Праз сумненні — да прафесіяналізму

Люди и судьбы Общество Ступені поспеху

Адзін з лепшых урачоў Валожыншчыны, гінеколаг ад Бога, адказны спецыяліст, чалавек, які не падвядзе… Такую характарыстыку Інне Юр’еўне НІКАЛАЕВАЙ даюць у адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы. Гэтага доктара добра ведаюць у родным Івянцы. Чвэрць стагоддзя яна аддана змагаецца за здароўе жаночай палавіны пасёлка і наваколля. Урача ўльтрагукавой дыягностыкі ведаюць і жыхаркі Валожына – на працягу апошніх гадоў Інна Юр’еўна, нягледзячы на значную нагрузку на асноўным месцы працы, знаходзіла час, каб з прымяненнем складанай тэхнікі дапамагаць калегам з райцэнтра ставіць пацыенткам правільныя дыягназы.

Працэс выбару прафесіі для яе быў няпростым. З аднаго боку – прыклад тых, перад кім схіляла галаву, – Мечыслава Вацлававіча Акулінскага (былы галоўны ўрач Івянецкай бальніцы) і яго жонкі Тамары Іванаўны. З гэтымі асобамі ў дзяцінстве пазнаёмілася дзякуючы маці, якая працавала ў медустанове галоўным бухгалтарам. Пара ў белых халатах аказала вялікае ўздзеянне на яе ўспрыняцце прафесіі. Здавалася, перад ёй небажыхары, сапраўдныя інтэлігенты, чые паводзіны, думкі і меркаванні ніколі і ні ў якім выпадку не могуць не быць высакароднымі. Стаць такой, як яны, стала марай.

Існаваў і іншы бок яе асабістага прафвызначэння. Прыроджаная схільнасць да самакрытыкі пастаянна застаўляла задавацца пытаннем: “А ці змагу я?” І зноў сумненні… Усё ж, не памылілася, змагла. За 25 гадоў набыла багаты вопыт, карыстаецца павагай у людзей і калег. Але і зараз крытычнае стаўленне да сябе як чалавека і спецыяліста застаецца часткай натуры.

Сёння здаюцца смешнымі яе першыя спробы быць доктарам. Добра помніць, як разам з сяброўкай “ратавалі” жабку. Небарака, што трапіла ў дзіцячыя рукі, была халоднай, таму юныя дакторкі вырашылі “хворую” адагрэць на печы. Вынік, зразумела, быў лятальны, але той выпадак назаўсёды ўпэўніў дзяўчынку ў наступным: для лячэбнай практыкі патрэбны адмысловыя веды. Таму Інна засела за падручнікі. Акрамя дысцыплін, неабходных для паступлення ў медыцынскія ВНУ, шчыра паважала матэматыку, захаплялася англійскай мовай. Што б выбрала, каб па нейкай прычыне не змагла вучыцца на доктара, невядома. Відавочна адно: такі перфекцыяніст абавязкова б дасягнуў вышынь у любой дзейнасці.

Інна Юр’еўна прызнаецца: сёння працаваць урачом-гінеколагам значна лягчэй – за апошнія дзесяцігоддзі з’явілася мноства сучасных методык абследавання, якія, будучы памножанымі на вопыт і жаданне дарыць палёгку, даюць цудоўны вынік падчас дыягностыкі і лячэння. Радуе жаночага доктара і тое, што самі прадстаўніцы прыгожай палавіны чалавецтва з кожным годам становяцца больш дасведчанымі, разумеюць: здароўе – гэта, у першую чаргу, прафілактыка.

Covid для доктара Нікалаевай, як і для большасці медыцынскіх работнікаў свету, стаў сапраўдным выпрабаваннем. Яшчэ ў кастрычніку-лістападзе мінулага года, калі ўпершыню даведалася пра вірус, зразумела: гэта бяда не абміне і нас. Вось толькі ўявіць, што ёй, гінеколагу, давядзецца аператыўна ўспамінаць інстытуцкія заняткі па вірусалогіі, інфекцыйных захворваннях, не магла. Аднак факт застаецца фактам. Менавіта яна сёння ўзначальвае барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй у Івянецкай зоне. Разам з іншымі прадстаўнікамі кантактнай групы, а гэта ўрач-рэнтгенолаг, хірург Сяргей Пятровіч Нікалаеў, урач агульнай практыкі Сяргей Міхайлавіч Ярмак, медыцынскія сёстры Ала Фадзееўна Шкрадзюк, Таццяна Уладзіміраўна Зайлянкова, Алеся Віктараўна Ламака, старэйшая медсястра Алена Станіславаўна Хімарода, І. Ю. Нікалаева штодня аказвае дапамогу людзям, якія ў той ці іншай ступені адчуваюць сімптомы захворвання.

На жаль, пакуль пра паўнацэнныя выхадныя ім даводзіцца толькі марыць. Асабіста Інна Юр’еўна не адпачывае аж з красавіка. Да таго ж, даводзіцца апранаць спецкасцюмы, а гэта, асабліва спёкай, зусім не задавальненне. Але доктар не скардзіцца, разумее: у сітуацыі ніхто не вінаваты. І ўсё ж таксама, як і іншыя медыкі, просіць грамадзян: “Асцерагайцеся! У людныя месцы накіроўвайцеся толькі ў масках і пальчатках, а лепш пазбягайце натоўпу. Не ўскладняйце нашу працу. Беражыце сябе і тых, хто побач!”

Сёлета напярэдадні прафесійнага свята Інна Юр’еўна Нікалаева была адзначана Падзякай старшыні Мінаблвыканкама. Віншуем Вас, доктар!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ