Кіраўнік «Руні» прагаласавала датэрмінова

Важное

Кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, што працуе пры раённым Цэнтры культуры, Валянціна Францаўна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ завітала на Партызанскі выбарчы ўчастак № 4 у першы дзень датэрміновага галасавання. Выказаць сваю волю загадзя паважаная жанчына вырашыла таму, што па даўно заведзенай традыцыі дзень выбараў для работнікаў культуры заўсёды клопатны. Ён абавязкова будзе напоўнены шматлікімі перамяшчэннямі па раёне. І не дзіва, канцэртныя праграмы пройдуць на кожным участку. У іх прымуць удзел і рунеўцы.

Мы пацікавіліся ў Валянціны Францаўны яе настроем, прафесійнымі і жыццёвымі планамі. Стала вядома, што бягучы год – Год малой радзімы – прынёс вядомаму майстру слова, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі мноства цікавых сустрэч і творчых дасягненняў. Да 370-гадовага юбілею сваёй малой радзімы – вёскі Міхайлоўшчына, што на Ашмяншчыне, паэтка падрыхтавала камп’ютарны варыянт чарговага аўтарскага зборніка. Прыхільнікі таленту творцы абавязкова ацэняць больш за 30 новых вершаў на блізкую для кожнага беларуса тэматыку. Як вядома, аўтар не забывае прысвячаць поўныя шчырай любові творы і любай Валожыншчыне, на якой пражыла значна большую частку жыцця. Менавіта тут, на нашай зямлі, В. Ф. Гіруць-Русакевіч стварыла сям’ю, нарадзіла сыноў, прычакала ўнукаў, стала сапраўдным прафесіяналам у сваім прызванні. Таму галоўныя пункты ў яе асабістым спісе самых важных спраў: стварэнне дабрабыту для родных і папаўненне творчых здабыткаў. Поспеху Вам, дарагая цёзка!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара