Хлеб свежы добры да ежы

Культура

Але ў вайну ён і сам быў ежай, людзі былі рады нават хлебнай крошцы ці скарынцы. Пра гэта ўспамінае наш даўні аўтар з вёскі Узбалаць Галіна Васільеўна Кароль.
Хлеб… Сёння мы вымаўляем гэта слова, як нешта зусім звычайнае. Падумаеш – хлеб! Ну, ляжыць на паліцах у краме рознага сорту і смаку, звычайны «цагельчык» без плёнкі і ў плёнцы, выпечаны на паду, чорны, зусім светлы і цёмны, нават на кляновых лістах. А пра белы і расказаць цяжка! Батоны, булкі, сайкі, вітушкі, рагалікі і г. д. Стаяць пакупнікі і разважаюць: гэты вось люблю, а той – не, гэты смачнейшы, а найлепш маладзечанскі ці мінскі. А «цагельчык» і купляць не хочуць. Нехта купляе для курэй, нехта для сабак, для парасят. А што хлеб дастаецца цяжкай працай, потам хлебаробаў, мала хто задумваецца.
Кароткая ў людзей памяць. А быў час, калі панаваў голад, і скарыначка хлеба станавілася сапраўдным багаццем. Ну, што тое золата? Яго не з’ясі, а хлеб – гэта жыццё. Людзі майго пакалення ў гады фашысцкай навалы зведалі страшэнны голад. Цяпер успамінаеш і думаеш, як толькі выжылі.
7 студзеня 1943 года жыхары нашай вёскі, папярэджаныя партызанамі аб карнай аперацыі фашыстаў, уцяклі ў лес. Вёска была вялікая: у адну вуліцу на 3 кіламетры, з паўночнага боку лясы, сапраўдны партызанскі край. З восені 42-га нашу тэрыторыю кантралявалі партызаны. Некалькі разоў немцы ўжо спрабавалі адправіць карнікаў у наш раён, таму мы былі гатовыя ў любы дзень пайсці ў лес. Мы – гэта жанчыны, падлеткі, нямоглыя старыя і зусім малыя дзеці. Мужчыны прызыўнога ўзросту былі мабілізаваны на фронт, а каго не паспелі прызваць, тыя пайшлі ў партызаны.
У кожнай сям’і быў прыгатваны свой «НЗ» на выпадак, калі давядзецца бегчы хавацца ў лес: бохан хлеба і кавалак сала.
Стаяў дваццаціградусны мароз. Мы дайшлі да ўрочышча, якое знаходзілася сярод балот. Насеклі яловых лапак, расклалі вогнішча. Кіраваў нашым табарам паважаны вясковец – дзед Юстын. Як цяпер бачу, як ён дастае з торбаў замерзлы хлеб, спрабуе рэзаць нажом, а нічога не атрымліваецца, і тады бярэ ў рукі сякеру і рассякае хлеб на невялікія кавалачкі, раздае яго дзецям і старым людзям. А жанчыны-маці стаяць воддаль ад вогнішча, адвярнуўшыся, быццам бы не хочуць есці. Гэта быў першы дзень нашага «партызанства», які доўжыўся 17 месяцаў, да 3 ліпеня 1944 года.
У той першы дзень блакады карнікі спалілі амаль усю вёску, а потым яшчэ абстрэльвалі з гармат, бамбілі. Карацей кажучы, знішчылі датла. Разам з дамамі згарэлі ўсе запасы мукі, збажыны, бульбы, агародніны. Справа ў тым, што наш край раўнінны, скляпы выкапаць было немагчыма, і ўвесь запас на зіму захоўваўся ў варыўнях. Не засталося нічога, пра хлеб не было і размовы. Дапамагалі партызаны: грамілі паліцэйскія гарнізоны, захоплівалі вагоны са збажыной, статкі кароў, якія фашысты рыхтаваліся адправіць у Германію. Нешта з набытых трафеяў выдзялялі і для мірнага насельніцтва.
У нашым лагеры быў млын: пад елкай стаялі жорны. І калі разжываліся зернем, то малолі яго, а дзед Юстын дзяліў на сем’і місачкамі. У каго былі дзеці, атрымлівалі большую пайку. Мне было ўжо 14 гадоў, і я выконвала ўсе абавязкі як дарослая: малола зерне, секла дровы для вогнішча, насіла ваду, дзяжурыла ля агню, пляла лапці (прайшла школу таго самага дзеда). Надзвычай цяжка было жанчынам, у якіх былі малыя дзеці, бо тыя не разумелі, чаму няма ежы, хлеба. Тады наша суседка па зямлянцы разбоўтвала на вадзе крыху мукі і пякла нешта падобнае на бліны. Яны прыгаралі, іх немагчыма было перавярнуць, бо патэльня была не падмазаная. Жанчына злавалася, горка плакала, але працягвала пячы.
Летам было лягчэй, пераходзілі на падножны корм: ягады, грыбы, вясной бярозавы сок. Бабулькі капалі карэньчыкі і варылі нейкую «бурду». Пра смак хлеба забыліся. Толькі ў снах пастаянна бачыла сваю бабулю, якая садзіла на лапату цеста і сунула яе ў печ. А потым даставала і палівала гарачай вадой, скарыначка станавілася бліскучая, і пах хлеба разносіўся па хаце… Расплюшчвала вочы і разумела, што гэта быў толькі чароўны сон.
Пасля вызвалення хлеб яшчэ доўга заставаўся раскошай. У 1947 годзе я паступіла ў Бабруйскае педвучылішча. Студэнтам выдавалі хлебную пайку. Мы яе з’ядалі, не дайшоўшы да інтэрната.
У 1965 годзе Узбалацкая школа пераехала ў новы будынак. На педсавеце калектыў прыняў рашэнне стварыць музей хлеба. Гэта павінна было стаць стрыжнем выхаваўчай работы, каб маладое пакаленне не толькі ведала цану хлебу, але і расло ў павазе да людзей працы. Групу лепшых вучняў адправілі ў Ленінград, дзе яны пабывалі на Піскароўскіх могілках, у музеі Тані Савічавай і на свае вочы ўбачылі 125 грамаў хлеба, менавіта такой была пайка ў блакадным Ленінградзе. Трэба было бачыць твары нашых дзяцей! Яны сталі сур’ёзнымі, нават суровымі. Калі слухалі аповяд былога блакадніка, дзяўчынкі плакалі.
У музеі Тані Савічавай нам падарылі копіі дзённіка дзяўчынкі, рэцэпт блакаднага хлеба. Яго толькі ўмоўна можна было назваць хлебам, мукі там было зусім мала.
Адзін з раздзелаў школьнага музея так і называўся «Хлеб і вайна». Там мы змясцілі ўсе фотакопіі, выразкі з газет, дзе не толькі блакаднікі, а і франтавікі расказвалі пра цану хлеба, якое значэнне ён меў на фронце. Выпеклі хлеб па блакаднай рэцэптуры і змясцілі той кавалачак на вагі пад шклом. Усе, хто наведваў музей, здзіўляліся, як можна пражыць, атрымаўшы такі «падмацунак» раз у суткі.
Некалькі гадоў у час летніх канікулаў у школе размяшчаўся лагер працы і адпачынку адной з мінскіх школ. Мінчане, разбэшчаныя ежай, пасля абеду выходзілі на стадыён або на двор і гулялі ў футбол, скарыстоўваючы замест шайбы ромавыя бабы. Выхавальнікі не ведалі, якія меры прымаць, пакуль мы не прывялі іх у школьны музей і не расказалі пра хлеб, проста і даступна. Слухалі ўважліва, дзяўчынкі нават плакалі. І больш такія забавы не паўтарыліся.

Галіна КАРОЛЬ,
заслужаная настаўніца школ БССР, былы дырэктар Узбалацкай васьмігадовай школы.



Добавить комментарий