Прыгажосць ствараем самі

Важное Кругозор

Добрым густам і адмысловым пачуццём прыгажосці валодае гаспадыня сядзібы па вуліцы Беларускай дома № 61 у Валожыне Вольга Анатольеўна Нікановіч. Разам з мужам Валерыем Феліксавічам яны ўсё больш акультурваюць свой падворак дзеля прыгажосці, камфорту і зручнасці. Праходзячы і праязджаючы міма, міжволі хочацца затрымацца і палюбавацца той маляўнічасцю, што створана рукамі гаспадароў.

Асаблівай папулярнасцю карыстаецца ў Вольгі Анатольеўны каралева кветак – ружа. Нельга адвесці вачэй ад вялікай колькасці кустоў розных колераў і гатункаў. Пра кожны гаспадыня можа расказваць бясконца і гатова дзяліцца сваімі ведамі абсалютна з усімі аматарамі гэтай справы. Другая яе любоў, як гаворыць сама жанчына, – гартэнзіі. Бухгалтар-эканаміст па адукацыі, зацікавілася ландшафтным дызайнам і прысвячае гэтаму шмат часу. Занятак стаў сапраўдным захапленнем для душы. Доўгімі зімовымі вечарамі Вольга Анатольеўна шукае ў Інтернэце новыя выдатныя ідэі, а з першых вясновых дзён пачынае ўвасабляць іх у жыццё. Прывабна выглядае букетная пасадка ружаў, элегантна дапаўняюць кампазіцыі зёлкавыя травы і інш. Наперадзе шмат новых планаў і задум, а значыць, можна будзе ўбачыць яшчэ нямала прыгожага і выдатнага.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА