«Хачу ганарыцца любімай Радзімай»: Данііл Жданюк галасаваў упершыню

Главное

Васямнаццацігадовы Данііл ЖДАНЮК сёлета ўпершыню сустрэў сваё студэнцкае лета. На другі курс перайшоў, паспяхова здаўшы сесію. Вучыцца па спецыяльнасці “Правазнаўства” Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. З карысцю праводзіць і канікулы – працуе ў будаўнічым атрадзе. Разам з іншымі валожынскімі юнакамі і дзяўчатамі падтрымлівае чысціню і парадак у родным горадзе. Ды і магчымасць мець уласныя грошы Даніілу імпануе.

А яшчэ жнівень 2020 года хлопцу запомніцца важнай для ўсяго грамадства падзеяй – выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Данііл Жданюк галасуе ўпершыню. На Партызанскі выбарчы ўчастак № 4 прыйшоў адразу ж пасля працоўнай змены. Заскочыў дадому толькі памыцца і пераапрануцца – каб ва ўрачыстую і адказную хвіліну выглядаць па-святочнаму.

Як і кожны малады чалавек, Данііл марыць не размінуцца з поспехам, злавіць птушку ўдачы. Ён верыць у сваю шчаслівую зорку і хоча ганарыцца любай Радзімай. За гэта ён і аддаў свой голас.