Добрая навіна для шматдзетных сем’яў: у Валожыне плануюць пабудаваць для гэтай катэгорыі насельніцтва 60-кватэрны дом.

"Минщина, мы тобой гордимся!" Главное

На мінулым тыдні адбыўся першы сход, на якім былі акрэслены асноўныя характарыстыкі будучага жылля, а запрошаных азнаёмілі з умовамі крэдытавання і іншымі спадарожнымі пытаннямі.

Сход узначаліў намеснік старшыні райвыканкама Ігар БАЛІНАЎ. Пра характарыстыкі будучага дома расказаў прысутным дырэктар ДП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Валожынскага раёна» Дзмітрый ХАРКОВІЧ (на здымку за трыбунай). Пра крэдытную палітыку паведаміў дырэктар ЦБУ № 605 філіяла 500 Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей ПАТАПЧУК (у цэнтры). Начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Таццяна Занямонец растлумачыла, якія дакументы неабходна сабраць, каб трапіць у лік забудоўшчыкаў.

Размясціць 60-кватэрны дом плануюць у новым мікрараёне па вуліцы Савецкай у бок Вішнева. У ім будзе 20 аднапакаёвых кватэр, 25 двух- і 10 трохпакаёвых. Сёння пакуль яшчэ не вызначана падрадная арганізацыя, якая зоймецца ўзвядзеннем. Гэта пытанне бліжэйшай будучыні, калі аб’ект будзе выстаўлены на тэндар. Пасля вызначэння падрадчыка стане вядомы і канчатковы кошт аднаго квадратнага метра (на момант сходу прыкладная цана складала 1395 беларускіх рублёў з улікам здачы кватэры з поўнай аддзелкай).
Як адзначылі арганізатары, мэта сходу – зразумець, хто з сем’яў, якія стаяць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, гатовы будавацца і на якую плошчу будуць прэтэндаваць. Да канца бягучага тыдня шматдзетным татам і матулям прапанавана вызначыцца і падаць адпаведную заяву ў аддзел ЖКГ райвыканкама.

Сяргей САДОЎСКІ, фота аўтара