Плён абавязкова будзе!

Аграрный сектор и промышленность Главное

 

На рахунку старшага камбайнера Паўла ПАЛЕШЧУКА 1000 тон рапсу і амаль 2000 тон збожжа-2020.

Па стане на 6 жніўня ў раёне ўбраны 10092 гектары, ці 43,6 працэнта да задання, намалочана 33168 тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць зерневых культур складае 32,9 цэнтнера з гектара. Па намалоце ў тройку лідараў уваходзяць: КСУП “Валожынскае” – 6653 тоны, ААТ “Агра-Дубінское” – 5581 і КСУП “Пяршаі-2014” – 3424 тоны. Па ўраджайнасці лепшыя вынікі паказваюць у СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, дзе на круг атрымліваюць па 56,2 цэнтнера з гектара, па 37,7 цэнтнера – у ААТ “Багданаўскае”, 37,3 цэнтнера з гектара маюць у КСУП “Валожынскае”.

Надвор’е сёлета спрыяе хлебаробам: уборка ідзе поўным ходам другі тыдзень запар. У параўнанні з леташнім збажына ўрадзіла – гэта радуе і надае настрой на плённую працу. Штодзень на поле выязджаюць больш за 90 камбайнаў, у агульнай справе задзейнічаны звыш дзвюх тысяч чалавек. У такую гарачую пару на дапамогу вяскоўцам прыходзяць людзі розных прафесій: гараджане, настаўнікі і школьнікі, шэфы, прадпрыемствы і арганізацыі.

Камбайнавыя экіпажы ў складзе Івана САБАЛЕЎСКАГА і Яўгена СТАНКЕВІЧА,Руслана ХАРЛІНСКАГА і Аляксея КУЛІКА.

Задаволены ўраджаем і ў КСУП “Валожынскае”. Як расказаў галоўны аграном Дзмітрый КУЛІК, летась поўнасцю абнавілі насенны матэрыял, і зараз асобныя палі даюць ад 60 да 80 цэнтнераў з гектара – у прыватнасці, такі вынік паказалі зажыначныя кругі на насенных участках азімай пшаніцы гатунку “набат-эліта”. Увогуле плануюць, што агульны намалот збожжа ў гаспадарцы дасягне 17 тысяч тон (плюс чатыры тысячы тон у параўнанні з мінулым годам). І гэта не пустыя словы: па намалоце рапсу сёлета яны сталі другімі ў раённай зводцы, атрымаўшы 22 цэнтнеры з гектара.

Загадчыца зернясклада пугачоўскага ўчастка Надзея АСТАПАВА.
Аператар КЗС участка «Пугачы» Дзмітрый ЖОХАВЕЦ.

Уборачная плошча зерневых культур складае амаль 5 тысяч гектараў – самая вялікая ў раёне, як і само сельгаспрадпрыемства, што аб’ядноўвае тры вытворчыя ўчасткі: Дорскі, Пугачоўскі і Ракаўскі. У жніве задзейнічаны 14 камбайнаў, сярод якіх 5 “Лексіёнаў”. Летась з падтрымкай губернатара Міншчыны сюды накіравалі 6 новенькіх КЗС-1218 “Палессе GS12”. Параўноваючы аб’ёмы работ і наяўнасць машынна-трактарнага парка, тэхнікі не хапае. Таму на адвозцы заняты машыны з райаграпрамтэхнікі, аўтапарка № 14, прыватныя вадзіцелі.

Асноўныя сілы скіраваны на дорскі ўчастак, якім загадвае малады і досыць перспектыўны работнік Ілля Сяліцкі. На дапамогу прыйшлі два студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады з ліку старшакласнікаў Дорскай і Ракаўскай школ: рабяты заняты на відавой праполцы насенных участкаў, а таксама на зернескладах.

Юныя работнікі сельскагаспадарчага студатрада Ракаўскай адзінаццацігодкі.

Калі ж гаварыць пра саміх хлебаробаў, то ўсе работнікі з ліку мясцовых: працаўнікі вопытныя, адказныя і сумленныя, шчыра аддадзеныя роднай зямлі і даручанай справе. Працуюць яны без перабольшвання ад світання да змяркання. Для добрай работы ў сельгаспрадпрыемстве наладжана двухразовае гарачае харчаванне – рыхтуюць ежу ў сталовай пугачоўскага ўчастка. Работа ў КСУП “Валожынскае” насамрэч кіпіць – стараюцца ўсе, таму плён абавязкова будзе.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА