Запаветныя лічбы

Важное Молодежный курьер Общество Ступені поспеху

100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове набрала выпускніца гімназіі № 1 г. Валожына Анастасія ГАЎРЫС. Не менш паспяховым для яе стаў прадмет грамадазнаўства, па якім атрымала 99 балаў.

Убачыўшы запаветныя лічбы, Анастасія, па яе словах, дзесяць разоў пераглядала старонку з вынікамі – ніяк не магла паверыць у свой поспех. Калі ж пасля шоку прыйшло сапраўднае ўсведамленне перамогі, агарнула надзвычайнае пачуццё радасці і самазадаволенасці. “Разлічвала на 90+, – расказвае дзяўчына. – Асабліва цяжка даліся тры новыя заданні, адказаў на якія не ведала. Давялося добра “пакапацца” ў галаве, каб прыйсці да высновы і напісаць правільна. Не менш складанымі былі і заданні са словаўтварэннямі. А ўсё астатняе ведала добра. Вялікую ўдзячнасць за дапамогу ў глыбокім авалоданні рускай мовы выказваю сваёй настаўніцы Таццяне Уладзіміраўне Чэрнік, а таксама Алене Антонаўне Кісель, з якой займалася дадаткова”.
На трэцім туры рэпетыцыйнага тэсціравання па грамадазнаўстве А. Гаўрыс атрымала 82 балы. “Гэты прадмет любіла ў школе – вельмі цікава яго выкладала Ірына Мечыславаўна Рыцікава. І калі надышоў час вызначыцца з выбарам, што буду здаваць – гісторыю ці грамадазнаўства, зразумела: апошняе мне бліжэй, – працягвае дзяўчына. – Шмат чытала, цікавілася, а здаючы тэсціраванне, дзе была няўпэўнена ў адказах, “уключала” логіку. Убачыўшы выніковыя лічбы, закрычала: “Ура!” – і ўсе мае дамашнія ва ўвесь голас са мной таксама”.

Цяпер Анастасія чакае вынікаў па англійскай мове. Аднак ужо сёння яна мае амаль 300 балаў: гімназію скончыла з атэстатам з адзнакай з сярэднім балам 9,7. У будучым мэтанакіраваная маладая асоба плануе стаць адвакатам ці пракурорам – аб гэтай прафесіі марыць даўно і збіраецца паступаць на юрыдычны факультэт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Тым жа, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам, стобальніца дае параду: “Ніколі не позна пачынаць: калі моцна штосьці жадаеце, але ёсць сумненні, ідзіце да сваёй мэты. Галоўнае – верыць у сябе”.

P.S. Як паведамілі ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, сёлета на цэнтралізаваным тэсціраванні гімназісты ўпэўнена трымаюць марку лепшых. У прыватнасці, Алена СТАНКЕВІЧ атрымала 99 балаў па рускай мове і 94 – па матэматыцы, Раман КЕЗІК і Ігнат ШАРГАРОДСКІ набралі па матэматыцы па 94 балы, а Наталля МАСЛОЎСКАЯ – 90, выніку ў 92 балы дасягнула Ксенія СІНОШЫНА па беларускай мове.

Алена ЗАЛЕСКАЯ