Місія – абараняць…

Важное Общество

Адбылася сустрэча старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргея Фадзеевіча Халявы з лідарамі прафсаюзнага руху некаторых арганізацый Валожына. У круглым стале, які быў наладжаны ў аддзеле ЗАГС райвыканкама (кіраўніком прафсаюза дзяржаўных і іншых устаноў раёна з’яўляецца начальнік ЗАГС Тамара Уладзіміраўна Яныш), прынялі ўдзел старшыні пярвічак: Белдзярстраху – Марыя Станіславаўна Кужоўнік, аддзялення аховы – Юлія Леанідаўна Місевіч, раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый – Таццяна Рыгораўна Ляшкевіч і член прафсаюзнай арганізацыі Валожынскага сельвыканкама Наталля Валянцінаўна Радзівілка.

Сяргей Фадзеевіч адзначыў, што добра ведае: у нашым раёне моцныя прафсаюзныя традыцыі. У першую чаргу – падтрымка людзей, што трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі, творчыя віншаванні юбіляраў, арганізацыя святаў і экскурсійных паездак. Магчыма, таму і калектывы Валожыншчыны ў большай частцы згуртаваныя і добразычлівыя. Безумоўна, у прафсаюзнай дзейнасці не ўсё проста. Зараз, як ніколі, неабходна знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага супрацоўніка, асабліва калі гаворка ідзе пра ўступленне ў прафсаюз, правільна весці дакументацыю. Кола спраў у адказнага прафорга вялікае. Перш за ўсё гэта распрацоўка і выкананне калектыўнага дагавора, удзел у рабоце розных камісій. Сяргей Фадзеевіч папрасіў прысутных звяртаць асаблівую ўвагу на справядлівасць рашэнняў наймальнікаў пры размеркаванні прэмій і заключэнні кантрактаў. Лідарам руху неабходна дабівацца, каб як мага часцей кантракты заключаліся на тэрміны большыя за год. Гэты дакумент павінен быць прадуманым, кожнае з палажэнняў – скіраваным на абарону правоў работнікаў. І выконвацца ён павінен у поўным аб’ёме.

Прафсаюзны актыў абавязаны ўлічваць, што любая пярвічка моцная сваімі людзьмі, таму, чым больш часу і сіл будзе аддавацца дзеля насычанасці прафсаюзнага жыцця калектыву, тым больш адметным будзе вынік.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, якую нам “падарыў” каронавірус, вельмі важна засяродзіць максімум увагі на прафілактыцы небяспечнай інфекцыі – набываць ахоўныя і дэзінфіцыруючыя сродкі, весці тлумачальную работу. Прафсаюз павінен стаць авангардам валанцёрскай работы, што скіравана на падтрымку медыкаў і хворых, якія лечацца ў стацыянарах і на даму.
Прысутныя атрымалі ад старшыні рэспубліканскага камітэта шмат тлумачэнняў па розных кірунках прафсаюзнай дзейнасці. У прыватнасці, па стварэнні калектыўных дагавораў.
Закранулі ў гэты дзень і тэму выбараў. Тамара Уладзіміраўна Яныш паведаміла, што ва ўчастковых выбарчых камісіях задзейнічана значная колькасць членаў прафсаюза.

На развітанне Сяргей Фадзеевіч падкрэсліў: “Людзі павінны адчуваць сябе на рабоце камфортна, быць абароненымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. Таму наша задача – своечасова рэагаваць на іх запыты і дапамагаць у вырашэнні праблем. Пры граматным падыходзе любую сітуацыю можна выправіць. На прадпрыемствах, дзе наладжаны партнёрскія адносіны між адміністрацыяй і прафсаюзам, ніколі не будзе дапушчана несправядлівых у адносінах да работніка дзеянняў”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара