10 ліпеня споўнілася 65 гадоў з дня запуску Сакаўшчынскай гідраэлектрастанцыі

"Минщина, мы тобой гордимся!" Важное Кругозор Ступені поспеху

ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ

Вёска Сакаўшчына здаўна стаяла на гасцінцы Валожын-Іўе-Ліда і Валожын-Ашмяны-Вільня. Некалі гэта быў вельмі ажыўлены шлях. Вёска і цяпер размешчана на тым жа месцы, але ад Мінска да Ліды і Вільні правялі новыя, больш дасканалыя магістралі, абмінуўшы далёка Сакаўшчыну. І яна, як і іншыя прыдарожныя вёскі, пацішэла, стала больш правінцыяльнай.

Сакаўшчына – вёска вялікая і цягнецца на добрыя два кіламетры, хоць сядзібы збіты густа. Гэта паказвае на тое, што тут спрадвечна не хапала зямлі, і што людзі жылі бедна. Трэба сказаць, як і ў іншых навакольных вёсках.

Тая акалічнасць, што праз вёску праходзіў гасцінец, наклала пэўны адбітак на гаворку жыхароў – у ёй нямала русізмаў, што зразумела: прыязджалі рускія чыноўнікі, станавілася на пастой войска, у першую сусветную вайну тут надоўга затрымаўся фронт, і вёска была запоўнена рускімі салдатамі і ніжэйшымі чынамі. У 1897 годзе ў вёсцы налічваліся, згодна з даведнікамі і архіўнымі данымі, 123 двары, жыхароў – 711 (мужчын – 360, жанчын – 351). У 1878 годзе была пабудавана на могілках невялікая царква. У 1904 г. у вёсцы Сакаўшчына Вішнеўскай воласці Ашмянскага ўезду Віленскай губерні жылі 726 чалавек (муж. – 368, жан. – 358). У 1908 г. – 772. У 1921г. вёска мела хат 128, жыхароў – 684. Як бачна, за гады першай сусветнай і грамадзянскай войнаў вёска страціла каля сотні чалавек: нехта быў забіты, нехта з’ехаў у далёкі свет і не вярнуўся, а большасць памерла з голаду і ад тыфу – спадарожнікаў усялякіх войнаў.

Нават старажылы не памятаюць дакладна, калі ў Сакаўшчыне адкрылася школа. Але ў самым пачатку 20-га ст. яна ўжо існавала, хоць дзеці вучыліся яшчэ ў суседавай хаце, якая на той час была, мабыць, самай прасторнай з усіх сялянскіх хат. Пазней быў пабудаваны школьны будынак на тры класы з двухпакаёвай кватэрай для настаўніка.
Перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі характарызаваўся найвялікшымі грамадскімі катаклізмамі, сацыяльнымі драмамі сусветнага маштабу, якія так або інакш уцягвалі народы ў свой няўмольны вір, рэзка і жорстка адбіваючыся на жыцці цэлых пакаленняў. Парушэнне звыклага побыту, перамяшчэнне велізарных людскіх мас, разбурэнне хат і сядзіб, дарогі ў далёкі свет і смерці – смерці на кожным кроку…

Але час не стаіць на месцы. Многія выпрабаванні загартавалі людскія характары і падштурхнулі да думкі: толькі шчырай працай хлеб здабываецца. Па гэтым прынцыпе і сталі жыць. Залатымі рукамі вяскоўцаў былі пабудавалі многія аб’екты. Сярод іх – і Сакаўшчынская ГЭС.

ЯК УЗВОДЗІЛАСЯ ГІДРАЭЛЕКТРАСТАНЦЫЯ

У 1953 г. тры гаспадаркі раёна – калгасы “Рассвет”, “Чырвоны Кастрычнік” і “1 Мая”, якія ў далейшым аб’ядналіся ў адзін, амаль два гады ўзводзілі на Заходняй Бярэзіне гідраэлектрастанцыю. Але, як кажуць, далей нулявога цыкла справа не пайшла. Даўгабуд на міжкалгасным савеце раённая ўлада даручыла весці новаму старшыні калгаса “1 Мая” Анатолю Пятровічу Горскаму. Літаральна праз месяц было не пазнаць будаўнічую пляцоўку. А. П. Горскі днём быў на працы, а з ночы да ранку пры святле газоўкі рабіў чарцяжы, разлікі, графікі. Для будаўніцтва ГЭС выкарысталі старую плаціну, якую будавалі яшчэ за польскім часам, магутнасцю на 250 кВт.

10 ліпеня 1955 г. Сакаўшчынская міжкалгасная гідраэлектрастанцыя імя Леніна была запушчана. На яе адкрыцці прысутнічаў выдатны дзеяч партыі і дзяржавы – сакратар ЦК КПБ М. С. Патолічаў. Якая была ўрачыстасць! Нідзе навокал яшчэ і не “пахла” электрычнасцю, а ў дамах калгаснікаў ужо загарэліся першыя лямпачкі! З пускам ГЭС былі механізаваны працаёмкія працэсы ў вытворчасці. Частку электраэнергіі накіравалі на асвятленне школы, сельсавета, бібліятэкі. Міжкалгасная гідраэлектрастанцыя дала святло таксама ў дамы навакольных вёсак. За 12 гадоў дзейнасці ГЭС было выпрацавана 3700 тысяч кВт/гадзін электраэнергіі.

Калі пачалася суцэльная электрыфікацыя, калгасам стала нявыгадна трымаць абслугоўваючы персанал (1кВт каштаваў тады 3 капейкі). Станцыю закрылі, абсталяванне вывезлі, а памяшканне перапрафілявалі пад магазін. Праўда, у 1992 г. крама “пераехала” ў памяшканне сельсавета, і да пачатку 2000-х будынак лічыўся аварыйным.

У 2007 годзе дзяржаўнае аб’яднанне “Мінскмеліявадгас” пачало рэканструкцыю, а дакладней – поўнамаштабнае будаўніцтва па падключэнні міні-ГЭС у агульную электрасетку. Работы вяліся па праграме абласнога выканаўчага камітэта. На адроджанай Сакаўшчынскай электрастанцыі ўстанавілі 3 турбіны магутнасцю па 75 кВт. Кіраваў працэсам Уладзімір Казіміравіч Дабраловіч, які на той час працаваў у абласным аб’яднанні. А весці работы даручылі ДУП “Валожынскае ПМС”. Узвядзеннем аб’екта займаліся брыгады пад камандаваннем прараба Дзмітрыя Спічака і галоўнага інжынера Юрыя Савіцкага. Запуск гідраэлектрастанцыі ў эксплуатацыю адбыўся ў чэрвені 2008 года. Яна працуе і сёння, магутнасці дастаткова, каб поўнасцю забяспечыць электрычнасцю ўсю вёску і яе інфраструктуру. Гэта танны спосаб атрымання электраэнергіі: практычна ніякіх затрат несці не трэба, і кошт аднаго кілавата на выхадзе нашмат меншы, чым з іншых крыніц.

Даведка:

Анатоль Пятровіч ГОРСКІ нарадзіўся ў 1918 годзе ва Украіне. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на тэрыторыі Беларусі. Узначальваў дыверсійную роту партызанскага атрада “Штурм”, які дыслацыраваўся ў Налібоцкай пушчы. Затым узначальваў эскадрон, ваяваў з ворагам на яго тэрыторыі ў Германіі.

На вызваленай Валожыншчыне пасля вайны застаўся аднаўляць разбураную народную гаспадарку. Стаў старшынёй калгаса імя Варашылава, цэнтрам якога з’яўлялася вёска Канюшаўшчына.

Пры аб’яднанні дробных сельгасарцеляў энергічнага, няўрымслівага кіраўніка абралі старшынёй калгаса “1 Мая”. За шаснаццаць гадоў на гэтай пасадзе ў поўную моц праявіўся рознабаковы талент добрага арганізатара, працаўніка і гаспадара.

Кіраваў будаўніцтвам ГЭС імя Леніна на рацэ Заходняя Бярэзіна. Пры А. П. Горскім змяніўся і выгляд вёскі Сакаўшчына. Пабудаваны прасторныя жывёлагадоўчыя памяшканні з мясцовых будматэрыялаў, Дом культуры з глядзельнай кіназалай на 100-150 месцаў, бібліятэка і праўленне гаспадаркі, фельчарска-акушэрскі пункт і калгасны краязнаўчы музей, драўляныя будынкі школы. Неўзабаве ў Сакаўшчыне пачаў працаваць дзіцячы сад і радзільнае аддзяленне. Разгарнулася і індывідуальнае будаўніцтва жылля, будматэрыялы вырабляліся з мясцовай сыравіны.

Дасягненні калгаса дэманстраваліся ў кінахроніцы не толькі ў рэспубліцы, але і ва ўсім СССР. Неаднаразова прадукцыя калгаса прадстаўлялася на ўсесаюзнай выставе народнай гаспадаркі ў Маскве.

На кані, на матацыкле, на старэнькім “ГАЗіку” да вячэрняга змроку, а іншы раз і ўначы, наведваўся старшыня на палі, фермы і майстэрні. Сачыў за парадкам, каб не быў пакрыўджаны ніхто з працаўнікоў. За гэта – людская павага, любоў, аўтарытэт.

Да ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, медалёў у А. П. Горскага дабавіліся ўзнагароды за працу: два ордэны “Знак Пашаны”, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікія медалі за працу, Ганаровыя граматы і іншыя дзяржаўныя адзнакі.

Неаднаразова выбіралі яго ў склад Валожынскага райкама КПБ і члены бюро.

Да пенсіі Анатоль Пятровіч не дажыў усяго шэсць дзён. Памёр у снежні 1977 года.

У матэрыяле выкарыстаны здымкі з архіваў рэдакцыі раённай газеты,

а таксама раённага краязнаўчага музея