УШАНАВАНЫ СЕЛЬСКІЯ ЭСТЭТЫ

Общество

Святочны салодкі стол на прыродзе для жыхароў вёсак Дубоўцы, Сульжыцы і Шараі арганізаваў Дорскі сельвыканкам сумесна з уладальнікам аграсядзібы, руплівым фермерам Іосіфам Іванавічам Нехвядовічам.

Прычынай гэтаму паслужылі вынікі конкурсу на лепшы добраўпарадкаваны прыватны падворак вяскоўцаў. Старшыня сельвыканкама Рамуальда Браніславаўна Іваноўская, мясцовы дэпутат, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце ААТ «Дорскі» Валянціна Аркадзьеўна Саўген напярэдадні мерапрыемства пабывалі ў кожнай з гэтых вёсак, паглядзелі, як жыхары клапоцяцца пра вонкавы выгляд сваіх сядзіб.

Асабліва “рэвізорам” спадабаліся Дубоўцы, дзе радавалі вока пафарбаваныя фасады жылых дамоў, роўныя платы і безліч кветак у палісадніках. Своечасова вяскоўцы падкошваюць траву, знішчаюць пустазелле.

На свяце ўшаноўвалі гаспадароў лепшых падворкаў на аграсядзібе вышэйназванага фермера. Леакадзія Канстанцінаўна Сівіцкая, Яніна Іванаўна Більдзюк, Таццяна Рыгораўна Сабалеўская, Іван Аляксандравіч Токар з вёскі Дубоўцы, а таксама Юзэфа  Браніславаўна Більдзюк з вёскі Сульжыцы, Надзея Тарасаўна Ванслаў з Шараёў за ўзорны выгляд сваіх падворкаў атрымалі каштоўныя падарункі.

Са словамі шчырай удзячнасці за працавітасць і жаданне памнажаць прыгажосць да ўсіх прысутных звярнуліся дэпутат сельскага Савета Валянціна Аркадзьеўна Саўген, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Зоя Мікалаеўна Дубіна. Стараста вёскі Дубоўцы  сардэчна падзякавала Уладзіміру Сцяпанавічу Пашкуцю, які кожнаму, хто не папросіць, заўсёды стараецца дапамагчы. Пазычае свайго каня: агарод апрацаваць, з’ездзіць куды-небудзь. Быў адзначаны і вясковы ўмелец з залатымі рукамі Іван Аляксандравіч Токар. Чалавек гэты з добрай душой, таксама ніколі не адмаўляе ў дапамозе іншым. Калі хто звернецца да яго – пакідае свае хатнія справы на потым, ідзе то электраабсталяванне паправіць, то раму ў акне зашкліць, то дзвярны замок адрамантаваць.

Затым пад кіраўніцтвам Вольгі Казіміраўны Харлінскай моладзь Дорскага Дома культуры дала цудоўны канцэрт. Пасля ўсіх прысутных запрасілі за святочна накрыты стол, аб якім паклапаціліся І. І. Нехвядовіч і Р. Б. Іваноўская. Свята запомнілася сваёй шчырасцю, цеплынёй.

Дзякуй усім за такія цёплыя адносіны і ўвагу да вясковых жыхароў.

Таццяна САБАЛЕЎСКАЯ,

жыхарка вёскі Дубоўцы.

 



Добавить комментарий