Яўген КРУКОВІЧ: «За апошнія 25 гадоў наша малая радзіма значна ўмацавалася. А наперадзе – яшчэ мноства добрых спраў!»

Важное Мы говорим Общество Официально

Старшыня Валожынскага раённага выканаўчага камітэта ў інтэрв’ю газеце расказаў пра тыя набыткі, якія займела Валожыншчына за апошнія два з паловай дзесяцігоддзі, а таксама падзяліўся планамі на будучыню рэгіёну.

– Яўген Міхайлавіч, як увогуле Вы ахарактарызавалі б апошнюю чвэрць стагоддзя ў разрэзе развіцця нашага рэгіёну? Што прывялі б у прыклад?

– Азнаёміўшыся з усімі данымі і прааналізаваўшы іх, магу з упэўненасцю сцвярджаць: Валожыншчына паспяхова функцыянуе і развіваецца, умацоўваецца яе матэрыяльна-тэхнічная база, укараняюцца новыя тэхналогіі. Вось глядзіце, у 2011 годзе Валожынскі філіял Маладзечанскага малочнага камбіната правёў рэканструкцыю цэха па вытворчасці сухога абястлушчанага малака і сыроваткі. Рэалізацыя толькі аднаго гэтага праекта дазволіла павялічыць аб’ём вытворчасці з 6 да 20 тон сухіх прадуктаў. А ў сярэдзіне 2015 года была закончана мадэрнізацыя ўчастка па вытворчасці сыроў – і мы сталі атрымліваць недасягальныя дагэтуль 15 тон сыру за суткі! Між іншым, прадукцыя Валожынскага вытворчага ўчастка ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» рэалізуецца не толькі ў Беларусі, яе любяць і чакаюць у Казахстане, Кітаі, Турцыі… Поспех? Безумоўна!

Ідзём далей. У тым жа 2011-м уведзена ў эксплуатацыю гасцініца «Карона», а «Валожынскі жылкамунгас» пабудаваў і запусціў у райцэнтры станцыю абезжалезвання. У выніку гараджане атрымалі ў кватэры і дамы чыстую ваду пітной якасці. Гэта дрэнна? Лічу, што не.

Не стаяла на месцы і будаўнічая галіна. Узведзены гмахі новага будынка Валожынскага суда, яшчэ адзін пасля капітальнага рамонту перададзены на патрэбы раённага аддзела Следчага камітэта.

З 2014 па 2018 год была праведзена мадэрнізацыя гарадской лазні і кацельні, капітальна адрамантаваны інтэрнат па вуліцы Пушкіна і іншыя дамы ў самім райцэнтры.
Нельга не адзначыць, што ў кватэры жыхароў Валожына нарэшце прыйшла і гарачая вада: пры рэалізацыі першай чаргі будаўніцтва аб’екта «Мадэрнізацыя сістэмы гарачага водазабеспячэння г. Валожын» падключаны 12 дамоў у мікрараёне Папоўка.

Што яшчэ ўспомнім? А тое, што ў лістападзе 2017 года адкрыўся знакавы для ўсяго раёна аб’ект – фізкультурна-аздараўленчы комплекс.
Калі прыгадаць трохі ранейшыя часы, то абавязкова ўспомнім, як з 2002 па 2012 год будаваўся і быў уведзены ў строй новы акушэрска-гінекалагічны корпус, абсталяваны сучасным медыцынскім інструментарыем. Тады ж прайшлі капітальныя рамонты ў педыятрычным, неўралагічным, інфекцыйным аддзяленнях райбальніцы… На бягучы год, дарэчы, запланаваны рамонт у хірургічным аддзяленні, хутка спецыялісты прыступяць да выканання работ.

– Немалаважнае пытанне для любой улады – клопат пра патрэбы людзей. Забеспячэнне жыллём і стварэнне зручнасцей – адно з асноўных патрабаванняў грамадства ва ўсе часы. Якія ў Вас каментарыі будуць на гэты конт?

– А ў гэтым аспекце таксама зроблена нямала. З 2015 па 2020 год на Валожыншчыне пабудавана 240 кватэр агульнай плошчай больш за 13 тысяч квадратных метраў. У 2018-м пабудаваны два дамы: саракакватэрны па дзяржаўным заказе для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і шасцідзесяцікватэрны жылы дом сацыяльнага карыстання. У ім 20 сацыяльных кватэр і 40 арэндных. Уведзена ў эксплуатацыю больш за 22,5 тысячы квадратных метраў індывідуальнага жылля.

Акрамя гэтага, пабудавана інжынерна-транспартная інфраструктура для раёнаў індывідуальнай жылой забудовы ў вёсках Міхалова, Яршэвічы і Бузуны, у аграгарадку Ракаў і самім Валожыне.

Не ўтойваю: быў і пэўны перыяд застою, калі ніводнай башні будаўнічага крана не было відаць над нашымі населенымі пунктамі. Аднак гэта сітуацыя засталася ў мінулым, і мы з новымі сіламі прыступілі да стваральнай працы. Па праве можам ганарыцца, што ў бліжэйшым часе вырашым адну з найбольш балючых праблем івянчан: у гарадскім пасёлку завяршаем будаваць цэнтр развіцця дзіцяці. У планах адкрыць яго 1 верасня і зрабіць прыемны падарунак грамадству акурат на Дзень ведаў.

Перспектыўным напрамкам у раёне з’яўляецца развіццё індустрыі турызму. Рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў гэтым кірунку дазваляе ствараць спрыяльныя ўмовы для фарміравання эфектыўнага канкурэнтаздольнага турыстычнага рынку. На Валожыншчыне створана адпаведная інфраструктура: 14 аб’ектаў грамадскага харчавання, 3 аб’екты прыдарожнага сэрвісу, 2 гасцініцы, 6 іншых відаў размяшчэння, 1 дом паляўнічага, 3 зоны адпачынку, 1 экалагічная сцежка, 2 прычалы. Устаноўлены 10 дарожных знакаў турыстычнай інфармаванасці. Працуюць больш за 30 турыстычных маршрутаў па тэрыторыі раёна, вобласці, рэспублікі. У нас распрацаваны «Зялёны маршрут» і першы ў краіне мадэльны веласіпедны маршрут. У нас, трэба адзначыць, паспяхова дзейнічаюць 60 аграсядзіб!

Але ж не толькі сацыяльнай сферай абмяжоўваемся ў такой важнай галіне народнай гаспадаркі. За апошнія гады ўведзены ў эксплуатацыю 16 малочнатаварных ферм з сучаснымі даільнымі блокамі. Пабудаваны і працуе свінагадоўчы комплекс «Данпрод» на 60 000 галоў. У рамках рэалізацыі праграмы «Адраджэнне вёскі» з 2005 па 2010 гады на Валожыншчыне пабудаваны 12 добраўпарадкаваных аграгарадкоў з развітой інфраструктурай.

– Наш раён – сельскагаспадарчы. Як гэта галіна развіваецца сёння?

– Работа, накіраваная на нарошчванне і павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, працягваецца праз гады і вядзецца планамерна. У галіне жывёлагадоўлі, напрыклад, працягваецца мадэрнізацыя і перааснашчэнне аб’ектаў.

Возьмем канкрэтныя лічбы. Ураджайнасць рапсу ў 1994 годзе была на ўзроўні 5,4 цэнтнера з гектара, сёння ўжо дасягае 17 цэнтнераў. Зерневых тады збіралі 22,4 ц/га, у апошнія гады – да 30 ц/га. Валавы збор зерня ад 45 тысяч тон у 94-м вырас да 60 тысяч тон. Сярэднясутачныя прывагі ад 300 грамаў павялічыліся да 480, а надой малака на карову з 1900 падняўся да 4000 кілаграмаў.

Толькі за 2019 год у аграрным сектары эканомікі раёна выпушчана валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах на суму 129 млн рублёў, тэмп росту да 2018 года склаў 113,8% пры заданні 107,4%. У цэлым па раёне прагнознае заданне па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі перавыканана на 7,3 млн рублёў.

Тэмп прыросту валавой прадукцыі забяспечаны за кошт павелічэння аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі раслінаводства і прадукцыі вырошчвання свіней.

За 2019 год вытворчасць (вырошчванне) асноўных відаў жывёлы і птушкі павялічылася ў параўнанні з 2018 годам на 18,1% і склала 18,8 тыс. тон. Як бачым, вынік ёсць. А галоўнае, ёсць жаданне прымнажаць здабытае. На гэта і арыентуемся.

– Што скажаце наконт прамысловасці, сферы гандлю і грамадскага харчавання?

– Вось тут, прызнацца, не ўсё гладка. З прамысловасцю сітуацыя больш акрэсленая і праглядаюцца пэўныя перспектывы. На Валожыншчыне, як ведаеце, дзейнічаюць 5 прамысловых прадпрыемстваў – ТДА «Юлайн» у Івянцы, ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка», ААТ «Валожынскі льнокамбінат», РУП «Валожынскі жылкамунгас» і ААТ «Івянецкі завод мастацкай керамікі». Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі за студзень-май 2020 г. склаў 26340 тыс. рублёў (за аналагічны перыяд 2019 г. гэта лічба замацавалася на ўзроўні 21220 тыс. рублёў). Тэмп росту – 124,1%. Аб’ём адгружанай прамысловай прадукцыі за студзень-май бягучага года склаў 26271 тыс. рублёў. Гэта дастаткова красамоўныя рэзультаты. Не буду раскрываць усе сакрэты, але наперадзе ў нас пры стабільным выкананні намечаных планаў чакаецца расшырэнне гэтай галіны!

А вось у сферы гандлю, на вялікі жаль, даводзіцца канстатаваць шэраг праблем. Каб аптымізаваць работу Валожынскага райспажыўтаварыства і, галоўнае, не пакінуць жыхароў нашых населеных пунктаў без тавараў, мы частку аб’ектаў гандлю перадалі абласному спажывецкаму таварыству. Яшчэ адзін кірунак, па якім актыўна працуем сёння, – прыцягненне суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу для ажыццяўлення гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва. Для гэтага здаём у арэнду і прадаём неэксплуатуемыя і неэфектыўна выкарыстоўваемыя аб’екты, развіваем іншыя формы рознічнага гандлю, у тым ліку праз Інтэрнэт. Паўтаруся: галоўнае для нас – людзі, іх камфорт і дабрабыт.

– Яўген Міхайлавіч, падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучыню Валожыншчыны. На рашэнні якіх задач засяроджана ўвага ўлады сёння?

– Давайце спачатку абазначу бліжэйшыя перспектывы. У 2020 годзе перад будаўнічым комплексам Валожынскага раёна пастаўлены задачы па павелічэнні аб’ёмаў будаўніцтва жылля, забеспячэнні будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, далейшым развіцці і мадэрнізацыі інжынерна-транспартнай інфраструктуры раёна.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў (у тым ліку шматдзетных) і маюць права на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе льготных крэдытаў і субсідый, ужо сёлета плануецца пачаць будаваць і ўвесці ў эксплуатацыю 2400 квадратных метраў жылля. Гэта ні многа ні мала – 60-, 50- і 40-кватэрны дамы толькі на тэрыторыі Валожына. Будоўлі разгорнуцца таксама ў Ракаве і Івянцы, дзе падрадчыкі ўздымуць шматпавярхоўкі на 40 і 36 кватэр адпаведна.

Па дзяржаўнай праграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» сёлета ўведзены ў эксплуатацыю аб’ект «Будаўніцтва станцыі абезжалезвання і рэканструкцыя воданапорных сетак у г. п. Івянец Валожынскага раёна. 1-я чарга будаўніцтва», вядуцца праектна-пошукавыя работы па аб’ектах «Будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў вёсцы Выганічы Валожынскага раёна» і «Будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў аграгарадку Ракаў». Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю названых аб’ектаў запланаваны на бягучы год.
Таксама ўпраўленнем капітальнага будаўніцтва ў 2020 годзе запланаваны работы па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю трох станцый абезжалезвання ў раёнах індывідуальнай забудовы. Скажу таксама, што на тэрыторыі райцэнтра з’явіцца яшчэ адзін вялікі магазін з шырокім таварным асартыментам.

Літаральна гэтымі днямі дарожнікі прыступілі да бягучага рамонту дарогі Ракаў-Івянец-Дзержынова, не кажучы пра ўжо выкананы аб’ём работ. Станоўча вырашана праблемна будаўніцтва газаправода высокага ціску ў Вішневе.

Асноўнымі ж пытаннямі, над якімі ў першачарговым парадку сёння працуе райвыканкам, з’яўляюцца будаўніцтва моста ў гарпасёлку Івянец, мадэрнізацыя гарачага водазабеспячэння г. Валожына (праектаванне другой чаргі будаўніцтва), будаўніцтва каналізацыі ў жылой забудове райцэнтра.

Увогуле, будучыня раёна – у стварэнні жылля і сацыяльна-бытавых умоў для жыхароў нашай малой радзімы, прыцягненні інвестараў для адкрыцця новых вытворчасцей і пашырэння колькасці рабочых месцаў. Мы хочам, каб людзі не мігрыравалі з рэгіёна ў пошуках працы, а мелі магчымасць атрымліваць дастойную зарплату і хацелі застацца жыць у Валожыне, гадаваць тут дзетак… Планаў, як бачыце, шмат. І ўсе яны – рэальныя.

– Дзякуй за шчырую размову.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ