Адно з галоўных свят у календары хлебаробаў прайшло на палетках ААТ «Агра-Дубінское» – гаспадаркі, якая першай у раёне прыступіла да масавай уборкі зерня.
Афіцыйны старт жніву даў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген КРУКОВІЧ. Прычым не толькі на словах, але і самым натуральным чынам: кіраўнік Валожынскай зямлі сеў за штурвал камбайна «Лексіён-510» і першы зажыначны круг зрабіў самастойна!

Сёлета ў раёне ўборачная плошча, адведзеная пад зерневыя і зернебабовыя культуры, складае 23 тысячы 121 гектар. У жніве ўдзельнічаюць 90 экіпажаў, нагрузка на адзін камбайн складае 263 гектары. Пры спрыяльным надвор’і і захаванні плануемай дзённай выпрацоўкі ў 1080 га на ўсю кампанію спатрэбіцца 21 дзень.
2660 гектараў з агульнай ураджайнай плошчы прыходзяцца на палеткі ААТ «Агра-Дубінское». Згодна з распрацаваным рабочым планам, ва ўборачнай кампаніі тут удзельнічаюць 12 камбайнаў, на адвозцы зерня з палёў задзейнічаны 8 машын, у тым ліку 6 велікагрузных «МАЗаў». На прэсаванне саломы накіраваны 5 «МТЗ-82» з агрэгатамі, вызначана і тэхніка, з дапамогай якой рулоны будуць адгружаны, звезены і складзіраваны. Адным словам, у дбайнага гаспадара любая справа рупіцца, а ў гэтым сельгаспрадпрыемстве на вынік працуе цэлая каманда прафесіяналаў! Таму пры спрыяльным надвор’і і спраўнай рабоце механізмаў дубінцы могуць разлічваць на важкі каравай. Гэта ж адзначыў у сваім выступленні і кіраўнік раённай вертыкалі ўлады. Яўген Міхайлавіч пажадаў усім аграрыям Валожыншчыны багатых намалотаў і хлебных рэйсаў.
Перад прысутнымі выступіў таксама першы намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Чычкін, а кіраўнік гаспадаркі Генадзь Каспяровіч у адказ запэўніў: вопытныя і працавітыя работнікі прыкладуць усе сілы, каб сабраць вырашчаны хлеб да апошняга зернетка.




…Колькі б ні бываў на полі, а кожны раз – як першы. Аж захоплівае дух, калі пад музыку і песні, радасныя позіркі сваякоў герояў жніва загудуць магутныя рухавікі і сельгасмашыны роўнымі шарэнгамі ўрэжуцца ў яравы клін… Плёну і сіл вам, рупліўцы Валожынскай зямлі!
Сяргей САДОЎСКІ, фота аўтара