Работа аддзела ўнутраных спраў райвыканкама за першае паўгоддзе

Закон и порядок

Работа аддзела ўнутраных спраў райвыканкама ў першым паўгоддзі будавалася на выкананні патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама іншых нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць праваахоўную дзейнасць. Асноўныя намаганні былі кінуты на папярэджанне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, ахову эканамічных інтарэсаў дзяржавы, падтрымку грамадскага правапарадку.

Агульная колькасць зарэгістраваных крымінальных учынкаў знізілася і склала 213, з іх – 150 злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Назіраецца зніжэнне і такіх злачынстваў, як прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а вось фактаў крадзяжоў зарэгістравана некалькі больш, чым летась – 124 (2010 – 122). Аднак раскрыццё крадзяжоў усіх форм уласнасці павялічылася на 8,8 працэнта.

У першым паўгоддзі бягучага года зарэгістраваны чатыры злачынствы па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, што на тры злачынствы больш, чым летась. Канфіскаваны 1,617 грама опіуму экстракцыйнага, 0,3684 грама опіуму ацэтыліраванага і 2,67 грама марыхуаны. За незаконныя пасевы і вырошчванне наркаўтрымліваючых раслін складзены 21 адміністрацыйны пратакол. Разам з тым фактаў, якія б сведчылі аб арганізацыі і ўтрыманні прытонаў для ўжывання наркотыкаў, стварэнні ўмоў для заняткаў прастытуцыяй, не выяўлена.

У эканамічнай сферы адбылося 12 злачынстваў, з якіх адно адносіцца да катэгорыі цяжкіх, чатыры – карупцыйнай накіраванасці.

Назіраецца станоўчая дынаміка па зніжэнню агульнай удзельнай вагі злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення (з 54 выпадкаў да 44).

Між тым выклікае заклапочанасць рост супрацьпраўдых дзеянняў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасці.

Сёлета зарэгістраваны рост узроўню злачыннасці сярод непаўналетніх: летась за шэсць месяцаў адбылося 5 злачынстваў, сёлета ўжо 14. У большасці выпадкаў непаўналетнія правапарушальнікі дзейнічаюць групай. Так, двое непаўналетніх навучэнцаў Валожынскага сельгасліцэя ўчынілі некалькі крадзяжоў з салонаў аўтамабіляў, другая група непаўналетніх злачынцаў пашкодзіла агароджу каля домаўладання ў вёсцы Лоск, трэцяя – украла матацыкл. Навучэнец дэкаратыўна-прыкладнога каледжа імя Кедышкі ў вёсцы Камень нанёс пацярпеўшаму цяжкія цялесныя пашкоджанні, навучэнец Беразінскага сельскагаспадарчага ліцэя займаўся махлярствам.

Станоўчыя вынікі прынеслі прафілактычныя меры, якія прымаліся з мэтай аховы грамадскага правапарадку. Так, на 6,7 працэнта скарацілася колькасць злачынстваў, якія ўчыняюцца ў грамадскіх месцах.

Па-ранейшаму адзін з самых складаных участкаў нашай работы – барацьба з самагонаварэннем, ужываннем спіртных напіткаў у грамадскіх месцах і іншымі з’явамі алкагалізацыі насельніцтва. За паўгоддзе канфіскавана 717,7 літра самагону, 16817 літраў брагі, 203,2 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці. Супрацоўнікамі міліцыі знішчана 45 самагонных апаратаў, накіраваны на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 23 асобы. Не выкаранена яшчэ і такая ганебная з’ява, як ужыванне алкаголю на працоўным месцы. Падобных правапарушэнняў сёлета выяўлена 119. Злоўжыванне алкаголем уплывае і на статыстыку сямейна-бытавых канфліктаў. За паўгоддзе да адміністрацыйна адказнасці за ўчыненне дэбошаў і скандалаў у дамах пакараны 1546 грамадзян.

Складанай застаецца і абстаноўка на дарогах. Зафіксавана амаль пяць тысяч фактаў парушэнняў Правілаў дарожнага руху, затрыманы 119 вадзіцеляў за рулём у стане алкагольнага ап’янення. Хапае сярод вадзіцеляў і тых, хто ігнаруе ў час руху хуткасны рэжым, за такое правапарушэнне пакараны 2124 чалавекі. Не заўсёды дысцыплінаванасць праяўляюць і пешаходы. Сярод іх да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 325 чалавек.

Як бачым, прафілактычныя меры і распрацаваныя супрацоўнікамі РАУС мерапрыемствы даюць магчымасць трымаць пад кантролем аператыўную абстаноўку ў раёне. Аднак застаюцца і праблемныя аспекты ў дзейнасці аддзела. Менавіта на іх у далейшым будзе акцэнтавана ўвага, каб як найхутчэй прыняць меры па іх выкараненню.

Ігар ШАКУН,

палкоўнік міліцыі,

начальнік Валожынскага РАУС.

 



Добавить комментарий