Жыхары раёна добра знаёмы з творчай асобай Людмілы Садоўскай. Вершы члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” неаднойчы публікаваліся ў газеце “Працоўная слава”, друкаваліся ў альманахах, на падыходзе зборнік аўтара “Вер у сябе”.
Людміла актыўна дасылае свае творы на конкурсы рознага ўзроўню. У яе скарбонцы Дыплом II ступені III Міжнароднага літаратурнага конкурсу ”Сузор’е духоўнасці-2019” у жанры “Духоўнасць” намінацыі “Лепшая кніга года”, дыпломы розных бліц-конкурсаў Міжнароднага Саюза Рускамоўных пісьменнікаў, у якіх паэтка апошні час актыўна ўдзельнічае, і інш.
Новым дасягненнем Людмілы Вячаславаўны стаў прыём 1 ліпеня ў Саюз пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі. Сёння ў аб’яднанні, якое было створана ў 2003 годзе Генадзіем Нордам разам з Рымай Казаковай і Яўгенам Яўтушэнка, шмат знакамітых людзей. Старшыня праўлення гэтай арганізацыі Генадзій Норд асабіста даслаў ліст нашай зямлячцы, дзе сказана: “Звычайна з аўтарамі і кандыдатамі ў члены звязваецца сакратарыят. Але Вашы вершы мне так спадабаліся, што вырашыў напісаць сам. Члены праўлення таксама высказаліся за прыём. Ваша ўступленне у Саюз дасць нам магчымасць ганарыцца такім членам, як Вы”. На заканчэнні ён пажадаў дабра і здароўя ў гэты нялёгкі для ўсіх час і поспехаў у творчасці.
Наогул, у аб’яднанне ўваходзяць не толькі літаратары, але і прадстаўнікі практычна ўсіх відаў мастацтва са шматлікіх краін свету. Саюз займаецца прапагандай славянскай (рускай, беларускай і г. д.) культуры за мяжой і дапамагае сваім аўтарам удзельнічаць у прэстыжных конкурсах, праяўляць сябе ў СМІ і інш.
Анжэла РАДЫНА