Майстар-клас — і ты ўжо ас?!

Молодежный курьер Спорт

У ліпені на стадыёне “Сельгастэхніка” адбыўся незвычайны майстар-клас, удзельнікамі якога сталі юныя футбалісты горада, што займаюцца ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, і падлеткі з мнагадзетных сем’яў.

Па ініцыятыве трэнераў мінскіх футбольных клубаў “Славянін” і “Славянка” Рамана Дзмітрыевіча Саракача і Дзмітрыя Львовіча Саракача адбыўся майстар-клас “Футбол для ўсіх”. Прапанову правесці яго падтрымаў дырэктар ФАЦ Аляксей Сяргеевіч Патапчанка і аказаў дапамогу ў арганізацыі.

Майстар-клас уключаў трэніровачны працэс – размінку, практыкаванні для розных груп мышцаў і на каардынацыю, а затым непасрэдна гульню. Пасля гульні пры падтрымцы кампаніі “КамгорыС” (дырэктар Сяргей Уладзіміравіч Сядур) для дзяцей быў арганізаваны фруктовы кэндзі-бар. Другая частка мерапрыемства праходзіла ў цёплай сяброўскай абстаноўцы.

І на гэтым цудоўны дзень не закончыўся. Пры падтрымцы ТАА “Сінтэгрыка” (кіраўнік Раман Іванавіч Мядзведзеў) усім удзельнікам былі ўручаны імянныя майкі клубаў “Славянін” і “Славянка”, кубкі і часопісы пра футбол. Арганізатары акцыі спадзяюцца, што майстар-клас даў юным аматарам футболу не толькі новыя веды, але і падштурхнуў іх да рэгулярных заняткаў і новых перамог. Зразумела, што адразу пасля гэтага “ўрока” ніхто не стане чэмпіёнам, бо спорт увогуле бясконцыя трэніроўкі, практычныя заняткі і даволі цяжкая праца, калі ты хочаш дабіцца вынікаў. Але футбол – адзін з самых масавых і даступных відаў спорту і адзін з прыярытэтных на Валожыншчыне. У нас ёсць каманды, якія ўжо паказваюць нядрэнныя вынікі. Таму добра было б, каб такія майстар-класы праводзіліся часцей.

Наталля ШТЭЙНЕР