Анатоль ІСАЧАНКА: праблем, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні дзяржавы, становіцца ўсё менш

Официально

Гэты факт адзначыў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі падчас праведзенага на Валожыншчыне прыёму грамадзян. Анатоль Міхайлавіч падкрэсліў: «Людзі ўсё часцей звяртаюцца з тымі праблемамі, якія магчыма вырашыць на мясцовым узроўні. З боку дзяржавы па глабальных праблемах усе механізмы выпрацаваны, канкрэтныя рашэнні прыняты. Справа – за выканальнікамі, якія іншы раз недзе недапрацоўваюць».

На думку Анатоля Ісачанкі, гэта самае адбылося і з агучанай у час прыёму праблемай, з якой ад імя жыхароў аграгарадка Вішнева прыйшоў Віктар Якаўлевіч Аль. Просьба яго не новая для чытачоў раённнай газеты і тычылася спынення работ па газіфікацыі населенага пункта.

Жыхары стварылі кааператыў, аплацілі частку праектных работ і з нецярпеннем сталі чакаць, пакуль у іх дамах з’явіцца блакітнае паліва. А тым часам траса пракладкі газавых труб змянілася, што прывяло да значнага падаражэння работ. У выніку фінансаў не хапіла, і працэс заканамерна спыніўся. Цяпер жыхары хвалююцца: інфармацыі, чаго чакаць далей і, галоўнае, калі, няма.

Анатоль Міхайлавіч узяўся асабіста вырашыць узнятае пытанне і пракантраляваць яго ход. Як адзначыў намеснік старшыні Нацыянальнага сходу, у Беларусі рэалізуецца адпаведная дзяржаўная праграма, і «выкінутых» з яе быць не павінна.

«Думаю, рашэнне будзе прынята станоўчае, хоць і не адразу, – сказаў віцэ-спікер. – Гутарка ідзе пра фінансаванне, сумы тут патрэбны немалыя. Будзем разбірацца, шукаць варыянты. Але людзей адзін на адзін з бядой не пакінем». У якасці адной з мер адказным службам даручана правесці паўторныя разлікі і павялічыць праект газаправоду, уключыўшы ў яго суседнія вёскі.

Таксама Анатоль Ісачанка ў рамках свайго візіту на Валожыншчыну наведаў мясцовыя аграсядзібы, пагутарыў з іх гаспадарамі. У першую чаргу яго цікавіла, як адбілася на дзейнасці агратурыстычнага кластара каронавірусная пандэмія, ці ўдалося стабілізаваць сітуацыю з адтокам наведвальнікаў. У нашым раёне гэты бізнес атрымаў шырокае развіццё (на тэрыторыі зарэгістравана больш за 60 сядзіб), уладальнікам дадзена магчымасць ільготнага крэдытавання, падатковыя і іншыя прэферэнцыі ад дзяржавы. На думку Анатоля Міхайлавіча, найбольш ініцыятыўныя змаглі імі скарыстацца і праявілі сябе з лепшага боку, занялі сваю нішу і працуюць паспяхова.

Сяргей САДОЎСКІ, фота аўтара