СВЯТА ВЁСАК САЛАНАЯ І БАБРОВІЧЫ САБРАЛА ШМАТ ГАСЦЕЙ

Официально

Свята вёсак Саланая і Бабровічы, якое прайшло на мінулым тыдні, сабрала шмат гасцей. Больш за 100 чалавек завіталі на гэта мерапрыемства, для ўсіх гасцінна расчыніў дзверы Бабровіцкі СДК.

Першапачаткова свята планавалася правесці на свежым паветры ў Саланой, але ўнёс свае карэктывы дождж. Таму давялося тэрмінова “перадыслацыравацца” ва ўтульную залу Дома культуры. Падчас тэатралізаванай пастаноўкі артысты СДК правялі экскурс у мінулае абедзвюх вёсак і стварылі тым самым прэамбулу для афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства. А зрабіла гэта старшыня раённага Савета дэпутатаў Марына Аляксандраўна Іода – таксама мясцовая жыхарка.

Як водзіцца, на свяце былі ўшанаваны самыя маленькія вяскоўцы Данііл Сашнікоў і Паліна Галавачова, доўгажыхары населеных пунктаў – 97-гадовая Анастасія Сяргееўна Іода і Ганна Фадзееўна Захарэвіч, якая сёлета адзначыць 90-годдзе. На жаль, здароўе не дазволіла бабулькам прысутнічаць на ўрачыстасці, таму цёплыя словы і падарункі ім даставілі дадому. Павіншавалі заслужаных членаў гаспадаркі, ветэранаў працы Дзмітрыя Максімавіча Унучака, Аляксандра Фёдаравіча Шчарбачэвіча і іншых. Былы механізатар калгаса імя Суворава Д. М. Унучак, напрыклад, у свой час першы ў раёне атрымаў трактар, яго працоўная біяграфія адзначана шматлікімі выдатнымі дасягненнямі. А. Ф. Шчарбачэвіч таксама працаваў у гэтай гаспадарцы – вадзіцелем. Ён быў душой любой кампаніі, пацвердзіў гэта і на свяце вёсак, падарыўшы слухачам ад старэйшага пакалення цудоўную песню.

На мерапрыемстве не абышлі бокам і тых гаспадароў-акуратыстаў, якія парадак на сваіх сядзібах даводзяць да ідэальнасці. Прадстаўнікі ўлады павіншавалі пераможцаў конкурсу на лепшы падворак – колішнюю настаўніцу Даўбенеўскай базавай школы, жыхарку вёскі Саланая Анастасію Міхайлаўну Супрон і Міхаіла Сцяпанавіча Шарко з Бабровічаў (на здымках). Акрамя цудоўных музычных нумароў, якія дарылі ім і ўсім прысутным артысты з Бабровічаў, Пяршаяў і Валожына, атрымалі гэтыя людзі і памятныя падарункі. Спонсарам мерапрыемства пры падтрымцы райсавета дэпутатаў выступіў Валожынскі сельскі выканаўчы камітэт.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий