Там, дзе сакура цвіце, Валожын родны сніцца

Важное Общество

Па традыцыі напярэдадні 3 чэрвеня, калі валожынцы рыхтуюцца адзначаюць свята роднага горада, мы стараемся звязацца з суайчыннікамі, якія па волі лёсу пражываюць ўдалечыні ад родных мясцін. Шчыра кажучы так далёка, як на гэты раз, мы яшчэ не забіраліся. Справа ў тым, што наша субяседніца знаходзіцца ў японскім Нагоя, дзе жыве з мужам – жыхаром далёкаўсходняй краіны. На сувязі па скайпе сёння з намі Настасся Якутовіч.

–Дзень добры, Насця!
– Гэта вам дзень добры, ён жа ў Беларусі ў самым разгары – 14.00. У нас жа – восем вечара.

– Ох і далёка ж ад родных мясцін Вы забраліся. Побач ёсць хтосьці з суайчыннікаў?
– Менавіта ў маім акружэнні няма. У Японіі беларусаў увогуле няшмат. Усяго на астравах зарэгістравана 44 землякі. Самае цікавае, трое з іх – валожынцы.

Як атрымалася, што дзяўчына з беларускага гарадка стала жыхаркай дзяржавы на астравах?
– Па-першае, у мяне муж японец, а па-другое, маю работу, за якую добра плацяць, – выкладаю англійскую мову юным японцам у прыватнай амерыканскай школе.

– Англійская мова не адзіная ў Вашым арсенале?
– Я добра валодаю кітайскай і карэйскай мовамі. Два гады працавала перакладчыкам на заводзе “БелДжы”.

– У Паднябеснай бывалі?
– У час вучобы. Менавіта там сустрэла сваю другую палавіну. Калі адбылася першая паездка, мне было толькі 18 гадоў. Таму ўспрымала ўсё лёгка, хоць навокал –інакшы свет.

– Вам, прыгажуні з выключна еўрапейскай знешнасцю, такімі блізкімі здаюцца азіяцкія краіны?
– Мне ўвогуле цікава вывучаць мовы. На еўрапейкія не хачу траціць час – амаль паўсюль можна карыстацца англійскай. Зразумела гэта яшчэ ва ўніверсітэце, таму, убачыўшы аб’яву наконт набору ў інстытут імя Канфуцыя, адразу падала заяву.

– Паміж японскай, карэйскай і кітайскай мовамі ёсць штосьці агульнае?
– Зусім розныя. Японскую і кітайскую аб’ядноўвае толькі тое, што і ў той і ў другой – іерогліфы. Карэйцы ж карыстаюцца алфавітам.

– Наколькі прасунуліся ў вывучэнні роднай мовы свайго суджанага? З ім як размаўляеце?
– Размаўляем і па-англійску, і па-японску. З японскай у мяне справы ідуць добра, але пакуль не так, як з англійскай ці кітайскай. Майго ўзроўню дастаткова, каб жыць камфортна, аднак не супакойваюся, працягваю вучобу.

– Можаце сказаць, якая мова ў вашым спісе ідзе наступнай для авалодання?
– Арабская. Мне, чым больш складана, тым большы азарт. Дарэчы, аднойчы быў такі парыў, што ўзялася за вывучэнне фінскай і дасягнула нядрэнных паказчыкаў. Каб трапіла ў моўнае асяроддзе, магла б ёй карыстацца.

– Фінская вельмі пасуе да Вашай знешнасці. Скажыце, як японцы рэагуюць на ўсё, што моцна адрозніваецца ад таго, да чаго яны прывыклі.
– Гэта стрыманы народ. Па праўдзе сказаць, чужакоў не вельмі любяць. Напрыклад, калі ў метро сядзіць іншаземец, каля яго ніхто не садзіцца. Мяне спачатку гэта нават абражала. Зараз, калі ў свеце лютуе каронавірус, хутчэй радуе. Існуе меркаванне, што японцы досыць закамплексаваныя, таму баяцца, каб хто не задаў пытанне, на якое яны не змогуць даць адказ. Увогуле, усе ветлівыя. Безумоўна, на мяне паглядаюць, але на вуліцах не прыстаюць. На рабоце і калі бываем у гасцях у сваякоў мужа, чую кампліменты. Асабліва за светлыя валасы і блакітныя вочы.

– Як там з рэлігіяй?
– Так, як мне падабаецца. Ніхто не “парыцца”. Ёсць сінтаісцкія і будысцкія храмы. Але людзі ходзяць туды час ад часу, калі ёсць настрой. Мы з мужам не рэлігійныя, але з павагай ставімся да тых, для каго вера – важная частка жыцця.

– Чула, што ў Японіі з грэблівасцю ставяцца да людзей з атлушчэннем.
– Ёсць такое. Але тое асяроддзе, у якім знаходжуся я, адрозніваецца талерантнасцю. Таўстуноў сапраўды мала. Жыхары Японіі – аскеты. Сябе не распускаюць. Сам прынцып харчавання не дае ім набіраць лішнюю вагу.

– Параўнайце беларускія і японскія кулінарныя традыцыі.
– Лягчэй параўноўваць неба і зямлю. На астравах у меню безліч морапрадуктаў, рыбы, водарасцяў. Я, напрыклад, малюскаў не ем, а вось ад ласося проста млею. Мясцовыя звычайна нарабляюць мноства самых розных страў, але кожнай пакрысе. Такіх порцый, як у нас, там няма. Кухні нашы не перасякаюцца ні ў чым. Аднак Касэю (мой муж) многае з таго, чым частуюць у Беларусі, вельмі падабаецца. Ён у захапленні ад майго баршчу, маміных галубцоў, бабуліных дранікаў і бліноў. Сала паспрабаваў, але не ацаніў, як і кісель. Яго ўразілі шашлыкі, якія смажыў тата. Там мяса такімі кавалкамі не падаюць. Я прызвычаілася купляць розныя прадукты ў выглядзе паўфабрыкатаў і даводзіць іх да выгляду гатовых страў самастойна. Гэта танна і зручна. Мы рэдка гатуем самі (абое напружана працуем, у мяне, напрыклад, у суботу – рэпетытарства для тых, хто вывучае англійскую мову для бізнесу), таму часта карыстаемся кропкамі грамадскага харчавання, што даволі зручна.

– Клімат японскі Вам падабаецца?
– Вельмі вільготна летам. А восенню пачынаюцца цунамі і землятрусы. У Беларусі значна лепш. Люблю нашу восень.

– Гісторыя, культура радзімы мужа Вас цікавяць?
– Зразумела. Але не магу сказаць, што ў гэтай тэме, як рыба ў вадзе – не хапае часу. Вось калі толькі прыехала і чакала дазволу на пражыванне (у гэты перыяд не магла працаваць), хадзіла па музеях, знаёмілася з горадам. У Нагая, дарэчы, знаходзіцца музей Тайота. Калі прыязджалі мае бацькі, мы туды наведаліся. І ведаеце, што там знайшлі? У адной з секцый з сувенірамі прадаваліся беларускія цацкі – машынкі Палессе.

– Японія – краіна з манархіяй. Тое, што існуе імператар і яго двор, якімсьці чынам хвалюе грамадзян?
– Маіх знаёмых зусім не хвалюе. Усё намінальна. На самай справе, як і ў Велікабрытаніі, толькі даніна традыцыям.

– На фота Вы ў кімано. Прыгожа! А ў вышыванцы Вас можна ўбачыць.
– Можна, нават Касэя можна – яму цешча падарыла. Толькі ў нашым акружэнні (яно досыць інтэрнацыянальнае) ніхто не падкрэслівае свае нацыянальныя адметнасці. Гэта кола сяброў, якія ведаюць мовы, шмат падарожнічаюць, па сутнасці з’яўляюцца грамадзянамі свету.

– Па родным горадзе сумуеце?
– Вельмі люблю Валожын. Ёсць свае любімыя куткі. Калі бываю дома, заўсёды наладжваю сабе спатканні з імі. З задавальненнем наведваю бабулю, якая жыве ў Малой Дайноўцы. Некалькі дзён у райскім кутку, які сваімі рукамі стварылі баба Валя і бацькі, дастаткова, каб надыхацца беларускім паветрам.

– З сябрамі сустракаецеся?
– Мае любімыя сяброўкі-аднакласніцы раз’ехаліся па розных гарадах. Оля Скурановіч – у Вілейцы, Каця Кашкан – у Мінску, Юля Калініна – у Лепелі. Мы даўно не бачыліся, а так бы хацелася сабрацца разам, паглыбіцца ва ўспаміны…

– Скажыце, Насця, на якой мове Вы думаеце?
– На рускай. Я, між іншым, у захапленні і ад роднай беларускай, але так даўно ёй не карысталася. Вось толькі сёння. Дзякуй за гэта.

– У Вас добра атрымліваецца. Ведаю, Вы нават вершы пісалі ў школьныя гады…
– У мяне была цудоўная настаўніца беларускай мовы – Ірына Сцяпанаўна Жытарук. Яна часта прапаноўвала штосьці цікавае. Я ж люблю эксперменты.

– Ваш муж цікавіцца Беларуссю?
– Яго цікавіць усё, што звязана са мной. Я ў свой час па гісторыі Беларусі на ЦТ атрымала 97 балаў, таму магу шмат расказаць. Тым, як зараз развіваецца беларуская культура, таксама цікавімся. Часта слухаем песні ў выкананні гурта Naviband, хварэлі за іх, калі выступалі на Еўрабачанні. Касэй у захапленні ад таго, як мы, беларусы, выкарыстоўваем магчымасці бярозы. І венікі для лазні, і актывіраваны вугаль, і дровы… А бярозавы сок яго проста пакарыў!

– Што можаце пажадаць валожынцам ў Дзень горада?
– Усім зычу здароўя. Менавіта яно – галоўная каштоўнасць. Таксама жадаю больш высокіх заробкаў, каб кожны мог дазволіць сабе ўтульнае жыллё, падарожжы, падарункі блізкім. Спадзяюся, і беларусы, і японцы, і ўсе жыхары з розных краін хутка перамогуць пандэмію, і тыя, хто, як я, жыве ўдалечыні ад родных, змогуць здзейсніць доўгачаканую паездку.

– Дзякуй Вам, Насця! Да сустрэчы на радзіме.
– Хутчэй бы! Да пабачэння!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ