Дарожнікам — шчырая падзяка!

"Минщина, мы тобой гордимся!" Общество

Фота са свабодных крыніц выкарыстана ў якасці ілюстрацыі

У ліпені ў раённы выканаўчы камітэт прыйшоў ліст за подпісам многіх членаў садовых таварыстваў Валожыншчыны. У ім людзі шчыра дзякуюць за праведзенае асфальтаванне дарогі. Прыводзім пісьмо цалкам.

Распаўсюджванне каронавіруснай інфекцыі COVID-19 прадэманстравала неацэннасць летняга адпачынку на дачах, у садовых таварыствах. На гэта ўказаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, адзначыўшы, што «пандэмія падштурхнула нас да таго, каб людзі пайшлі ў вёскі і сталі купляць участкі».

Аўтамабільная дарога Н-8301 Туркаўшчына — ст. Пралескі (Валожынскі раён) вядзе да больш як 15 буйных садовых таварыстваў. Гэта дарога прынята на баланс філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167» у 1998 годзе. Гэта значыць шашы ўжо больш за 20 гадоў. Яна заўсёды мела грунтавое пакрыццё, і пасля дажджоў дастаўляла шмат нязручнасці і дыскамфорту ўсім, хто па ёй ехаў да сваіх дачных участках. Па гэтай дарозе таксама курсіруюць маршрутныя таксі з Мінска, якімі карыстаюцца шматлікія садоўнікі-аматары. Для многіх з іх гэта адзіны транспарт, які дазваляе трапіць на дачы.

У бягучым годзе, калі адпачынак на дачы стаў настолькі актуальным, пасля шматлікіх зваротаў значная частка аўтамабільнай дарогі Н-8301 у самыя кароткія тэрміны і якасна была заасфальтавана. Работы вяліся сіламі філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» — «ДРБУ № 167». Хочацца выказаць падзяку супрацоўнікам арганізацыі за аператыўнасць і якасць! Асобныя словы падзякі – галоўнаму інжынеру філіяла Дзмітрыю Віктаравічу Князеву. Цяпер кожная паездка прыносіць велізарнае задавальненне і радасць усім аўтааматарам!

Асфальтаванне ўчастка аўтадарогі Н-8301 прадэманстравала гатоўнасць мясцовых улад і Мінаблвыканкама чуйна рэагаваць на звароты грамадзян і якасна выконваць пастаўленыя перад кіраўніцтвам раёна і вобласці задачы.