Найвышэйшае прызнанне жаночага абаяння, любові і клопату

Важное Общество Ступені поспеху

у Нацыянальнай бібліятэцы прайшла цырымонія ўручэння галоўнай дзяржаўнай узнагароды тым, хто выхоўвае ў сем’ях пяць і больш дзяцей – ордэна Маці. Кіраўнік Міншчыны Аляксандр Турчын павіншаваў 37 шматдзетных матуль з усёй вобласці. Сярод іх была і наша зямлячка – жыхарка аграгарадка Доры Алена ПАЛЯШЧУК.

Алена Валянцінаўна – матуля з няпростым лёсам. Пяцёра сваіх дзетак – прыгажуна Расціслава, разумніцу Веру, працавітую Мілану і пестуноў Сямёна і Ульяну – яна гадуе адна. Аднак гэтыя абставіны зусім не перашкаджаюць ім расці вясёлымі, дружнымі, гатовымі ў любую хвіліну прыйсці адзін аднаму і маме на дапамогу.

Да выхаду ў сацыяльны водпуск па доглядзе за дзіцем жанчына працавала ў Дорскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, там пра яе пачуеш толькі добрыя словы. Гэтак жа педагогі гавораць пра сына і дачок, якія вучацца ва ўстанове. У вольны ад заняткаў час старэйшыя сочаць, каб у вялікім і прыгожым доме быў парадак: з малышамі гэта задача не такая ўжо і простая. Але галоўнае, што ўсе ўмеюць шанаваць маміну працу і быць удзячнымі за ласку і бязмежную любоў, што яна дорыць без астатку…

Сяргей САДОЎСКІ