Магістр-выратавальнік з Валожына

Молодежный курьер Общество Ступені поспеху

Нашаму земляку Дзмітрыю НАХАЮ яшчэ няма 30-і гадоў, а яго жыцёвыя вехі ўжо выклікаюць павагу і нават захапленне. Мяркуйце самі. Выпускнік валожынскай гімназіі з поспехам скончыў камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (зараз – універсітэт), затым завочна Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Працаваў на адказнай рабоце ў сістэме МНС, носіць капітанскія пагоны, мае прыгажуню-жонку, сваімі рукамі пабудаваў дом, літаральна месяц таму з залатым медалём скончыў магістратуру ў Акадэміі грамадзянскай абароны Расійскай Федэрацыі.

Адкуль такая мэтанакіраванасць і стойкасць у імкненні дасягаць пастаўленых мэт? Сам малады чалавек упэўнены: ад бацькоў, якія паказвалі толькі станоўчы прыклад, і ад настаўнікаў, што далі трывалыя веды, добра растлумачылі каштоўнасць адукацыі.

Чаму выбраў такі складаны, нават небяспечны прафесійны шлях – дакладна патлумачыць цяжка. Аднаго яскравага моманту, што стаў бы сапраўдным пунктам адліку, на самай справе не было. Да выбару прывёў шэраг падзей, сустрэч, уражанняў ад пачутага, прачытанага, убачанага. Дзмітрый прызнаецца: ужо ў старэйшых класах альтэрнатывы наконт прафесіі не меў.

Першы курс інстытута зараз успамінае з гумарам. Уявіце толькі: вельмі сціплы дамашні юнак, да выхавання якога прыклалі руку не толькі тата з матуляй, але і дзве старэйшыя сястры, апыніўся ў… казарме. Дысцыпліна, фізічныя і вучэбныя нагрузкі, адарванасць ад сям’і… Гэтыя абставіны прымусяць засумаваць любога. Але не нашага героя! Думкі пра тое, што ад цяжкасцей можна пазбавіцца ў адно імгненне (дастаткова забраць дакументы), калі і з’яўляліся, хутка сыходзілі на нуль. Вельмі ж моцнай была матывацыя. Хацелася даказаць, у першую чаргу сабе, што ёсць у ім цвёрды душэўны стрыжань, што не слабак, – мужчына. Ніколі не забудзе свой першы пажар, у ліквідацыі якога прымаў удзел яшчэ курсантам. Пэўны час сумняваўся, ці можна да падобнага прывыкнуць. Але ўсведамленне таго, што гэту работу хтосьці павінен выконваць (чаму не ён?), дапамагло пазбавіцца ад лішніх эмоцый.

“Ці цяжка быць выратавальнікам?” – пытаюся ў субяседніка. “Цяжка, – упэўнена адвазвае той, – у першую чаргу – фізічна. Ахоўны касцюм і неабходнае абсталяванне вагой дасягаюць 50 кг, а выпадкі, калі гінуць людзі, літаральна б’юць па псіхіцы…”

Любімай прафесіі ўжо аддадзена 11 гадоў. Да таго, як накіравацца ў Маскву, нёс службу ў якасці начальніка службы хімічнай і радыяцыйнай абароны Мінскай вобласці. Прапанову паехаць вучыцца ў магістратуры ў галоўнай расійскай ВНУ дадзенага кірунку палічыў вялім даверам, хоць былі і сумненні. Ён жа сямейны чалавек. Прыняць рашэнне дапамагла жонка. Яна – педагог, і вельмі любіць сваю работу. Аднак дзеля каханага, як тыя дэкабрысткі, ахвяравала два гады кар’еры і паехала з ім. “Палова дыплома належыць Маргарыце,” – жартуе малады магістр.

Маё асабістае назіранне: чым больш чалавек можа, умее, робіць, тым больш цяжка яму расказваць пра свае дасягненні. Вось і капітан Нахай такі ж. Калі гутарка ідзе пра работу, яе сэнс і складанасці, ён раскрываецца, а вось інфармацыю адносна таго, што ўвайшоў у тройку залатых медалістаў курса, мае мноства ўзнагарод за службу, вучобу, спорт і нават за ўдзел у творчых праектах і конкурсах (ён цудоўна іграе на гітары, спявае), давялося з яго “выцягваць”.

Падчас вучобы ў акадэміі беларускі выратавальнік не аднойчы здзіўляў аднакурснікаў і кіраўніцтва навучальнай установы сваім вакальным майстэрствам. Прыемна, што ў яго выкананні гучалі і песні на беларусай мове. Падчас канцэрта, прысвечанага дню нацыянальных культур, ён выйшаў на сцэну ў вышыванцы. На запісах, што захавала камера тэлефона, можна не толькі пачуць яго бархатны голас, але і бачыць рэакцыю залы. У момант, калі чуеш бурныя апладысменты, а затым назіраеш, як гледачы стоячы вітаюць артыста, у выпраўцы якога здалёк відаць афіцэр, адчуваеш бязмерны гонар.

Зараз Дзмітрый Міхайлавіч у водпуску, які прысвяціў сям’і і добраўпарадкаванню дома (дыплом інжынера-будаўніка даўно пацверджаны на практыцы). Чалавек у пагонах шмат чытае, цікавіцца псіхалогіяй, любіць якаснае кіно. Дарэчы, далека не заўсёды аддае перавагу выключна мужчынскім сюжэтам з катастрофамі, стральбой, бойкамі. З задавальненнем можа паглядзець і сур’ёную драму, і шчымлівую меладраму, і лёгкую камедыю…

Яго чакае новае назначэнне. Дзе давядзецца служыць, пакуль не ведае, хутка павінен атрымаць паведамленне з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Новы віток прафесійнага жыцця не палохае, наадварот, натхняе. Яго маладосць, вопыт, адукаванасць раскрываюць вялікія далягляды. Спадзяёмся, валожынскі гадаванец заўсёды будзе годна выконваць прафесійны і чалавечы абавязак у той рабоце, дзе ключавое слова – ратаваць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара