Сацыяльная работа ніколі не заканчваецца

Люди и судьбы Общество

Работніца ТЦСАН Святлана Пятроўна Бубен, жыхарка вёскі Старынкі, працуе ў Івянцы. Яна не марыла з дзяцінства пра абавязкі сацыяльнага работніка, тым больш, што ў той час такой спецыяльнасці не было.

Вывучылася на швачку, працавала ў Дзяржынску на фабрыцы, але пасля замужжа пераехала на Валожыншчыну. Шчыравала на ферме. Аднойчы сяброўка Таццяна Чышэвіч, якая ўжо пэўны час уваходзіла ў склад калектыву цэнтра, параіла паспрабаваць свае сілы ў сацыяльнай рабоце. Кіраўнік установы прапанавала спачатку падмяніць чалавека на час дэкрэтнага водпуска. Святлана Пятроўна паказала сябе, як кажуць, з лепшага боку. З той пары ёй здаецца, быццам займалася дапамогай людзям усё жыццё.
Яе самаму малодшаму падапечнаму 55 гадоў (у мужчыны 2-я група інваліднасці), а старэйшая бабуля рыхтуецца сустракаць 95-гадовы юбілей. Каб своечасова паспець да ўсіх, хто чакае падтрымкі і дапамогі, а гэта 15 чалавек, нават уласны аўтамабіль задзейнічала. Для яе галоўнае – каб работа была выканана якасна і хутка, бо толькі ў гэтым выпадку можа знайсці хвілінку, каб проста пагутарыць з людзьмі. Калі бачыць, як вочы адзінокіх бабулек і дзядуляў ці іншых людзей, каму дапамагае, як валанцёр, свецяцца радасцю і задавальненнем, разумее: не дарэмна старалася.

Святлана Пятроўна асноўнай рысай чалавека, якому наканавана добра спраўляцца з падобнай работай, назвала цярпенне. Я ж упэўнена, што жанчына не магла сама сябе хваліць. А, між іншым, ва ўстанове, дзе працуе, яе назвалі адказнай, надзейнай і бясконца добрай.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара