Без душы працаваць нельга…

Люди и судьбы Общество

Сацыяльны работнік – адна з прафесій, якія ў перыяд распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі літаральна на перадавой. І сапраўды, як бы выжывалі людзі пажылога ўзросту ў наш час, каб не спрытныя прадстаўніцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, чые сэрцы напоўнены спагадай і любоўю да чалавека. З іх дзейнасцю, таксама як і з самаахвярнай работай медыкаў, сёння звязаны нашы спадзяванні на перамогу над Covid – гэтым страшным нязваным госцем.

Сярод тых, хто незважаючы на дождж, снег ці спёку імчыць да сваіх падапечных, – сацыяльны работнік Таццяна Морская. Маладая жанчына сцвярджае: “У мяне пяцёра дзяцей і трынаццаць бабуль з дзядулямі!” Сапраўды, шматдзетная маці выгадавала трох дзяўчынак, двух хлопчыкаў, і ўжо восем гадоў ажыццяўляе догляд за адзінокімі пажылымі людзьмі і тымі, хто мае розныя ступені інваліднасці.

Выпускніца Маладзечанскага ўлікова-планавага каледжа распачала працоўную дзейнасць у якасці дыспетчара ў калгасе “Перамога”. Затым быў працяглы дэкрэтны водпуск, падчас якога пазнаёмілася з жанчынай, што працавала ў ТЦСАН. Станоўчую ва ўсіх адносінах Таццяну на работу ў сацустанову ўзялі з радасцю. Тая ж вельмі старалася даказаць: давер быў невыпадковым.

Сёння яе працоўны дзень запоўнены візітамі да “пастаянных кліентаў”, а таксама, улічваючы сітуацыю па каронавірусе, да тых, хто звярнуўся на гарачыя лініі ТЦСАН і грамадскіх арганізацый. Адказны чалавек умее жыць і працаваць па правілах, аднак упэўнена: у сацыяльнай рабоце кіравацца толькі тым, што маецца ў пэўных інструкцыях, нельга. Прафесія без перабольшвання патрабуе складальніка, які не прапісаны ні ў адным дакуменце – душэўнасці. Вядро вады ці вязанку дроў пажылому суседу прынясе нават чалавек з зачарсцвелай душой, а вось выслухаць, паспачуваць, шчыра абмеркаваць нейкую праблему можа далёка не кожны. Таму Таццяна стараецца ставіцца да людзей так, каб тыя адчувалі: іх разумеюць, яны патрэбныя…
Звычайна ў пачатку працоўнага дня яе рухавую постаць можна ўбачыць на вуліцы Падгорнай, затым – на Гагарына, пазней – у цэнтры горада, а яшчэ праз пэўны час яна на веласіпедзе ці пешшу імчыць у раён сельгастэхнікі і на вуліцу Леніна. Увесь час з сумкамі ў руках, і так штодня – людзям неабходна своечасова дастаўляць лякарствы, прадукты, іншыя тавары першай неабходнасці.

Шчырая ў адносінах, Таццяна Міхайлаўна прызнаецца: ёй сапраўды важна рабіць патрэбную справу. Да таго ж, ад тых, каму дапамагае, і сама атрымлівае станоўчую энергію. “У мяне на абслугоўванні ў асноўным інтэлігенцыя – былыя настаўнікі, урачы, іншыя спецыялісты. Гэта надзвычай цікавыя людзі, ад іх многаму вучуся. Мая работа ўсім, і мне ў тым ліку, дорыць радасць.”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара