ААТ “ВАЛОЖЫНСКАЯ РАЙАГРАПРАМТЭХНІКА”, ЗАТ “АТЛАНТ” – 15 ГАДОЎ СУПРАЦОЎНІЦТВА!

Общество

2 жніўня 1996 года быў падпісаны кантракт паміж двума прадпрыемствамі. Супрацоўніцтва валожынцаў і сталічнага гіганта пачалося з выпуску адной пластмасавай дэталі да халадзільнікаў маркі “Атлант”. Сёння ў асартыменце паставак цэха – 296 найменняў прадукцыі і 30 зборачных канструкцый. У вытворчым працэсе задзейнічаны 59 ліцейных машын, іх абслугоўваюць 190 рабочых, якія працуюць у трохзменным рэжыме.

Як знак высокай павагі ўспрыняў калектыў цэха прыезд на прадпрыемства генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднання “Атлант” В. С. Шумілы. У яго, як і ў кожнага кіраўніка, напружаны графік работы, тым не менш Віктар Сцяпанавіч адшукаў час для візіту да правінцыяльных партнёраў, каб павіншаваць іх з нагоды юбілейнай гадавіны паспяховага супрацоўніцтва.

“Хрышчонымі бацькамі” тандэма “Атлант” – “РАПТ” можна смела назваць намесніка дырэктара па вытворчасці пластмасавых вырабаў Паўла Міхайлавіча Шчарбакова і былога дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Іванавіча Глябовіча. Яны, як людзі практычныя і дальнабачныя, своечасова разглядзелі перспектыўнасць супрацоўніцтва з буйнейшым манапалістам па выпуску бытавой тэхнікі. Аднадумцы-энтузіясты сярод паплечнікаў знайшліся, і хутка ў адным з памяшканняў сельгастэхнікі прыпісалася першая ліцейная машына. Далей усё ішло па прынцыпу “з маленькага ручайка нараджаецца рака”. З развіццём вытворчасці прасцейшыя станкі змяняліся на высокатэхналагічныя.

Але нават найноўшае абсталяванне, якое зараз эксплуатуецца на ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, само па сабе не гарантуе паспяховасці вытворчага працэсу. Чалавечы фактар – вось галоўны складальнік поспеху. Як гаворыць начальнік цэха пластмасавых вырабаў Віктар Мікалаевіч Шакун, кожны іх супрацоўнік варты таго, каб сказаць у яго адрас цёплыя словы падзякі за старанную працу і сумленнае стаўленне да службовых абавязкаў.

Кожны работнік калектыву – асоба цікавая і адметная. Вось, напрыклад, слесар-інструментальшчык Анатоль Іванавіч Зянько і наладчык Сяргей Аляксандравіч Жук. У іх розныя службовыя функцыі, але ў біяграфіі кожнага ёсць гады найвышэйшага выпрабавання, якое толькі можа выпасці на лёс мужчыны, – удзел у ваенных аперацыях падчас выканання інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане. А. І. Зянько і С. А. Жук не ахвотна дзеляцца ўспамінамі пра той перыяд жыцця, бо ўпэўнены, што чалавек павінен праяўляць свае лепшыя якасці ў мірнай справе: працаваць з поўнай аддачай сіл, выхоўваць дзяцей, дбаць пра дабрабыт сям’і.

Заслугоўваюць пахвалы і жанчыны-ліцейшчыцы: Тарэса Іода, Тамара Нарэйка, Валянціна Зянько, Алена Ліштван, Алена Цыуля, Валянціна Іода, якія і на рабоце спраўна працуюць, і дома гаспадыні выдатныя.

Але ёсць чалавек, добрыя словы пра якога гучаць асабліва часта. Гэта машыніст экструдэра Міхаіл Іванавіч Бобрык. Бывае, гавораць: “Працоўны калектыў – другая сям’я”. Дык вось калі разглядаць у такім аспекце, то Міхаіл Іванавіч – той дзядуля-аксакал, які з’яўляецца носьбітам і захавальнікам лепшых традыцый, разумным дарадцам, а часам – і мудрым міратворцам. За шмат дзесяцігоддзяў яго ніхто не бачыў у дрэнным настроі, ніколі ён не канфліктаваў, ніколі не падвёў ні калег, ні начальства. Начальнік цэха В. М. Шакун небеспадстаўна заяўляе: “Калі б кожны так умеў жыць, працаваць, ладзіць з людзьмі, то мары чалавецтва аб лепшым даўно б сталі рэальнасцю…”

Што ж, золаташукальнікі ведаюць: калі трапляюцца самародкі, то парода не пустая, ёсць сэнс на яе разлічваць… Значыць, і ў цэха па выпуску пластмасавых вырабаў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” перспектывы выдатныя! Кіраўніцтва і ўвесь працоўны калектыў заклалі трывалы фундамент, справу сваю ведаюць і вераць у поспех.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий