
Учора ў гарадскім пасёлку Івянец быў дадзены старт маштабнай грамадска-культурнай акцыі «Мая Радзіма! Мая Беларусь!». Яна праводзіцца ў рамках Года малой радзімы і да 8 жніўня ахопіць усе рэгіёны Мінскай вобласці: жыхарам раённых цэнтраў у бліжэйшы час падораць сваю творчасць знакамітыя артысты краіны, сярод якіх эстрадны выканаўца Аляксей Хлястоў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, Алёна Ланская і многія іншыя таленавітыя спевакі.
Перад пачаткам акцыі ў гарадскім парку імя Фелікса Дзяржынскага разгарнуўся сапраўдны забаўляльны комплекс з выставамі работ знакамітых івянецкіх ганчароў і культурнай спадчыны, пунктамі грамадскага харчавання, цірамі і забаўляльнымі комплексамі для самых маленькіх.
На адкрытай сцэне градус настрою шматлікім наведвальнікам перад пачаткам акцыі павышалі мясцовыя самадзейныя мастацкія калектывы. Да прыкладу, цёпла сустрэлі жыхары гарадскога пасёлка і госці мерапрыемства земляка Аляксандра Сабалеўскага – лаўрэата шматлікіх конкурсаў і фестываляў, а таксама каларытных салістак мясцовага дома культуры. Гэта і не дзіва, бо да месца, дзе ты нарадзіўся і вырас, да яго людзей заўсёды асаблівыя пачуцці!..


А менавіта такія пасылы – любоў да малой радзімы, гонар за яе дасягненні, працоўныя і асабістыя поспехі сяброў, суседзяў – і з’яўляюцца цэнтральнай тэмай акцыі, праходзяць чырвонай ніткай праз выступленні ўсіх удзельнікаў вялікага ўрачыстага канцэрта. Такімі пачуццямі, эмоцыямі дзяліліся з івянчанамі салісты народнай студыі эстраднай песні “Сярэбраная трэль” з Жодзіна, зорка айчыннай эстрады, чароўная і кранальная Жанет, знакаміты на ўсю Садружнасць Незалежных Дзяржаў гурт “СССР”. Незалежнасць Радзімы каштоўная, а адказнасць перад ёй – святы абавязак: гэтаму навучыла Афганская вайна, праз якую прайшлі ў свой час удзельнікі творчага калектыву.


Вікторыя Алешка, Алёна Ланская, Аляксей Хлястоў, беларускі маладзёжны гурт «PROвокация» … Словы іх песень вядомы кожнаму, а таму, калі спявалі гэтыя зоркі, спявалі і ўсе гледачы. А самыя маленькія не пасаромеліся выйсці да выканаўцаў на сцэну, каб разам з імі патанчыць. Выдатна атрымалася, дарэчы. Аказваецца, не такія ўжо і недаступныя тыя, каго паказваюць па тэлевізары падчас вялікіх канцэртаў!
…Наперадзе ва ўсіх нас – новыя слаўныя дасягненні, важныя справы, інавацыйныя тэхналогіі і навуковыя адкрыцці, спартыўныя перамогі і творчыя поспехі. А разам з імі – грандыёзныя выступленні любімых артыстаў краіны. У Заслаўі і Старобіне, Любані і Старых Дарогах, Крупках і Беразіно, Стоўбцах і Снове, Смалявічах, Лагойску, Капылі, Смілавічах, Мядзелі і Радашковічах… Кола канцэртаў замкнецца 8 жніўня ў Ракаве – на той жа зямлі, якая і дала пачатак абласной акцыі. А мы разам з вамі, паважаныя чытачы, будзем сачыць за развіццём падзей.
Тэкст і фота Сяргея Садоўскага
