, што нікому і ў галаву не прыходзіла думка яго прыніжаць. Апроч іншага, юнак выключна ўмеў сябраваць, а адданыя таварышы ні за што б не дазволілі пакрыўдзіць іх Яшу. Дарэчы, дружба, што ўмацавалася ў школьныя гады, была пранесена праз усё жыццё. І сёння на вечарах сустрэчы ў школе штогод з павагай і шкадаваннем гучыць прозвішча Радыны. Аднакласнікі не забываюць чалавека, які ў многім быў для іх прыкладам, дапамог стаць асобай, вызначыцца з далейшым лёсам, уласнымі паводзінамі паказаў, як нават у самых складаных сітуацыях можна і абавязкова патрэбна заставацца чалавекам.

Але вернемся ў далёкі 1953 год, калі будучы вучоны ўпершыню сеў за парту. У Брыльках у той час дзейнічала чатырохгодка. Размяшчалася яна ў палавіне жылога дома. У класе было чатыры вучні, таму часу, каб удзяліць увагу кожнаму, у настаўніцы хапала. Аднак ужо тады прыродныя здольнасці Яшы выбіваліся з агульнага раду. Педагог гэта зразумела і ў адносінах да таленавітага хлопчыка наладзіла індывідуальны падыход. Дзякуючы гэтаму ўжо ў першым класе той ведаў усю праграму за чацвёрты. А дома, у адрозненне ад большасці вясковых дзяцей, якія дзесьці “насіліся”, ён з газнічкай праседжваў на печы, “глытаючы” адзін за адным творы класікаў сусветнай літаратуры. Увогуле, кнігі амаль не выпускаў з рук. Вельмі паважаў паэзію. Вершы запамінаў з першага разу. Чытанне на ўсё жыццё засталося адным з асноўных захапленняў матэматыка.

Юнаму генію ў сям’і ніхто не ствараў асаблівых умоў для заняткаў любімым прадметам ці знаёмству з новымі кнігамі: як і большасць вясковых дзяцей у той час, пасвіў кароў, капаў бульбу, касіў. Разам з братам прыбіраў у доме. Ён усё паспяваў. Абавязкова знаходзіў час на шахматы. А чытаць прыстасоўваўся нават у полі…

У 1955 годзе ў Брыльках пабудавалі сямігодку. Дырэктар Васіль Сямёнавіч Маркаў быў матэматыкам. Менавіта ён звярнуў увагу на выключныя здольнасці сына простых сялян да гэтай навукі. Што тычыцца астатніх прадметаў, выдатная памяць дапамагала наконт іх асабліва не напружвацца. Сем класаў скончыў з пахвальнай граматай.

У гарадской школе зноў жа лічыўся лепшым з лепшых. Настолькі шмат ведаў, што нават часта ўступаў у спрэчкі з настаўнікамі. Тыя прызнавалі аўтарытэт незвычайнага вучня, стараліся ўдзяліць яму як мага больш увагі ці даць складанае заданне, якое тут жа з поспехам выконвалася.

Якаў быў таксама выдатным спартсменам, а шахматы сталі яго візітоўкай. Гэта складаная гульня, падчас якой патрэбна “варушыць мазгамі”, дала каласальны вопыт для ўдзелу ў шматлікіх спаборніцтвах.

Хлопец, чый інтэлект лічыўся неверагодна высокім, аказваецца меў залатыя рукі – быў першым і на ўроках працы. У бацькоўскім доме і зараз захоўваюцца вырабы і вышыўкі, зробленыя ім. А аднойчы нават змайстраваў радыё.
Падчас прадметных алімпіяд юны талент наведваўся адразу ў тры кабінеты. Спачатку спяшаўся на хімію, затым хуценька рабіў заданні па фізіцы, пасля чаго з асалодай паглыбляўся ў цудоўны свет матэматычных разлікаў…

Якаў Валянцінавіч не аднойчы сцвярджаў, што правільна выбраць прафесію яму дапамагла настаўніца матэматыкі першай школы Еўфрасіння Афанасьеўна Радзюк. Аднойчы педагог дала старшакласніку кнігу Канстанціна Шахно “Задачы павышанай складанасці”. Вось з яе ўсё па-сапраўднаму і пачалося.

У 1964 годзе залаты медаліст Я. Радына стаў студэнтам матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пазней, значна пазней будуць выкладчыцкая дзейнасць у alma mater, абарона дысертацый, выданне кніг, уласныя поспехі і дасягненні любімых вучняў, супрацоўніцтва з лепшымі ўніверсітэтамі Швейцарыі, Францыі, Аўстрыі, Алжыра, Балгарыі, Канады, Польшчы, Славакіі, Швецыі. Прыйдуць прызнанне і званні (у 1978 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамола, а ў 1996 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). Але тады ўсё гэта магло яму толькі сніцца. Ці ж не было вясковаму хлопцу цяжка ў сталічнай прэстыжнай ВНУ? Ці ж не прыклаў каласальныя намаганні, каб даказаць сабе і тым, хто побач, што ён, Якаў з Брылькоў, чаго-небудзь ды варты? Самае галоўнае, аб чым не аднойчы расказваў школьнікам, калі наведваўся ў родную школу, ніколі не трэба лічыць сябе самым разумным, лепш імкнуцца такім стаць. А для гэтага нельга ні на хвіліну спыняць адукацыйны працэс.

Яго жаданне і ўменне бясконца вучыцца дазволіла трапіць у спіс прызнаных спецыялістаў па функцыянальным аналізе, выдатнікам народнай асветы БССР, авалодаць французскай мовай, выкладаць на ёй матэматыку замежным студэнтам, напісаць больш за два дзясяткі кніг і да канца дзён заставацца выключным інтэлектуалам. Пагадзіцеся, сапраўды годны прыклад для юных прадстаўнікоў Валожыншчыны.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ
P.S. Аўтар выказвае ўдзячнасць за ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялу брату Якава Валянцінавіча Мяфодзію Радыну і сябру Івану Пасеку.