800 тон цукерак у месяц, каля 300 рабочых месцаў

Главное

Такія планы ставяць перад сабой вытворцы ТАА “Кандытарская фабрыка “ІНТЭГРА”, што ў Івянцы.

Зменны майстар Анжаліка БУЙКО, укладчыкі-ўпакоўшчыкі Таццяна ГАНЧАР, Алёна ДАНІЛЕНКА і Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ

Амаль год СП ААТ “Івкон” не працавала. Па рашэнні суда ішоў працэс ліквідацыі – яго прызналі банкротам. А пасля прыйшоў інвестар і вырашыў адрадзіць вытворчасць. Узначаліў калектыў Аляксей КРАМСКОЙ. З верасня 2019 года фабрыка адчыніла свае дзверы пад новай назвай: пачалі прыводзіць усё ў парадак – памяшканні, абсталяванне, набіраць людзей. Канвеер жа па выпуску салодкай прадукцыі наладзіўся з 1 снежня – не грандыёзнымі тэмпамі, а паступова пачалі павялічваць выпуск цукерак. І зараз у наваколлі па вуліцы Прамысловай, 42 ізноў гудуць машыны, ідзе салодкі прыемны водар…

На сённяшні дзень на прадпрыемстве працуюць больш за 110 чалавек, якія непасрэдна заняты на вытворчасці, абслуговы персанал, спецыялісты, тэхнолагі, лабаранты. Можна сказаць, што штат амаль укамплектаваны. Але хацелася б яшчэ людзей – не хапае ў асноўным простых рабочых: машыністаў загортачных паўаўтаматаў, укладчыкаў-упакоўшчыкаў, вытворцаў цукерак, карамелі і інш. Кіраўніцтва наладзіла дастаўку людзей на месца работы: ходзіць транспарт з Валожына, Пяршаяў.

Дар’ю ШАРЫПА запрасілі на пасаду галоўнага тэхнолага ТАА “Кандытарская фабрыка “ІНТЭГРА” чатыры месяцы таму. Яна скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання па спецыяльнасці інжынер-тэхнолаг і да прыезду ў Івянец адпрацавала два гады на кандытарскай фабрыцы “Чырвоны мазыранін”. Прапанова дзяўчыну прыцягнула: выклікала інтарэс гісторыя прадпрыемства – цікавыя людзі, цікавы асартымент. Працаваць падабаецца – сцвярджае, што на дадзены момант гэта досыць высокі рывок у яе прафесійнай кар’еры. Да спадобы прыйшоўся і гарпасёлак: ён спакойны, усё даступна. Безумоўна, ёсць адрозненне з роднай Гомельскай вобласцю, дзе яна нарадзілася, але, як прызналася Дар’я Сяргееўна, працуецца ёй з настроем: “У нас харошы, вясёлы калектыў, заўсёды на пазітыве, калі ж узнікаюць якія пытанні – вырашаем іх разам”.

Касцяк застаўся – працэнтаў 80 вярнуліся былыя работнікі. Зусім новых, якіх бяруць у якасці вучняў, – 15 чалавек. Сярод іх ёсць і маладыя спецыялісты, што прыбылі не па размеркаванні, а самі прыехалі сюды. Гэта галоўны тэхнолаг, майстар участка, лабаранты. І многа людзей, якія прыйшлі, нічога не ведаючы і не ўмеючы, але з жаданнем працаваць. Іх навучылі, і зараз яны паўнацэнныя члены калектыву.

На фабрыцы цяпер выходзіць з канвеера каля 30-і найменняў цукерак – у асноўным тыя, якія выпускалі дагэтуль на “Івконе”. Але задача ў тэхналагічнай службы – пашыраць асартымент, заваёўваць новыя рынкі збыту. На сённяшні дзень спажыўцамі салодкай прадукцыі з’яўляюцца Беларусь і Расія ў працэнтных суадносінах 20 да 80. У апошнія некалькі месяцаў у сувязі з эпідсітуацыяй наша суседка была поўнасцю закрыта, цяпер паступова стасункі наладжваюцца. На айчынным рынку пастаўкі ажыццяўляюцца ў буйныя гандлёвыя сеткі – магазіны “Еўраопт”, “Дабраном”, “Капеечка”, “Віталюр”, “Святлафор”, “Табакерка”.

На дадзены момант прадпрыемства працуе паўнацэнна ў адну змену – безумоўна, хацелася б у дзве. Планы – 800 тон у месяц, каля 300 рабочых месцаў, калі ўсё складзецца паспяхова і добра. Івянецкія цукеркі на рынку кандытарскіх вырабаў занялі пэўны сегмент: як па найменнях, смакавых якасцях, так і па кошце. Прадукцыя добра сябе зарэкамендавала і знайшла свайго пакупніка. Самым большым попытам карыстаюцца малочныя, жэлейныя і памадныя, але на сёння заказ ёсць і на іншыя віды прадукцыі: карамельныя, карамельныя з начынкай і з натуральнымі масламі, лікёрныя. Бясспрэчным лідарам у спажыўцоў з’яўляюцца “Слівачкі з крыначкі” і “Кароўка”.

У вытворцаў ёсць надзея, важна верыць – і тады ўсё атрымаецца. Ну а мы таксама шчыра жадаем, каб наша славутая “Івянецкая памадка”, як і калісьці, была адметнай і славілася далёка за межамі краіны.

 

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА