Развітанне з Уладзімірам Караткевічам

Год малой Родины Культура

Высокі дзяржаўны ордэн Дружбы народаў, якім узнагародзілі Уладзіміра Караткевіча ў 1980 годзе ў сувязі з яго пяцідзесяцігоддзем, стаў, як на той час, хоць невялікай, але своеасаблівай індульгенцыяй для пісьменніка. Яго пачалі ахвотней друкаваць, пускаць за мяжу, часцей запрашаць на розныя нарады, уключаць у склад розных камісій, дэлегацый. Менш дакучалі ў цэнтральных партыйных выданнях розныя “дабрадзеі” сваімі неабгрунтаванымі крытычнымі выпадамі. Але, на жаль, не шкадавалі розныя нягоды, найчасцей – хваробы.

Прагрэсіравала цяжкая хвароба жонкі Валянціны Браніславаўны. а з гэтым усчаліся і шматлікія, далёкія ад творчасці, клопаты. Яе часта сталі класці ў шпіталі – і ў мінскія, і ў анкалагічны ў Бараўлянах. А 28 лютага 1983 года мы, блізкія і сябры Уладзіміра, праводзілі яго спадарожніцу жыцця ў апошні шлях. Літаральна ж праз дзень пасля аднаго пахавання – другое: памірае родная сястра маці, любімая цётка Уладзіміра Жэня…

Вось як згадаў Адам Мальдзіс у кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” той час:

“Новая аперацыя не выратавала Валянціну Браніславаўну, і з кожным днём ёй, а з ёй і Валодзю, рабілася ўсё горш і горш. Памерла яна ў самы апошні дзень лютага 1983 года – адначасова з Валодзевай цёткай, у якой ён жыў у Кіеве [цётка Жэня памерла на дзень пазней. – В. Р.], і Міколам Прашковічам, з якім ён сябраваў у шасцідзесятыя гады. На пахаванне прыйшлі Барадулін, Брыль, Быкаў, Гілевіч, Зуёнак, Кісялёў, Някляеў, Рагойшы, супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства на чале з дырэктарам. Усіх здзівіла выступленне на могілках аднаго археолага, які ў свой час многа нашкодзіў Валянціне Браніславаўне. Але мне сказалі, што перад смерцю нябожчыца змяніла да яго адносіны і нават прасіла начальства, каб яго зрабілі старшым. Валодзя трымаўся даволі мужна. Толькі паўтараў, што без Валі не ўяўляе сабе далейшага жыцця. Хацеў кудысьці з’ехаць з хаты, каб хоць крышку “адтаць душой”.

Праз год, калі адкрывалі помнік на Паўночных могілках на Валінай магіле, мы прачыталі такую эпітафію, напісаную Уладзімірам:

Вечна будуць дрэвы шумець
над зямлёй,
Над нашай адвечнай зямлёй,
Над зямлёй, што была і тваёй, і маёй,
Над зямлёй, што стала цяпер тваёй
І што скора будзе маёй.

Прысутных устрывожыла такое Валодзева самапрароцтва… Сам ён усімі сіламі стараўся трымацца, не ўжываць спіртное. Аднак час ад часу і зрываўся. Вяло гэта, як правіла, да шпітальнага ложка. Так, у канцы лютага 1984 года з дыягназам “цыроз печані, пячоначная кома” яго паклалі ў рэанімацыю Лечкамісіі. У апошняй дэкадзе сакавіка яго перавялі ў агульную палату. Там мы з Таццянай наведалі яго. Тады ж запрасілі прыехаць улетку да нас на Ракаўшчыну адпачыць. Намякнулі, што адначасова хочам наладзіць сустрэчу яго з вельмі цікавымі людзьмі – нашымі сваякамі.

Летам таго года да нас з Масквы павінна была прыехаць у госці (зрэшты, і прыязджала) уся сям’я славутых у той час кіношнікаў Бадровых: Сяргей Бадроў-старэйшы, яго жонка Валя (дарэчы, беларуска па паходжанні), сын Сяргей Бадроў-малодшы (загінуў пазней трагічна на Каўказе, падчас кіназдымак, у Кампрадорскай цясніне) і маці Ірына Аляксандраўна – стрыечнаая сястра Таццяны Вячаславаўны. Сяргей Бадроў-старэйшы быў ужо вядомы тады як кінасцэнарыст і рэжысёр, у прыватнасці стваральнік такіх шырокавядомых фільмаў, як “Любімая жанчына механіка Гаўрылава” з Людмілай Гурчанкай у галоўнай ролі, “Каўказскі палонны” і інш. Сяргей Бадроў-малодшы таленавіта заявіў сябе як вядучы ўсесаюзнай тэлепраграмы “Время”, кінаартыст, пачынаючы рэжысёр. Знаёмства іх з Караткевічам магло скончыцца стварэннем фільма па адным з твораў беларускага пісьменніка. Яшчэ раней, наслухаўшыся нашых аповядаў пра Янку Купалу, Сяргей Бадроў-старэйшы планаваў напісаць кінасцэнарый пра драматычнае жыццё і смерць беларускага песняра. Мы ж хацелі спакусіць яго паставіць на “Масфільме” і фільм па нейкім творы нашага сябра і суседа па мінскай кватэры Уладзіміра Караткевіча. Вялікую надзею ўскладалі на іх летняе ракаўскае знаёмства.
На жаль, адбылася значная карэкціроўка нашых намераў.

У красавіку Уладзіміра Караткевіча накіравалі пасля шпіталя на рэабілітацыю ў санаторый “Аксакаўшчына”, што ў трох кіламетрах ад Ракава. Тут яго, дарэчы, 22 красавіка наведалі Фэлікс і Язэп Янушкевічы.
“Абвострана вымалёўвае памяць апошні Вялікдзень у жыцці Караткевіча, праведзены ім паблізу Ракава, у “Аксакаўшчыне”, – прыгадвае Фэлікс. – Ранічкай, не паведамляючы, прайшоўшыся па абуджанай вясной зямлі і галаслівым ад спеву птушак лесе, заходзім з братам у ягоную палату. Там сядзела перакладчыца з Масквы Валянціна Шчадрына. Убачыўшы нас, Караткевіч паспешліва развітаўя з ёй, магчыма, прытомлены. Пахрыстосаваліся. Акрамя традыцыйных чырвоных яек з вяндлінкай мы прынеслі яму ў падарунак вялікі, старадаўняй формы саламяны картуз работы мясцовага майстра. Караткевіч уздзябурыўяго на галаву ды глянуўшы ў люстэрка, весела зарагатаў і ўжо праз увесь час не скідаў. Я зрабіў шмат здымкаў, нібы ў прадчуванні. Размаўляючы, Караткевіч пазіраваў з ахвотай, хоць увесь час займаўся справай: то разглядаў і хацеў адрамантаваць японскі фотаапарат, які пакінула наведніца, то браў у рукі адну з некалькіх запісных кніжак, раскіданых навокал (на падаконніку ды на ложках), і штосьці, спяшаючыся, дробнымі літарамі занатоўваў”.

Успаміны брата Фэлікса дапаўняе Язэп:

“Было адно з апошніх спатканняў з пісьменнікам у Ракаўскіх ваколіцах, у санаторыі “Аксакаўшчына”. Гэта было на Вялікдзень 22 красавіка 1984 года. Тады якраз выйшаў асобным выданнем “Чорны замак Альшанскі” з ілюстрацыямі Пятра Драчова. На ім У. Караткевіч “цвёрдым почыркам“ выразна напісаў: “Дарагім маім сябрам, усім-усім-усім Янушкевічам, з пажаданнем узляцець высока-высока, з пажаданнем шчасця”.

Праз некалькі дзён пасля Янушкевічаў наведалі Караткевіча ў “Аксакаўшчыне” і мы з маёй Таццянай Вячаславаўнай, каб ужо канкрэтна дамовіцца пра яго ракаўскую пабыўку. Я нагадаў Уладзіміру пра дадзенае ім абяцанне частку таго лета правесці ў нас у Ракаве.

Я і цяпер помню нейкі нібыта вінаваты выраз твару Уладзіміра, калі ён на мой напамінак адказаў:
“Бачыш, Слава, як я старэю – нават памяць падводзіць. Абяцаў табе, а забыўся, што сёлета мы, выпускнікі Кіеўскага ўніверсітэта 1954 года, дамовіліся аб сустрэчы: роўна 30 год як скончылі ўніверсітэт. А тут Валька Ждановіч і Пеця Драчоў падбіваюць паплаваць на плыце па Прыпяці. Хочацца яшчэ раз зірнуць на Палессе. Так што даруй. Але ж застаецца яшчэ канец лета і пачатак восені. Тады і заедзем да тваіх сімпатычных дзядзькі Пятра і цёткі Валі. Пацягаемся па ракаўскіх лясах, пазбіраем грыбоў…”.

Абяцанне, на вялікі жаль, аказалася нявыкананым. Бадровы ў другой палове таго лета сапраўды да нас прыязджалі. Усёй сям’ёй. Сяргей Бадроў-старэйшы з жонкай Галяй, маці Ірынай, сынам Сяргеем, тагачасным вучнем адной з маскоўскіх школ, які пазней удала зарэкамендаваў сябе як акцёр не толькі ў фільме бацькі “Каўказскі палонны”, але і ў такіх папулярных фільмах, як “Брат-1” і “Брат-2”. Сяргей Бадроў-малодшы, дарэчы, у тое лета захапіўся творчасцю Уладзіміра Караткевіча. Ягоны аднагодак –наш сын Максім – цэлымі днямі, а то і па вечарах чытаў і перакладаў яму на рускую мову “Чорны замак Альшанскі”. Хлопцаў нават нельга было даклікацца на абед ці вячэру.

Мы думалі, як лепш арганізаваць сустрэчу Бадровых з Караткевічам. Ведалі, што Квараткевіч ужо вярнуўся з Кіева. Чакалі, калі скончыцца яго падарожжа па Прыпяці. Аднак 25 ліпеня ў наш ракаўскі дом паштальён прынёс неспадзявана-трагічную тэлеграму ад Адама Мальдзіса з Мінска: “Памёр Валодзя. Пахаванне 27 ліпеня”…

На пахаванне Уладзіміра Караткевіча ў Мінск мы паехалі разам з Бадровымі. На ракаўскіх палетках наш Максім і яго равеснік Сяргей Бадроў-малодшы нарэзалі нажамі цэлы сноп жыта, перавязалі яго васільковым пярэвяслам, потым надламалі верхнюю частку снапа, нібы сярпом надрэзалі. Атрымалася: каласы пад сярпом…

На Усходніх могілках пад труну Уладзіміра Караткевіча, разам з самымі блізкімі яго сябрамі, сваё плячо падстаўляў і я. Хоць нас было чалавек восем, але труна тая, калі мы неслі яе да выкапанай магілы, здалася нам невыносна цяжкой, ажно слёзы з вачэй закапалі… Свой ракаўскі “вянок” мы ўсклалі на свежы магільны курганок. Ён адмыслова-сімвалічна вылучаўся сярод мора чырвоных і белых ружаў, гваздзікоў, што ўкрылі магілу яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры, які згарэў дачасна, у няпоўныя 54 гады…

Вячаслаў Рагойша