Адзнака ў 10 балаў за праект «Валожын без бар’ераў»

"Минщина, мы тобой гордимся!" Важное Общество

Адзнаку ў 10 балаў паставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына КАСЦЕВІЧ усім, хто рэалізоўваў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі людзям з інваліднасцю “Валожын без бар’ераў».

Нядаўна ў Валожыне адбылося ўрачыстае адкрыццё філіяла “Турыстычны і рэкрэацыйны цэнтр” ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, які размясціўся па вуліцы Набярэжнай, 6. У мерапрыемстве прынялі ўдзел высокія госці – міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Алег Семянчук, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Тамара Красоўская, старшыня райвыканкама Яўген Круковіч, старшыні праўлення ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Уладзімір Патапенка і “Адпачынак на вёсцы” Валерыя Кліцунова, дырэктар мясцовага фонду садзейнічання развіццю міжнароднага дыялога і супрацоўніцтва “Інтэракцыя” Іван Шчадрынок, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады, раённых грамадскіх аб’яднанняў, работнікі і выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, наведвальнікі дзённага аддзялення для пажылых людзей і інш.

Праект фінансаваўся Еўрапейскім саюзам сумесна з Мінскім абласным выканаўчым камітэтам. Яго партнёрамі сталі Валожынскі райвыканкам, грамадскія аб’яднанні “Беларускае таварыства інвалідаў”, “Адпачынак на вёсцы” і “Інтэракцыя”. Асноўная яго мэта – развіццё безбар’ернага турызму і ўзмацненне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю.

Мерапрыемствы па рэалізацыі праекта праводзіліся амаль пяць гадоў – з верасня 2015 года па чэрвень бягучага. Аб тым, што было зроблена за гэты час, падрабязна расказаў старшыня райвыканкама Яўген Круковіч. У прыватнасці, у Налібоцкай пушчы з’явілася экалагічная сцежка “Белакорац”, якая ўяўляе сабой фігуру бясконцасці працягласцю каля двух кіламетраў. Яе могуць наведваць людзі з рознай формай і ступенню інваліднасці. Набыты спецыяльны аўтобус для перавозкі такой катэгорыі. Пяць аграсядзіб раёна на конкурснай аснове атрымалі гранты для абсталявання ўсім неабходным. 19 аб’ектаў у раёне, якія прадстаўляюць сацыяльныя паслугі, сталі даступнымі для тых, хто мае асаблівыя патрэбнасці. І самы асноўны аб’ект – турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі з хосталам на 20 месцаў, канферэнц-залай, кухняй, санвузламі, які поўнасцю рэалізуе канцэпцыю безбар’ернага турызму ў Беларусі. Ён займае рэканструяваныя і пераабсталяваныя памяшканні ТЦСАН. Галоўнае яго прызначэнне – аказваць інфармацыйную падтрымку турыстам з інваліднасцю і прасоўваць інклюзіўны турыстычны прадукт Валожыншчыны.

Яўген Міхайлавіч выказаў падзяку ўсім, хто прымаў удзел у рэалізацыі такога маштабнага праекта.

Па словах намесніка старшыні Мінаблвыканкама Івана Маркевіча, турыстычны бізнес у Беларусі, і асабліва ў Мінскай вобласці, развіваецца даволі паспяхова. І гэта адзін са складальнікаў нашай эканомікі. На Міншчыне каля 750 аграсядзіб і аб’ектаў, якія аказваюць турыстычныя паслугі. Шмат гадоў таму Валожыншчына стала першай у стварэнні і арганізацыі такога віду адпачынку, дзякуючы якому мы знаёмім замежных гасцей з нашай краінай – а паказаць нам ёсць што! Таксама ў сталічным рэгіёне рэалізуецца многа праектаў, накіраваных на падтрымку розных катэгорый людзей, адзін з іх – “Валожын без бар’ераў”. На думку Івана Станіслававіча, ён дасць магчымасць па-іншаму зірнуць на людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Міністр працы і сацыяльнай абароны краіны Ірына Касцевіч падкрэсліла, што рэалізацыя такога сацыяльнага праекта дала магчымасць зрабіць яшчэ адзін вялікі крок у Мінскай вобласці па забеспячэнні даступнага асяроддзя. Пачатак праекта супаў са знамянальным фактам ратыфікацыі Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб правах інвалідаў. “Мы падпісаліся пад захаваннем міжнародных стандартаў і крок за крокам з 2015 года рухаемся ў гэтым напрамку, – адзначыла Ірына Анатольеўна. – Першы крок – разам з грамадскім аб’яднаннем “Беларускае таварыства інвалідаў” падрыхтавалі праект закона “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, які прайшоў ужо першае чытанне. Адзін з кірункаў у ім – стварэнне даступнага асяроддзя.

Адкрыццё турыстычнага цэнтра ў Валожыне стала прамым увасабленнем будучага законапраекта. У краіне толькі 69 працэнтаў сацыяльнай сферы маюць элементы даступнага асяроддзя. А мы ж гаворым не пра элементы, а пра стапрацэнтнае даступнае асяроддзе. Планку ўзнялі дастаткова высокую, але, я думаю, сумеснымі намаганнямі і з такой камандай, якую бачым сёння пры здачы аб’екта, – адзнака 10 балаў! Аднак гэта наша ацэнка, а калі сюды паедуць людзі, тады будзе іх ацэнка нам і нашай з вамі рабоце. Хачу выказаць падзяку ўсім, хто прымаў удзел у рэалізацыі праекта за ідэю і вынік: спадзяюся першы нацыянальны вопыт адаптацыі раёна для людзей з інваліднасцю знойдзе працяг і ў іншых рэгіёнах”.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель павіншаваў з паспяховым завяршэннем праекта, які стаў адным з найбольш аб’ёмных грантаў Еўрапейскага саюза ў гісторыі мясцовых таварыстваў у Беларусі – на яго рэалізацыю быў накіраваны амаль 1 мільён еўра. Д. Шубель заклікаў выкарыстоўваць вопыт у Валожыне і Мінскай вобласці ва ўсёй краіне.

Задаволенасць і сапраўднае захапленне сумеснай работай выказаў і старшыня ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Уладзімір Патапенка, падкрэсліўшы, што ключавым вызначэннем паспяховасці вырашэння праблем інваліднасці з’яўляецца роўнае ўключэнне гэтых людзей ва ўсе сферы жыццядзейнасці. Разам з ліквідацыяй бар’ераў, якія існуюць, неабходна рашаць праблему і стварэння ўмоў прыцягнення – інклюзіўнасці.

Пасля ўрачыстай часткі прысутныя змаглі ўвачавідкі ўпэўніцца ў высокай адзнацы працы ўсіх, хто ўвасабляў праект, наведаўшы турыстычны цэнтр. Далей госці пабывалі на экалагічнай сцежцы і ў аграсядзібе “Ганка”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ, фота Сяргея САДОЎСКАГА