Хлеб ёсць на полі!

Аграрный сектор и промышленность Главное

На здымку — вадзіцель ААТ «Агра-Дубінское» Уладзімір КОНАН.

Так з непрыхаванай задаволенасцю назваў першыя тоны новага ўраджаю зерневых культур галоўны аграном ААТ “Агра-Дубінское” Пётр Іванавіч ЯЗЕРСКІ.

Дубінскія аграрыі далі старт сёлетняму жніву 9 ліпеня: у поле выйшлі 6 камбайнаў на ўборку азімага ячменю, пад які мінулагодняй восенню адвялі 40 гектараў. Няглядзечы на незвычайна цёплую і без ападкаў зіму, шчодрыя майскія і чэрвеньскія дажджы з ліхвой пакрылі недахоп вільгаці ў глебе. Пацвярджэннем чаму – амаль 40 цэнтнераў з гектара! Зерне не патрабуе дапрацоўкі (вільготнасць складае 15,8 працэнта): яго адразу ж можна сыпаць у засекі, малоць і выкарыстоўваць на корм жывёле, што і робяць у гаспадарцы. Таксама адабралі неаходную колькасць на насенне, а добры ўраджай даў штуршок, каб у будучым павялічаць плошчы пасеву азімага ячменю да 70 гектараў.

Дубнскія рупліўцы на жніве: механізатар Уладзімір АЛЕКСІЁНАК…
…камбайнер Віталь ЗАГОРСКІ…
…экіпаж у складзе Івана САЛОМКІ і Паўла НЕСЦЯРЭНКІ…
…вадзіцель Анатоль ЗАГОРСКІ

Азімы ячмень выспявае адным з першых у полі: убіраючы яго, камбайны праходзяць абкатку перад масавым жнівом. Працаўнікоў, якія будуць задзейнічаны на ўборцы хлеба-2020 у ААТ “Агра-Дубінское”, мы сустрэлі ў мінулую пятніцу на палетках каля вёскі Узбалаць. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, работа тут кіпела: на “ДОНах-1500” шчыравалі два камбайнавыя экіпажы ў складзе старшага камбайнера Віталія Міхайлавіча Загорскага, старшага камбайнера Івана Васільевіча Саломкі і камбайнера Паўла Несцярэнкі. Калі для вопытных механізатараў справа не ў навіну, то для падлетка – гэта першае жніво. Мінскі школьнік прыехаў да дзядулі (дарэчы, дырэктара сельгаспрадпрыемства Генадзія Вацлававіча Каспяровіча) на канікулы і вырашыў правесці іх з карысцю. Як адзначыў юнак, ранні пад’ём і свежае паветра пры цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі толькі на карысць здароўю. Намалоту чакалі два вялікагрузныя “МАЗы-555”, якімі кіравалі вадзіцелі са стажам Анатолій Аляксандравіч Загорскі і Уладзімір Уладзіміравіч Конан, а вось Уладзімір Уладзіміравіч Алексіёнак на прэс-падборшчыку “ПРФ-108” адразу падбіраў і прасаваў салому ў рулоны.

Такая дружная работа стварае настрой, надае зарад бадзёрасці: бачна, што ёсць сапраўдны гаспадар на гэтай зямлі. Будзем спадзявацца, што дубінскія хлебаробы першымі распачаўшы жніво ў раёне, стануць перадавікамі і па ўраджаі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ, фота Сяргея БОБРЫКА.