БЯСПЕЧНАЕ ЛЕТА

Закон и порядок

Як паведамілі з прэс-службы Упраўлення ДАІ, за два летнія месяцы ў вобласці адбыліся 22 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх пацярпелі 23 дзіцяці. Аналіз здарэнняў паказвае, што дзеці недастаткова абучаны правілам паводзін на праезнай частцы, а ў некаторых выпадках трагедыі адбыліся па віне дарослых.

На жаль, бяда не абышла і наш раён. 22 чэрвеня пад калёсы праязджаючага аўтамабіля “Жыгулі” трапіў адзінаццацігадовы хлопчык, жыхар горада Мінска, які знаходзіўся на адпачынку ў вёсцы Выганічы. Хлопчык цэлымі днямі катаўся на веласіпедзе па вуліцы, хоць, згодна з Правіламі, на гэтым відзе транспарту без суправаджэння дарослых можна ездзіць толькі з 14 гадоў. І пацярпеўшы, і яго бацькі, відаць, выпусцілі такі важны момант з-пад увагі. І хоць устаноўлена, што ў аварыі вінаваты вадзіцель легкавушкі, але доля віны ляжыць і на бацьках дзіцяці. У выніку наезду хлопчык атрымаў цяжкія траўмы, якія патрабуюць доўгатэрміновага лячэння.

На 41-м кіламетры аўтатрасы Мінск-Гродна, каля кафэ “Лясное” ў выніку дарожна-транспартнага здарэння пацярпела трынаццацігадовая дзяўчынка, якая на той момант адпачывала ў аздараўленчым лагеры “Палачанка”. Дзяўчынка пераходзіла праезную частку па пешаходнаму пераходу, але не ўлічыла той факт, што машыны імчаць па шашы на высокай хуткасці. Яна літаральна кінулася ў аўтамабільны паток. Адзін вадзіцель паспеў прытармазіць, а вось другому не ўдалося…

Вуліца – зона павышанай небяспекі, пастарайцеся гэта ўнушыць дзецям, як і тое, што нават у пешаходнай зоне неабходна быць абачлівым і пільным.

Але пра асцярожнасць часам забываюцца і самі дарослыя. Ледзь не кожны трэці вадзіцель ігнаруе рамяні бяспекі, бацькі малалетніх дзяцей не ўстанаўліваюць у салонах аўтамабіляў спецыяльныя дзіцячыя аўтакрэслы… Такія правапарушэнні класіфікуюцца як адміністрацыйныя і караюцца штрафам у памеры ад адной да двух базавых велічынь.

Як даказвае сусветны вопыт, ігнараванне рамянёў бяспекі можа каштаваць жыцця вам ці вашаму дзіцяці.

29 ліпеня прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Ніжэй хуткасць – менш праблем!”, а вось узмоцнены характар службы супрацоўнікаў ДАІ захаваецца да канца летніх канікулаў. Шырока будуць прымяняцца вымяральнікі хуткасці “Арэна”. Гэты аўтаматычны рэгістратар фатаграфуе нумар машыны і фіксуе яе хуткасць, а даныя перадае па Інтэрнэту інспектару. Адлегласць ад пункта назірання і да пункта фіксацыі можа дасягаць трыццаці кіламетраў (раней не перавышала двух).

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий