Гісторыя валожынскага кінатэатра

Культура Общество Ступені поспеху

На фотаздымку мы бачым маладых людзей, якія стаяць каля старога кінатэатра “Радзіма” па вуліцы Савецкай у Валожыне побач з сярэдняй школай № 1. На калонах замацавана афіша, на якой змешчана назва фільма: “Таленты і паклоннікі”. Карціна знята на кінастудыі “Ленфільм” у 1955 годзе рэжысёрамі Андрэем Апсалонам і Барысам Дмахоўскім па аднайменнай п’есе А. М. Астроўскага.

Сам будынак пабудаваны пры польскім часе. З успамінаў Веры Іванаўны Перапечы стала вядома, што тут раней размяшчаўся магістрат – выканаўчы орган гарадскога кіравання, першыя выбары ў якім адбыліся 28 ліпеня 1929 года. Кіраваў магістратам бургамістр Станіслаў Швед.

У пасляваенны час у гэтым будынку месціліся клуб і вышэйзгаданы кінатэатр. Танцавальная і глядзельная зала на 200 месцаў дзялілі адно памяшканне. Жыхары горада любілі бавіць тут вольны час. Пры дэманстрацыі кінафільмаў зала была поўная. Калі ж ладзіліся танцы, лаўкі ставілі каля сцен.

Некаторы перыяд у гэтым будынку функцыянаваў мэблевы магазін, пазней размяшчалася бухгалтэрыя райспажыўтаварыства. У 90-я гады будынак разабралі.

А вось новы кінатэатр адкрыў дзверы для гледачоў 22 лютага 1972 года на плошчы Свабоды. Першы фільм, які ўбачылі валожынцы, называўся “Маладыя”. Сеанс быў бясплатным. Гэта меладрама здымалася ў кінастудыі “Масфільм” рэжысёрам Мікалаем Маскаленкам у 1971 годзе. У галоўных ролях былі задзейнічаны вядомыя акцёры: Яўген Кіндзінаў, Любоў Няфёдава, Нона Мардзюкова, Таццяна Пельцэр і інш.

3 студзеня 2007 года кінатэатр “Юнацтва” быў закрыты, бо перастаў адпавядаць патрабаванням часу. Пасля праведзенай рэканструкцыі праз 16 месяцаў перад жыхарамі Валожына кінатэатр паўстаў у новым абліччы. Вельмі прыгожай стала глядзельная зала на 338 месцаў, прасторнае фае, вялікая сцэна. На адкрыцці кінатэатра прысутнічалі паважаныя госці: кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Г. М. Нявыглас, старшыня Мінскага аблвыканкама Л. Ф. Крупец і інш. Сёння гэты будынак упрыгожвае заходнюю частку плошчы нашага горада.

Але ці ведаюць шаноўныя чытачы пра тое, што жыхары Валожына мелі магчымасць глядзець кінафільмы значна раней, яшчэ ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя? Прыстасаванае памяшканне для гэтых мэт знаходзілася на тэрыторыі былой графскай рэзідэнцыі Тышкевічаў. Жыў у той час у Валожыне багаты чалавек Міхаіл Ванд Поляк, які меў непасрэдныя адносіны да тых падзей. Вось што ён расказваў: “Да мяне звярнуўся мясцовы стараста з просьбай адкрыць кінатэатр. У маёнтку графа быў закінуты кароўнік, які я мог выкарыстоўваць бясплатна для паказу фільмаў. Гэты будынак я адрамантаваў, паставіў лаўкі, правёў электрычнасць. Пан Камай, яўрэйскі інжынер, кіраваў рамонтнымі работамі, пан Цві Керштэйн з Вільні адказваў за ўсю работу кінатэатра. Першы фільм, які паказалі гледачам, называўся “Шуламіт”. Мая цешча Сара Рудэнская папрасіла, каб яе завялі ў кінатэатр. Яна была ўпэўнена, што за экранам выступаюць жывыя людзі і жывёлы. Калі на экране з’явіўся трэнер з коньмі, якія хутка набліжаліся да яе, то яна вельмі моцна закрычала: баялася быць растаптанай. Дома я ўбачыў цешчу, якая была вельмі ўражана фільмам. Звярнуўшыся да мяне, яна сказала: “Я не ведала, мой дарагі Міхаіл, што ты такі багаты: усе дамы, вуліцы, коні, фурманкі, рабы, графы, прынцэсы, іх багатыя асабнякі належаць табе!” У той вечар мая цешча вельмі мяне паважала і ганарылася мною”.

Такія ж уражанні, як у цешчы Поляка, былі ў многіх жыхароў Валожына пасля прагляду гэтага фільма. Таямніца кінамастацтва была раскрыта гледачамі правінцыі крыху пазней.

З успамінаў былога жыхара Валожына Васіля Гарбачэўскага стала вядома, што пры паляках тэрыторыя і будынкі былой графскай рэзідэнцыі належылі ваенным, таму ля ўязных варот стаяў паставы салдат.

Дарослых жыхароў на тэрыторыю гарнізона не прапускалі, а вось дзеці маглі наведаць вайсковую краму, якая размяшчалася ў будынку кінатэатра, і заапарк, дзе жылі ў клетках два ваўкі, ліса, вавёркі, две казулі. Але, калі адбываліся кінасеансы, усе жадаючыя праходзілі свабодна праз браму, нягледзячы на позні час.
Пазней было вырашана пабудаваць на гэтым месцы новы кінатэатр. Узвядзенне працягвалася два з паловай гады. Новы вайсковы кінатэатр адкрыўся ў 1937 годзе. Валожынцы ведалі, якія фільмы ім пакажуць. У горадзе былі тры рэкламныя кінавітрыны, дзе размяшчаліся “фатосы”, г. зн. фатаграфіі кінакадраў рэкламнага фільма.

Вось такі цікавы экскурс у гісторыю гарадскога кінатэатра атрымаўся дзякуючы адной невялікай фатаграфіі.
Паважаныя валожынцы, мы яшчэ раз звяртаемся да вас з прапановай: зазірніце ў свае сямейныя фотаархівы, адшукайце старыя фотаздымкі з цікавымі сюжэтамі і падзяліцеся сваімі гісторыямі з чытачамі газеты. Да новых сустрэч!

Матэрыял і здымак
прадастаўлены раённым музеем