ГЕНЕРАЛ КАВЭРСКІ

Культура

Краязнавец Генадзь Антонавіч РАВІНСКІ (1933-1999), настаўнік па прафесіі, у свой час шмат зрабіў для захавання гістарычнай, культурна-этнаграфічнай спадчыны роднага краю. Ён пакінуў нашчадкам зборнік «Млын жыцця», выдадзены яго сябрамі і аднадумцамі.

Сёння мы заканчваем друкаваць адзін з нарысаў гэтага краязнаўца.

(Заканчэнне.

Пачатак у №№ 79-80, 87-88).

Было лета 1916 года. Праз Івянец праходзіла другая лінія абароны Заходняга фронту рускай арміі (камандуючы генерал Эвэрт). І калі прывезлі з Санкт-Пецярбурга ў цынкавай труне цела генерала, на пахаванне сабраліся тысячы івянчан і жыхароў навакольных вёсак, салдат і афіцэраў 10-й арміі. Многія людзі плакалі. Развітальныя гарматныя залпы страсянулі паветра. Генерала пахавалі ў касцельным склепе пад алтаром, выканаўшы яго апошнюю волю. Пахавалі ў адной з шасці ніш сямейнага маўзалея, дзе ўжо пакоілася сястра яго жонкі Аліна Тукала. З цягам часу спачылі ў сямейным склепе жонка генерала Альжбета і яе блізкія родныя. А праз некаторы час быў устаноўлены мемарыяльны знак у алтарнай частцы касцёла ў памяць аб Кавэрскіх.

…Мінула 76 гадоў з дня смерці вучонага. Імя генерала Кавэрскага было амаль забыта. Знайшліся “людзі”, якія ў шасцідзесятыя гады разбурылі пахавальню, астанкі генерала-вучонага параскідалі. Нават старасвецкі парк у Радніках, побач з адміністрацыйным будынкам калгаса “Радзіма”, цудоўны помнік садова-паркавай архітэктуры пачатку XIX стагоддзя з маляўнічымі альтанкамі, утворанымі высаджанымі па акружнасці каштоўнымі пародамі ліп, выразаецца (сёлетняй вясной выразана яшчэ дзевяць ліп). А ў гэтым парку многа разоў бывалі, часова жылі тут у сваякоў сам генерал Кавэрскі, яго сваяк адвакат, гонар і слава рускай адвакатуры Ф. М. Плявака, рускі інжынер-фартыфікатар, будаўнік крэпасці Кранштат, сваяк Кавэрскіх і Плявакаў А. І. Заржэцкі (пахаваны ў Івянцы каля Чырвонага касцёла).

Аўтар гэтых радкоў многа раз прасіў мясцовых начальнікаў захаваць парк, але ўсё дарэмна. Можа, хоць раённае таварыства па ахове прыроды, кіраўніцтва раёна прымуць некаторыя загады, каб узяць пад дзяржаўную ахову рэшткі рэдкага парку, падобнага якому няма ў раёне? Можа, касцельны камітэт Чырвонага касцёла ў Івянцы, актыўныя вернікі не без удзелу мясцовых улад перазахаваюць астанкі генерала Кавэрскага і яго родных, адновяць мемарыяльны знак у памяць слыннага вучонага? А то горка, балюча, страшна бачыць, як наўмысна нішчыцца светлая памяць аб нашым мінулым, аб сумленных і самаахвярных людзях, якія сваё жыццё прысвяцілі Дабру і Справядлівасці. Летась прыязджалі ў Івянец з Польшчы два нашчадкі Плявакаў. Адзін з іх, Станіслаў Плявака, пытаўся ў старэйшых людзей, ці захаваліся альтанкі ў былым іхнім фамільным парку ў Маскалёўшчыне (Радніках). З болем у сэрцы яны агледзелі разбураны сямейны склеп у Чырвоным касцёле…

…Я глыбока веру, што імя генерала Кавэрскага не будзе забыта. Хачу дажыць да таго дня, калі яго астанкі будуць перазахаваны і ўстаноўлены мемарыяльны знак. І я на гэту святую справу хачу першым унесці свае грашовыя ахвяраванні, у тым ліку і ганарар за гэты артыкул.

Заўвага: артыкул напісаны ў 1992 годзе.

 



Добавить комментарий